Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нью-ёрскія беларусы прывіталі гасьцей з Беласточчыны


У нядзелю 13 жніўня ў грамадзка-царкоўнай залі на Атлянтык Авэню ў Брукліне беларусы Нью-Ёрку віталі гасьцей з Беласточчыны – сяброў Аб'яднаньня ў карысьць дзяцей і моладзі, якія вывучаюць беларускую мову (АБ-БА).

Мэта гурту, які нядаўна адзначыў сваё 15-годзьдзе -- заахвочваньне дзяцей да вывучэньня сваёй мовы. Бруклінскі аддзел БАЗА запрасіў у Нью-Ёрк групу моладзі і настаўнікаў складзе 12 чалавек.

Пра ўражаньні ад сустрэчы распавяла старшыня галоўнай управы Беларуска-Амэрыканскага задзіночаньня (БАЗА), адказны рэдактар газэты «Беларус» Ганна Сурмач.

Ганна Сурмач: «Госьці прыехалі ў Нью – Ёрк не толькі паглядзець “сталіцу сьвету”, але, найперш, паказаць амэрыканскім беларусам тое, чаму яны навучыліся на ўроках беларускай мовы. І выглядала гэта ўражліва. Цудоўнае маўленьне, глыбокае адчуваньне беларускай культурнай традыцыі. Праграма іх выступу ў Нью-Ёрку складалася з двух частак. У першай прагучала кампазіцыя з вершаў Ларысы Геніюш, чый лёс зьвязаны з тымі мясьцінамі, якія зараз непасрэдна мяжуюць з Беласточчынаю, але раней складалі адно цэлае.

Асабліва ўразіла прысутных другая частка праграмы, якая ёсьць цалкам творчым здабыткам гэтага своеасаблівага тэатральнага калектыву пад кіраўніцтвам настаўніцы Аліны Ваўранюк і старшыні АБ-БА Басі Пякарскай.

Выступ гасьцей з Беластоку

Выступ гасьцей з Беластоку

Абедзьве гэтыя жанчыны, дзеці якіх таксама удзельнічалі ў праграме, уклалі шмат душы , часу і ахвярнасьці ў працу з дзецьмі і моладдзю дзеля таго, каб выхаваць іх ва ўлоньні сваёй роднай культуры. Гледзячы на гэтых маладых людзей бачыш адразу, што гэта сапраўдная беларуская моладзь, а не артысты, якія іграюць свае ролі. Гэты другі праект мае цудоўную паэтычную, па-беларуску мілагучную назву “Ой, даўно, даўно...”. Яго аснову складаюць па мастацку пададзеныя аповяды пра жыцьцёвыя лёсы людзей, якія былі сабраныя самімі школьнікамі сярод сваіх блізкіх, сяброў і знаёмых. Гэта своеасаблівая праўдзівая гісторыя – драматычная, гераічная, а часам і трагічная, беластоцкага беларускага люду, які жыве на памежжы двух розных сусьветаў, дзе межы рэжуць па жывому, дзе ніколі няма спакою, дзе адно пакаленьне магло жыць у некалькі дзяржавах, не пакідаючы сваёй хаты. Тут улады мяняліся па некалькі разоў, але людзі жылі па-свойму, захоўваючы сваё роднае з пакаленьня ў пакаленьне. І гэтая сувязь не перапыненая да сёньня, бо ёсьць моладзь, якая падрастае на сваёй нацыянальнай глебе і разьвівае сваю культуру далей. Слёзы наварочваліся, слухаючы гэтыя жывыя аповяды, бо кожны з нас – беларусаў пазнаваў у іх абразкі з уласнага жыцьця.

Асобна варта сказаць пра цудоўнае выкананьне беларускіх народных песьняў, якім суправаджалася выступленьне. Апранутыя ў ільняное ўбраньне дзяўчаты і хлопцы і іхныя аўтэнтычныя сьпевы рабілі ўражаньне рэалаьнасьці таго жыцьця, якое бруіла ў беларускіх вёсках на Беласточчыне.
Госьці з Беластоку з нью-ёрскімі беларусамі

Госьці з Беластоку з нью-ёрскімі беларусамі


Удзячныя слухачы былі глыбока узрушаныя пабачаным і цёпла віталі артыстаў. Кіраўнічкі групы сп.сп. Пякарская і Ваўранюк са свайго боку віталі прысутных і распавялі пра іх намаганьні захаваць беларускасьць у Беластоцкім краі. Прывітаньне гасьцям даслалі Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла з Канады і дырэктар Беларускага Інстытута Навукі і Мастацтва Вітаўт Кіпель з Нью-Ёрку, які падтрымлівае даўнія сувязі з беластоцкімі беларусамі. Са словамі прывітаньня выступілі Зянон Пазьняк і айцец Леанід Акаловіч, які дабраславіў моладзь на далейшыя посьпехі у іх працы дзеля захаваньня беларускасьці ў Польшчы.

Прадстаўляла гасьцей доктар Ала Орса Рамана, яна была галоўнай адказнаю асобаю за прыём дэлегацыі і зрабіла ўсё магчымае, каб ім пачувалася ў Амэрыцы ўтульна і цікава. Спадарыня Ала згадала пра тое, што яе сяброўства з беластоцкімі беларусамі пачалося напрыканцы 80-х гадоў, калі сёньняшнія госьці яшчэ не нарадзіліся, а іх бацькі былі маладымі. Тады ўпершыню ў Беласток прыехала танцавальная група “Васілёк” з Нью-Ёрку. І тут неспадзяванкаю для прысутных сталася тое, што сп. Ала прадставіла гасьцей у беларускіх нацыянальных строях, якія аказаліся былымі танцорамі “Васілька”. Такая вось атрымалася сустрэча пакаленьняў.



На завяршэньне сустрэчы малодшым гасьцям былі падараваныя сувенірныя кубкі ад БАЗА, а старэйшым – Беларуска- ангельскія слоўнікі.

Выступ ў Нью-Ёрку быў апошнім у праграме візыту. Перад гэтым госьці выступілі 4 жніўня на Беларускім фестывалі ў Саўт Рывэры, дзе паказалі музычны спектакль “Цацачная крама” аўтарства Леаніда Дранько-Майсюка, музыка Ганны Бабік. Спектакль меў там вялікі посьпех і беластоцкую моладзь віталі вельмі сардэчна. На наступны дзень – 5 жніўня артысты прыехалі ў Гайленд Парк, дзе выступілі ў грамадзка-царкоўнай залі Беларускай царквы і таксама былі прыняты з цеплынёй і ўдзячнасьцю» - падсумавала Ганна Сурмач.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG