Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША і Турэччына абмяркоўваюць зоны, свабодныя ад палётаў у Сырыі


Дзяржсакратар ЗША Хілары Клінтан заявіла, што Злучаныя Штаты і Турэччына маюць намер пашырыць заплянаваныя апэрацыі па аказаньні дапамогі паўстанцам у Сырыі.

Выступаючы ў Стамбуле пасля перамоў зь міністрам замежных спраў Турэччыны Ахмэтам Давутоглу, Клінтан паведаміла, што абмяркоўваецца, у прыватнасьці, пытаньне аб стварэньні зонаў, забароненых для авіяпалётаў над тымі сірыйскімі тэрыторыямі, якія - паводле цьверджаньняў паўстанцаў – яны трымаюць пад кантролем. Нагадаем, аналягічныя зоны былі ўсталяваныя падчас грамадзянскай вайны ў Лібіі.

Дзяржсакратар ЗША падкрэсьліла, што ў Вашынгтона і Анкары агульная стратэгічная задача – як мага хутчэй пакласьці канец гвалту ў Сырыі і паскорыць падзеньне рэжыму прэзыдэнта Башара Асада.

Акрамя таго, Клінтан адзначыла, што Сырыя не павінна стаць прытулкам для курдзкіх ваеўнікоў-сэпаратыстаў з Турэччыны.

Ахмэт Давутоглу, са свайго боку, заклікаў сусьветную супольнасьць, больш актыўна ўдзельнічаць ва ўрэгуляваньні гуманітарнага крызысу ў сырыйскіх гарадах, якія зазнаюць інтэнсіўныя бамбаваньні і абстрэлы з боку верных Асаду войскаў.

У Турэччыну ўжо ўцяклі да 150-і тысяч сырыйцаў.
XS
SM
MD
LG