Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Сырыі працягваюцца баі паміж паўстанцамі і ўрадавымі войскамі


Сырыйскія паўстанцы заяўляюць, што ім удалося зьбіць зьнішчальнік ўрадавых сіл МіГ-23 на ўсходзе краіны. Яны распаўсюдзілі ў Інтэрнэце відэазапіс палаючага самалёта, як сьцьвярджаецца - падбітага агнём з зямлі.

Неўзабаве урадавае сырыйскае тэлебачаньне пацьвердзіла падзеньне зьнішчальніка, але заявіла, што самалёт зьдзяйсьняў трэніровачны палёт і упаў з-за тэхнічных праблем. Пілёт катапультаваўся, вядуцца яго пошукі.

Сырыю, дзе працягваюцца жорсткія баі паміж урадавымі войскамі і паўстанцамі, у бліжэйшыя дні мае намер наведаць кіраўнік ведамства ААН па гуманітарных апэрацыях Валеры Эймас. Як заявіла сама Эймас, паездка зьвязана з «пагаршэньнем гуманітарнай абстаноўкі ў абхопленай вайной Сырыі» - яе будзе цікавіць становішча цывільнага насельніцтва як у самой Сырыі, так і ў лягерах уцекачоў у суседніх краінах.

У панядзелак прадстаўнік Сырыі ў Радзе ААН па правах чалавека ў Жэнэве Дані аль-Баадж, аб адстаўцы якога было абвешчана ў пятніцу, паведаміў аб сваім пераходзе на бок апазыцыі.

Наступнае абмеркаваньне сырыйскай праблемы ў Радзе Бясьпекі ААН вызначана на чацьвер.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG