Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алеся Бяляцкага пазбавілі перадачы і спатканьня


Натальля Пінчук

Натальля Пінчук

Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі атрымаў чарговае спагнаньне ад адміністрацыі бабруйскай калёніі.

На палітвязьня ўскладзеная забарона на атрыманьне прадуктовай перадачы і на кароткатэміновае спатканьне з жонкай.

Пра чарговае спагнаньне за парушэньне «правілаў паводзінаў асуджаных», якое, нібыта ўчыніў Алесь Бяляцкі, ягоная жонка Натальля Пінчук даведалася зь ліста Алеся.

Натальля Пінчук: «Пасьля 15 жніўня мы зьбіраліся ехаць да Алеся на кароткатэрміновае спатканьне. Зараз гэтае спатканьне ўжо не адбудзецца, бо ў сваёй паштоўцы ён напісаў: „Толькі што склалі чарговы акт за вынас харчоў са сталоўкі — нёс сваю скібку хлеба зь вячэры“. І за гэта яго пазбавілі магчымасьці чарговай прадуктовай перадачы і кароткатэрміновага спатканьня. Улічваючы папярэднія спагнаньні, ён пазбаўлены доўгатэрміновага спатканьня ў верасьні і вось зараз — кароткатэрміновага ў жніўні. Выглядае так, што на яго мэтанакіравана робіцца ўціск, і гэта сьведчыць таксама пра тое, што за ім пільна сочаць і пра ўсё дакладваюць адміністрацыі».

Намесьнік Алеся Бяляцкага ў праваабарончым цэнтры «Вясна» Валянцін Стэфановіч мяркуе, што пільны кантроль за Алесем Бяляцкім мае на мэце пазбавіць яго магчымасьці датэрміновага вызваленьня:

Валянцін Стэфановіч

Валянцін Стэфановіч

«Па-першае, была пастаўленая задача зрабіць яго злосным парушальнікам, каб на яго не распаўсюдзіўся закон аб амністыі. Бо ў гэтым выпадку ягоны тэрмін зьняволеньня быў бы скарочаны на адзін год. Ну, а па-другое, я не выключаю, што на яго ціснуць дзеля таго, каб Алесь напісаў прашэньне аб памілаваньні. Бо такі ціск на палітвязьняў чыніцца, і нам гэта дакладна вядома. І вядома, што на сёньня двое палітвязьняў напісалі такое прашэньне — гэта Сырамалотаў, які зьняволены па справе анархістаў, і Сяргей Каваленка — прычым напісалі даўно. Але лёс гэтых прашэньняў невядомы — цалкам паўтараецца сытуацыя з Бандарэнкам і Саньнікавым, якія напісалі прашэньні шмат раней, чым іх вызвалілі. І таму, натуральна, што гэтае пакараньне зьяўляецца вынікам перадузятага стаўленьня да Алеся Бяляцкага з боку адміністрацыі бабруйскай калёніі».

Алесь Бяляцкі асуджаны на 4,5 году зьняволеньня.
XS
SM
MD
LG