Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У вас тысяча фрэндоў на Facebook ды яшчэ 300 — на LiveJournal? Вы жывяце ў Сеціве, уключаеце ноўтбук за ранішняй кавай і выключаеце ў ложку, праверыўшы пошту ды абнавіўшы статусы? І вы ўпэўненыя, што ў крытычны час гэтая процьма народу, зь якой вы штодня кантактуеце праз сацыяльныя сеткі, вам нечым дапаможа?

Надышоў час прачнуцца! Я вам раскажу гісторыю пра тое, як на мінулым тыдні насуперак жаданьню ператварыўся ў экалягічнага актывіста. Ды зладзіў грамадзянскую інтэрнэт-кампанію, што цягнулася тры дні і захапіла ўвесь мой час ды сілы. І пра тое, чым тая кампанія скончылася.

Было позна, палова на першую. З-за апошняга жнівеньскага сквару сон не прыходзіў, я бадзяўся. Раптам пачуў жаласьлівае ціўканьне, якое разносілася ад трасы. Я павярнуўся, углядзеўся, енк заціх. Пайшоў далей і зноў пачало тоненька каўкаць. Здрыгануўшыся, я ўявіў сабе раздушанага ката, які памірае ля праезнай часткі. А можа, яшчэ можна дапамагчы? Паміж волі зрабіў крок, другі — глядзець на такое не было ніякага жаданьня, аднак яно клікала так жаласна, што немагчыма было супрацьстаяць. Падышоў. Ніякага скалечанага ката. Купкі рудой, спаленай летнім сонцам травы. І тут адна з гэтых купак здрыганулася ды выдала: «мяў». Нахіліўся — жывое, але вельмі схуднелае кацяня. Скура ды косткі. Узяў на рукі — зашыпела з апошніх сіл, але ўкусіць не змагло. Кацяня амаль што нічога ня важыла. На манішцы пад галавой — каралі з блох. Вочы ў гною.

Карацей, дрэнь справа.

Патэлефанаваў у «Эгіду». Адказала заспаная жанчына. Выслухала маё знэрваванае блекатаньне ды патлумачыла: «Эгіда» — недзяржаўная арганізацыя, такія ж звычайныя людзі, як я. І што яны мне нічым не дапамогуць. «Бярыце яго да сябе. Спрабуйце ўладкаваць па знаёмых. Дзяржава яму можа дапамагчы адно хуткай сьмерцю», — сказала жанчына.

Пакуль нёс дадому (цельца бясьсільна вісела на руках), пакуль чысьціў ад блох ды мыў цёплай вадой — было адчуваньне, што зьвер зараз падохне. Вось проста дасьць дуба ад зьнясіленьня. З трох тыдняў свайго гаротнага жыцьця небарака ня бачыў ніякай ежы прынамсі тыдзень. Зь яго цякла рудая вада, усё цела было ў зямлі. Дзе твая мамка, дзівак? Дзе браты і сястрычкі? Дзе ты нарадзіўся і як ня здох?

Потым — цёплае малако з піпеткі. Першыя два каўткі — званітавала. Аднак далей пайшло прасьцей. Галаву кацянё само не трымала, ня было сіл.

Мая кошка, пабачыўшы гэтае дзіва, нават ня стала яго душыць, ня гледзячы на свой нелюдзімы характар (спроба пагладзіць заўсёды канчаецца сьвежымі драпінамі).

Ноч пацярпі, заўтра я найду яму гаспадара, — паабяцаў ёй.

Герой публікацыі ціхамірна сьпіць з кошкай, якая раніцай пачне зжываць яго са сьвету

Герой публікацыі ціхамірна сьпіць з кошкай, якая раніцай пачне зжываць яго са сьвету



І палез у Facebook. У мяне 2770 фрэндоў на «Фэйсе» і блізу да 600 чытачоў на Livejournal. Я сфоткаў кацяня, якое мірна спала побач з маёй кошкай ды напісаў заклік да фрэндоў з апісаньнем лёсу гаротніка. Асобна стварыў фотагалерэю, у якую выклаў кацяня ў розных ракурсах.

Далей пачалося самае цікавае.

Ведаеце, што рабілі мае шматлікія віртуальныя сябры?

Яны ЛАЙКАЛІ!

За першыя некалькі гадзін наступнай раніцы коцік набраў два тузіны лайкаў ды дзесяць рэпублікацыяў у розных сяброў. Адна цікавая акалічнасьць: я заклікаў фрэндоў, якія могуць прыняць жывёлу, пісаць мне ў «прыват» — каб нават калі нехта адгукнецца, астатнія ня ведалі аб тым.

Ведаеце, зь якім вынікам мы сустрэлі вечар наступнага дня? 30 лайкаў, 20 рэпублікацыяў (кожная мела свае лайкі). Фоткі рудога джыгіту пабачыла блізу 3000 чалавек.

Ведаеце, колькі прапаноў узяць жывёліну я атрымаў?

НУЛЬ!

Я зразумеў, што перабольшыў мабілізацыйную вартасьць Сеціва. Мне ж казалася, што такое «мімімі-кацянё», руды, хлопчык, тры тыдні, абавязкова знойдзе сябе прыхільніцу-гаспадыню. Але — не.

