Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Надзея Астапчук: «Будзем змагацца»


Штурхальніцу ядра зь Беларусі Надзея Астапчук у панядзелак пазбавілі залатога алімпійскага мэдаля з-за станоўчага выніку допінг-тэсту. Пра гэта паведаміў Міжнародны алімпійскі камітэт.

Цяпер золата дастанецца штурхальніцы ядра з Новай Зэляндыі Валеры Адамс.

Расейская спартоўка Яўгенія Калодка падымецца на другое месца алімпійскага п’едэстала і атрымае сярэбраную ўзнагароду замест бронзавай.

У крыві Астапчук быў выяўлены забаронены стэроід мэтэналон, што пацьвердзілі вынікі абедзвюх допінг-пробаў.

Астапчук была пратэставаная двойчы — да і пасьля спаборніцтваў.

У выніку, Астапчук цяпер мае здаць свой медаль.

Сівы: «Ведаючы Астапчук, я ня веру, што яна магла пайсьці на такое»


Астапчук: Сяджу на заспакаяльных


У інтэрвію Свабодзе Надзея Астапчук сказала, што ніякай падрабязнай інфармацыі пра пазбаўленьне залатога алімпійскага мэдаля ня мае, але рыхтуецца да супраціву такому рашэньню:

«Канечне, будзем змагацца, але пакуль не зразумела, за што і супраць каго. Таму што самі толькі што даведаліся пра такое рашэньне, але больш ніякіх падрабязнасьцяў. Думаю, запатрабуецца некалькі дзён, каб атрымаць хоць нейкую больш зразумелую інфармацыю. Навіна, канечне шокавая, цяпер сяджу на заспакаяльных. Спачатку трэба даведацца, што там і як, бо, яшчэ раз кажу, сама я проста ня ў курсе, адкуль гэта ўсё пайшло. Мяне пакуль што папросту паставілі перад фактам, але ніякіх падрабязнасьцяў ніхто не прадставіў. Таму з нашага боку нейкае рашэньне будзе прымацца, калі ўжо зьявіцца больш поўная інфармацыя. Вам дзякуй за падтрымку, мяркую, яна нам надалей вельмі спатрэбіцца».

Скандал з Іванам Ціханам і Вадзімам Дзевятоўскім


Адна з самых гучных гісторый беларускіх спартоўцаў, зьвязаных з допінгам, адбылася з кідальнікамі молата Іванам Ціханам і Вадзімам Дзевятоўскім.

На Алімпіядзе ў Пэкіне ў 2008 годзе Дзевятоўскі стаў срэбным прызэрам, а Ціхан — бронзавым.

Пра выяўленьне допінгу ў мачы абодвух спартоўцаў кіраўнік Сусьветнага антыдопінгавага агенцтва паінфармаваў прадстаўніка мэдычнай камісіі МАК у ноч на 24 жніўня 2008 году. Алімпійскі фінал у мужчынскім кіданьні молата адбыўся 17 жніўня.

Пэкінская антыдопінгавая лябараторыя выявіла ў пробах беларускіх спартоўцаў забароненае рэчыва тэстастэрон. 11 сьнежня 2008 году дысцыплінарная камісія МАК пазбавіла Дзевятоўскага і Ціхана заваяваных мэдалёў і дыскваліфікавала спартоўцаў, прычым Дзевятоўскі быў дыскваліфікаваны пажыцьцёва, бо ў 2000 годзе ўжо адхіляўся ад спаборніцтваў за ўжываньне допінгу.

У пачатку сакавіка 2009 году беларускія спартоўцы падалі ў Спартыўны арбітражны суд апэляцыю на рашэньне МАК. Абарона беларускага боку будавалася на шматлікіх парушэньнях падчас забору і аналізу пробаў, з-за чаго яны ня могуць быць прызнаныя легітымнымі.

10 чэрвеня 2010 году Спартыўны арбітражны суд у Лязане (CAS) прыняў рашэньне ў справе беларускіх кідальнікаў молата Вадзіма Дзевятоўскага і Івана Ціхана, якія абвінавачваліся ў выкарыстаньні допінгу. CAS адмяніў рашэньне Міжнароднага алімпійскага камітэту (МАК) аб дыскваліфікацыі Дзевятоўскага і Ціхана і пастанавіў вярнуць ім мэдалі Алімпійскіх гульняў-2008.

Але на гэтым гісторыя ня скончылася. За дзень да пачатку спаборніцтваў на Алімпіядзе ў Лёндане стала вядома, што Іван Ціхан ад іх адхілены. Беларуская фэдэрацыя лёгкай атлетыкі атрымала ліст зь міжнароднай фэдэрацыі з прапановай адхіліць Ціхана. У допінг-пробах, узятых у Ціхана на Алімпіядзе ў Афінах у 2004 году і на чэмпіянаце сьвету ў Хельсынкі ў 2005 годзе, выяўлены забароненыя рэчывы. Пробы захоўваюцца восем гадоў пасьля ўзяцьця. На працягу гэтага часу яны зноў правяраюцца з дапамогай новых мэтадаў выяўленьня допінгу.

***

Гэты допінгавы скандал - ня першы зь беларускімі штурхальніцамі ядра. У 2003 годзе за ўжываньне допінгу была дыскваліфікаваная на два гады алімпійская чэмпіёнка Сыднэю (2000 год) і чэмпіёнка сьвету 2001 году Яніна Карольчык. Дыскваліфікацыя, аднак, не датычылася залатога алімпійскага мэдаля.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG