Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы пасол Літвы пра АЭС, палітвязьняў і санкцыі ЭЗ


Лінас Лінкявічус

Лінас Лінкявічус

Новы пасол Літвы ў Беларусі Лінас Лінкявічюс у інтэрвію парталу DELFI патлумачыў сваё бачаньне беларуска-літоўскіх дачыненьняў.

ЭЗ ужо ня раз казаў пра тое, што залогам нармальнага дыялёгу зь беларускімі ўладамі зьяўляецца вызваленьне палітычных зьняволеных, сьцьвярджае Лінкявічюс.

Сытуацыю ў суседняй краіне ён называе неадназначнай і галоўную сваю місію бачыць у назіраньні за сытуацыяй і наладжваньні кантактаў.

Паводле яго словаў, бакі разыходзяцца ў ацэнцы пэўных працэсаў, а будаўніцтва АЭС у Астраўцы Літва ня можа ўспрымаць, як жэст добрай волі. «На жаль, пакуль што такога дыялёгу (з нагоды будаўніцтва АЭС), як мы б хацелі, не атрымліваецца. І ў гэтым павінен быць узаемная цікавасьць, у тым ліку і Расеі, паколькі яна будуе гэты аб’ект, гэта яе тэхналёгіі і фінансаваньне. Так што ўсе павінны быць зацікаўлены ў тым, каб гэты праект быў якасны, празрысты і, самае галоўнае, бясьпечны», — сказаў Лінкявічюс у інтэрвію DELFI.

Спадар пасол таксама адзначыў, што вызваленьне палітвязьняў — залог нармальнага дыялёгу з афіцыйным Менскам. «ЭЗ вылучае цьвёрдыя патрабаваньні і ўмовы, каб палітычныя зьняволеныя былі вызваленыя і рэабілітаваныя. Гэта залог нармальнага дыялёгу, пра гэта гаварылася неаднаразова, і наяўнасьць гэтай праблемы адназначна ўскладняе дыялёг», — адзначыў Лінкявічус.

Кажучы пра працу ў Беларусі, Лінкявічус заявіў: «Гэта нашы суседзі. Калі глядзець глыбей у гісторыю, то Літве — 1000 гадоў, і палову гэтага часу мы былі ў адной дзяржаве, у тым ліку і ў Вялікім княстве Літоўскім. Гэта вельмі шмат, хоць, магчыма, і не адчуваецца адразу. У нас зь беларусамі шмат агульнага, і мы абавязаны размаўляць, нягледзячы на тое, што разыходзімся ў ацэнках падзей у сьвеце і выбары шляху. Але мы павінны паважаць сваіх суседзяў»

Наконт санкцыяў Эўразьвязу да афіцыйнага Менску літоўскі амбасадар адзначыў: «На жаль, часам прыходзіцца пераходзіць на мову ўльтыматумаў і санкцыяў. І, як мы ведаем, гэта адбываецца і зараз, санкцыі ўхваленыя ў ЭЗ калектыўна і Літва таксама ў гэтым удзельнічае. Але, я думаю, гэта павінна быць крайняя мера, асабліва ў дачыненьні да суседзяў. Неабходна, каб мы маглі казаць не ўльтыматыўным спосабам, а нармальным тонам, тады наш партнэр лепш пачуе тое, што мы хочам сказаць, і мы, у сваю чаргу, пачуем яго. Так што размова ўльтыматумамі — гэта крайняя мера, якая часам ужываецца, але яна не павінна быць нормай».
XS
SM
MD
LG