За тры дні коцік набраў 37 лайкаў і быў рэпублікаваны 27 разоў. Аднак ніхто з карыстальнікаў Facebook не наважыўся яго забраць

За тры дні коцік набраў 37 лайкаў і быў рэпублікаваны 27 разоў. Аднак ніхто з карыстальнікаў Facebook не наважыўся яго забраць



Тым часам кацянё ачуняла. Яно пачало хадзіць па пакоях, хай сабе няўпэўнена, гойдаючыся, але — хадзіць само. Кошка зразумела, што яно ня здохне, як яна думала ўчора, яно зьбіраецца жыць. Прычым — тут! На яе тэрыторыі! І пачалася вайна. Ён бяжыць да «мамкі», «мамка» на яго шыпіць, вішчыць ды зьбівае з ног лапай. Прычым з кожным разам удары робяцца ўсё болей моцныя. Трэба было эвакуаваць небараку: 12 год сужыцьця з гэтай мегерай навучылі мяне таму, што яна ніколі не саступае. Калі яна вырашыла, што кацянё тут не застанецца — заб’е, задушыць.

Яна паказальна наклала на дыван.

Кацянё тым часам хрумсьцела яе кормам, паставіўшы ўсе свае лапы ў яе талерку.

«Што я зрабіў ня так? — Пакутаваў я. — Можа ня трэба было адразу ўсяму Сеціву распавядаць пра ягоны гаротны лёс? Проста прапанаваць узяць, ды ўсё?»

Тэма павольна сыходзіла з «топаў», яе ўвесь час трэба было трымаць наверсе, аднаўляючы камэнты, бо тыя людзі, у якіх фрэндоў гэтаксама шмат, як і ў мяне, маглі проста не адшукаць навіну пра коціка ўнізе сваёй стужкі. «Ня біты, не фарбаваны! — хваліў я яго. — Пол мужчынскі, морда наглая!» Мае фрэнды адгукаліся. «Файненька!» — пісалі яны.

Яны лайкалі камэнты.

Яны рэпублікавалі статус.

Было бачна, што ўсе гэтыя людзі ставяцца да мяне вельмі прыязна, гатовыя падтрымліваць маю апэрацыю па выратаваньню кацяня ад кошкі-забойцы. Аднак яны проста ня могуць зрабіць тое, што патрэбна мне — выйсьці з «віртуала» ў «рэал». Да вечара другога дня ў мяне стварылася ўражаньне, што ўвесь гэты час я выходзіў у Астрал і камунікаваў там з бесьцялеснымі духамі. Прыемнымі, кляснымі, але — нерэальнымі. Усё, што яны могуць — камунікаваць. Лайкаць. Памнажаць камэнты. Раіць, які корм даваць небараку. І ўсё.

У гэтым — сутнасьць Сеціва.

«А што калі... — падумалася мне. — Я напішу, што мне давядзецца яго ўтапіць? Можа шок прымусіць людзей выйсьці з утульнага гета віртуальнага жыцьця?» І раптам здагадаўся, якой будзе рэакцыя: мяне пачнуць ТРОЛІЦЬ! Казаць, які я дрэнны! Забойца коцікаў! Бо гэта ж Сеціва, сынок! Ніякай іншай рэакцыі яно не прадугледжвае!

Тры дні гэтая тэма абмяркоўвалася. Коцік набраў 37 лайкаў, быў рэпублікаваны 27 разоў (галерэя — 30 лайкаў).

Я не атрымаў НІВОДНАЙ уцямнай прапановы ў Facebook (1 атрыманы мэсыдж ад прыгожай маладой кабеткі можна было хутчэй зразумець, як запрашэньне пазнаёміцца з дапамогай гэтага коціка, але мне трэба было ўратаваць істоту!)

1 прапанова была выказана ў Livejournal юзэрам зь нікам — sovka_spljushka — вялікі чалавечы дзякуй ёй за гэта!

Затое: патэлефанавалі тры сапраўдных сябра, якіх я добра ведаў у «рэале». У выніку коцік пайшоў да такога «не віртуальнага» чалавека. Які б дапамог без усялякага Facebook.

Вось мае высновы з таго, што перажыў за тры дні, пакуль спрабаваў працаваць добрым сеціўным бэтмэнам:

1. Калі вы пачынаеце грамадзянскую кампанію, што прадугледжвае сеціўную мабілізацыю, памятайце пра тое, што Facebook — надзьмуваньне пустаты. Гэта бурбалка, якая распухае ад камэнтаў, лайкаў, аднак за ёй — нічога.

2. Адзіны плён Фэйсбуку ды Livejournal у вымярэньні мабілізацыі — сувязь з тымі людзьмі, якіх ты ведаеш. У рэальным жыцьці. Калі патрэбна зрабіць так, каб 100 тваіх калегаў ці таварышаў тэрмінова даведаліся аб тваёй праблеме/ідэі ды дапамаглі — можна выкарыстаць Сеціва. Інакш — забудзьцеся пра яго!

3. Самае галоўнае. Па выніках гісторыі з коцікам, я вынайшаў новую прыказку, якую раю ўсім: «Ня май сто фрэндоў, лепш май трох сяброў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG