Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эгіпет: палітычнае дужаньне паміж прэзыдэнтам і вайскоўцамі


Прэзыдэнт Эгіпту Мурсі (у цэнтры), фэльдмаршал Тантаўі (зьлева) і генэрал Энан (справа)
Прэзыдэнт Эгіпту Мурсі (у цэнтры), фэльдмаршал Тантаўі (зьлева) і генэрал Энан (справа)

Прэзыдэнт Эгіпту Мухамэд Мурсі адправіў у адстаўку фэльдмаршала Тантаўі — кіраўніка Найвышэйшай вайсковай рады, якая кіравала краінай пасьля скіданьня прэзыдэнта Хосьні Мубарака ў лютым мінулага году.

Прэзыдэнт таксама звольніў Тантаўі з пасады міністра абароны. Звольнены і яшчэ адзін вайсковец вышэйшага рангу — кіраўніка Генштабу генэрала Энана.

Учора ж Мурсі адмяніў унесеныя нядаўна папраўкі ў канстытуцыю, якія абмяжоўваюць паўнамоцтвы прэзыдэнта.

Сёньня прэзыдэнт Мурсі заявіў, што адстаўкі Тантаўі і Энана — «на карысьць Эгіпту». Ён высока ацаніў ўзброеныя сілы і дадаў, што цяпер войска засяродзіцца «на сьвятой справе абароны нацыі».

Фэльдмаршал Тантаўі і генэрал Энан рашэньнем прэзыдэнта прызначаныя дарадцамі кіраўніка дзяржавы.

Адзін з прадстаўнікоў эгіпецкага войска паведаміў агенцтву Reuters , што адстаўкі Тантаўі і Энана ўзгодненыя зь імі самімі. Тым ня менш пра рэакцыю саміх адстаўленых вышэйшых афіцэраў пакуль нічога невядома.

Тым часам прэзыдэнт Мурсі ўжо прызначыў пераемнікаў адстаўнікам: міністрам абароны стаў генэрал Абдэль-Фатах эль-Сісі, кіраўніком Генштабу — генерал Сайед Ахмэд. Акрамя таго, першым у гісторыі Эгіпту цывільным віцэ-прэзыдэнтам быў прызначаны вядомы судзьдзя Мухамэд Мэкі.

Пакуль невядома, ці захаваецца наагул Найвышэйшая вайсковая рада краіны, якая рэальна ажыцьцяўляла ўладу ад скіданьня Мубарака да абраньня Мурсі, і спаборнічала з Мурсі за ўладу пасьля яго абраньня.

Учора прэзыдэнт адмяніў палажэньні часовай Канстытуцыі, якія надавалі шырокія ўладныя паўнамоцтвы Вышэйшай вайсковай радзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG