Лінкі ўнівэрсальнага доступу

11 жніўня харчовыя крамы Гомелю атрымалі малако, сьмятану, тварог па новых, больш высокіх цэнах.

Паводле пастановы Міністэрства эканомікі № 68 ад 31 ліпеня, максымальныя адпускныя цэны на малочныя прадукты нізкай тлустасьці падвышаны на 35 адсоткаў.

Пакупнікі гандлёвай крамы, разьмешчанай у «Эканоммаркеце» на вуліцы Каменшчыкава далёка не ў захапленьні ад чарговага павышэньня цэнаў на малочныя харчы.

Гаворыць 76-гадовая пэнсіянэрка, былая працаўніца заводу «Гомелькабель» спадарыня Алена:

«Я бачу, што вось цэны новыя ставяць — кожны дзень у нас штосьці даражэе. Гэта для нас вельмі цяжка, бо мы ня можам толкам нічога сабе купіць. Праблема гэта для нас, старых. Сядзім іншы раз на лаўцы ды гаруем, што ўсё даражэе й даражэе, а пэнсію мала дабаўляюць».

Прадавачка малочнага аддзелу ўдакладняе: «Толькі выстаўляем. Машыны прыйшлі, і я толькі выстаўляю малако. Гомель, Мазыр, Калінкавічы, Рагачоў — 200-300 рублёў плюс. Некаторыя — даражэй. Каштавала, напрыклад, малако 5710, а стала — 5940 рублёў».

Новыя цэны набылі таксама кефір тлустасьцю да 3,5 адсотка, тварог да 9 адсоткаў, сьмятана да 25 адсоткаў, якія ня маюць смакавых дабавак і напаўняльнікаў. Словам, уся малочная прадукцыя зь невысокім утрыманьнем тлушчу. Улады да нядаўняга часу назвалі яе «сацыяльна значнай».

Пэнсіянэр Міхаіл лічыць, што такім чынам дзяржава зь лішкам забірае шырока разрэклямаваную 17-адсоткавую прыбаўку да пэнсіі:

«Той, хто падымае пэнсіі, сваё возьме зь верхам. Назад! Нават і больш возьме, чым дабавіў. Лепш бы пэнсію не падымалі, а зьніжалі цэны на 1-2 адсоткі. Было б больш адчувальна. А што толку з гэтай дабаўкі да пэнсіі?!»

Пастановай Мінэканомікі прадугледжана: адпускная цана, напрыклад, на літр паўтарапрацэнтнага малака ў політэтыленавым пакеке падвышаецца з 1415 да 1910 рублёў. Да такой мяжы вытворцы могуць падвысіць цану сваёй прадукцыі, пастаўляючы яе гандлёвым арганізацыям. Але ў крамах яна будзе даражэйшай, бо гандлёвыя арганізацыі могуць дадаць да яе 11 адсоткаў сваёй выручкі, плюс 10 адсоткаў — падатак на даданую вартасьць. І калі малако ня ў поліэтыленавым пакеце, то да гэтага трэба прыплюсаваць яшчэ й кошт упакоўкі. Адсюль і бярэцца 35-адсоткавы рост на «сацыяльнае малако».

Падаражаньне малочнай прадукцыі невысокай тлустасьці міністэрства тлумачыць тым, што яна стала стратнай для вытворцаў.

Гамяльчук Васіль, які толькі што выйшаў з малочнай крамы, мае на гэта сваю думку: «Рэзка, рэзка павялічваюцца цэны — праблема ў эканоміцы, я так лічу. І малако, і хлеб пастаянна даражэюць».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG