Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адпаведны законапраект унесены ў Вярхоўную Раду прадстаўнікамі прапрэзыдэнцкай Партыі Рэгіёнаў. Падрабязнасьці – у матэрыяле карэспандэнта ўкраінскай службы нашага радыё Яўгена Саланіны.

У Міністэрстве ўнутраных спраў загаварылі аб магчымых наступствах ператварэньня міліцыі ў паліцыю. Хоць адпаведны законапраект рэгіяналаў яшчэ застаецца на ўзроўні ініцыятывы, у міністэрстве ўжо нават пацікавіліся грамадзкай думкай: высьветлілася, што станоўча такую зьмену ацэньваюць толькі каля 20% апытаных. Адначасова ў МУС падкрэсьліваюць: галоўная мэта ператварэньня міліцыі ў паліцыю - павышэньне эфэктыўнасьці працы праваахоўнікаў. Затое некаторыя незалежныя экспэрты мяркуюць, што гаворка можа ісьці аб засваеньні расейскай мадэлі рэфармаваньня органаў унутраных спраў або аб жаданьні прадстаўнікоў улады зарабіць на замене назваў і сымболікі.

Каб стаць паліцыянтам, кожны работнік міліцыі апране новую форму, атрымае новае абсталяваньне, і заробак каля 5 тысяч грыўняў. Ён пройдзе перакваліфікацыю, а частка яго калег страцяць працу - гаворыцца ў праекце закону аб паліцыі, які цяпер разглядаецца ў камітэтах Вярхоўнай Рады. Аўтары законапраекту, дэпутаты-рэгіяналы Васіль Грыцак і Валер Канавалюк прадугледжваюць, што фінансаваньне рэформы адбудзецца перш за ўсё за кошт аптымізацыі штату МУС.

Зрэшты, ў Расеі, дзе падобны закон прынялі два гады таму, ператварэньне міліцыі ў паліцыю, паводле незалежных падлікаў, каштавала прынамсі два з паловай мільярды долараў.

Сутнасьць рэформы - не ў зьмене назвы, а ў пераўтварэньні міліцыі з рэпрэсіўнага органу постсавецкага капылу ў сучасную праваахоўную службу, галоўная мэта якой - аказаньне сэрвісных паслуг, лічыць прадстаўнік МУС Уладзімер Палішчук.

Законапраект прадугледжвае пашырэньне магчымасьцяў ужываньня зброі, а дубінкі, газ і іншыя спэцсродкі паліцыянт зможа ўжываць супраць любога грамадзяніна

«У склад паліцыі увойдуць некаторыя іншыя праваахоўныя структуры. Гэта і падразьдзяленьні МНС, і памежныя войскі, і іншыя, якія адказваюць за бясьпеку чалавека і дзяржавы, - распавядае сп-р Палішчук. - Зьмены - у працэсе абмеркаваньня, зараз дзейнічае шэсьць працоўных груп. Колькі гэта будзе каштаваць? Гаворка ідзе пра вялікую суму, але як будзе ўкараняцца рэформа і этапнасьць яе - падлічаць фінансісты дзяржавы », - адзначае ён. Чым будзе адрозьнівацца праца паліцыі ад міліцыі? Паліцыянт не толькі ловіць злачынцаў, ён абавязаны і аказваць мэдычную дапамогу пацярпелым, дапамагаць людзям, якія згубіліся. Адначасна законапраект прадугледжвае пашырэньне магчымасьцяў ужываньня зброі, а дубінкі, газ і іншыя спэцсродкі паліцыянт зможа ўжываць супраць любога грамадзяніна без выключэньняў.

«Паліцэйская рэформа ва Украіне мае на мэце не эўрапеізаваць праваахоўнікаў, а зрабіць іх падобнымі на расейскіх, і паралельна - абараніць дзеючую ўладу ад народных выступаў» - лічыць расійскі палітоляг Андрэй Окара. На думку экспэрта, у гэтай рэформе Ўкраіна мелася б арыентавацца не на Расею, а на Грузію, якая стварыла паліцыю эўрапейскага ўзору.

Палітоляг адзначае, што аўтары ўкраінскага законапраекту і прадстаўнікі МУС, якія апэлююць да расейскага досьведу, не ўяўляюць сытуацыі ў Расеі, ці гэта праява нейкага русафільства.

WВа Украіне паліцыі хочуць пакінуць функцыю абароны ўлады ад народа

«Ва Украіне паліцыі хочуць пакінуць функцыю абароны ўлады ад народа. Паліцэйскі, маючы больш паўнамоцтваў, робіцца больш грознай фігурай для шэраговага ўкраінца. Улада рыхтуецца процідзейнічаць магчымым народным выступленьняў », - дадае Андрэй Окара.

Праваабаронца Эдуард Багіраў лічыць, што ёсьць і іншыя матывы для рэфармаваньня міліцыі ў паліцыю ў Украіну - фінансавыя. «Кожны закон прадугледжвае бюджэтнае фінансаваньне. Тэндэры выйграюць адны і тыя кампаніі, і гэта датычыцца і МУС. Я мяркую, што тыя некалькі мільярдаў грывэнь пойдуць у нечыя кішэні ці ў афшор », - адзначае праваабаронца.

Законапраект «Аб паліцыі», які прапануе Партыя рэгіёнаў, прадугледжвае, што - ў выпадку яго прыняцьця - ўкраінскі міліцыянт стане паліцыянтам адразу ж пасьля ўступленьня ў сілу новага крымінальна-працэсуальнага кодэксу, гэта значыць, 19 лістапада гэтага году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG