Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Плятформа» дасьледавала ўмовы працы асуджаных у калёніі-паселішчы


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Інфармацыйна-асьветніцкая ўстанова «Плятформа» працягвае праводзіць маніторынг утрымання зьняволеных у пэнітэнцыярных установах Беларусі. Апошнія дасьледаваньні валянтэраў тычацца працы і заробкаў у зоне.

«Нам стала вядома пра лёс 50-гадовага беглага асуджанага Васіля Храмовіча. Ён зьдзейсьніў уцёк з папраўчай калёніі-паселішча № 26, што ў пасёлку Гезгалы на Дзятлаўшчыне. Некаторы час таму, — расказвае супрацоўніца „Плятформы“ Алёна Красоўская, — падчас працы з усялякімі парушэньнямі тэхнікі бясьпекі гэты асуджаны атрымаў дзьве цяжкія вытворчыя траўмы, аднак не атрымаў мэдычнай дапамогі i неабходных лекаў. За лекі ён мусіў плаціць сам, бо ў матэрыяльнай дапамозе яму адмовілі. У асуджанага ж проста не было аніякіх грошай на аплату лекавых прэпаратаў. Яго заработная плата складала 100 тысяч беларускіх рублёў у месяц. А акрамя лекаў ён мусіў мець грошы і на ежу, і на гігіену, і на іншыя сьціплыя патрэбы. Сёньня гэты чалавек знаходзіцца ў вышуку.

Як ўдалося высьветліць нашым валянтэрам, сярэднія месячныя заробкі, якія атрымліваюць асуджаныя ПКП № 26, вагаюцца ў межах 100 — 250 тысяч беларускіх рублёў. Лягічна было б выказаць здагадку, што асуджаныя не працуюць, а паказчыкі 100% прыцягненьня да працы існуюць толькі ў справаздачах адміністрацыі ўстановы і ня маюць нічога агульнага з рэальным становішчам спраў. Аднак зьняволеныя сапраўды працуюць і выпускаюць прадукцыю, якая затым перапрадаецца ў краінах ЭЗ».

Хто ж такія беларускія асуджаныя — рабы ці ўсё ж грамадзяне нашай краіны, на якіх павінны распаўсюджвацца яе законы

Паводле дадзеных маніторынгу, сярод прадукцыі, якую вырабляюць асуджаныя ІКП № 26, — драўляныя эўрападдоны. За кожны такі паддон асуджаны можа зарабіць 2000 беларускіх рублёў. На рынках Нямеччыны, куды трапляе гэтая прадукцыя, адзін эўрападдон каштуе 60 эўра. Аднак калёнія не прадае сваю прадукцыю наўпрост на заходнія рынкі, што было б ёй выгадна, а, як стала вядома валянтэрам падчас апытаньняў, робіць гэта праз нейкую камэрцыйную фірму. Высьвятліць назву фірмы не ўдалося. Таму «Плятфома» зьвяртаецца да кампэтэнтных органаў Беларусі з тым, каб яны высьветлілі, што гэта за фірма, якая выдае прадукцыю вязьняў за сваю, і такім чынам пераўтварае працу асуджаных у рабскую і, зразумела, робіць сабе гэшэфт на гэтым.

Што тычыцца ўмоваў працы асуджаных, то, зарабіўшы для прыкладу ў месяц 100 тысяч беларускіх рублёў, пры шасьцідзённым працоўным тыдні, адсутнасьці якіх-небудзь правілаў тэхнікі бясьпекі і адсутнасьці спэцадзеньня, яны вымушаныя плаціць з гэтай сумы за пражываньне ў ПКП. А гэта ўжо.... крыху больш за 100 тысяч рублёў. Калі ў зьняволенага няма сваякоў ды блізкіх, якія б маглі дапамагчы яму матэрыяльна, то гэты чалавек застаецца без усялякіх сродкаў да існаваньня. Варта дадаць, што сілкавацца асуджаным калёніі-паселішчы трэба за ўласныя сродкі.

Ня менш складаная сытуацыя ў асуджаных, калі яны прыбываюць у калёнію-паселішча са звычайных папраўчых калёній. Для падтрымкі вязьню разава выдаецца матэрыяльная дапамога, у памеры ... 0,5 базавай велічыні (50 тысяч беларускіх рублёў). На гэтыя грошы асуджаны, калі ў яго няма падтрымкі на волі, павінен пражыць месяц. А праз месяц, ужо адпрацаваўшы на вытворчасьці ў ПКП і атрымаўшы заробак у 100 тысяч рублёў, абавязаны вярнуць гэтую 50-тысячную матдапамогу адміністрацыі і да таго ж аплаціць за пражываньне (крыху больш за 100 тысяч). Такім чынам, асуджаны практычна ўвесь час бясплатна працуе, застаючыся пры гэтым яшчэ і сталым даўжніком установы.

Як вынікае з маніторынгу, выпадкі, калі дарослыя мужчыны ў ПКП № 26 вымушаныя адзін-два разы на дзень сілкавацца талеркай аўсянкі, нярэдкія, бо далёка ня кожнаму дапамагаюць сваякі з волі.

«Хто ж такія беларускія асуджаныя — рабы ці ўсё ж грамадзяне нашай краіны, на якіх павінны распаўсюджвацца яе законы?» — такое пытаньне праваабаронцы «Плятформы» задаюць кіраўніцтву беларускай пэнітэнцыярнай сыстэмы.
XS
SM
MD
LG