Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У пастарунку апынуліся Зьміцер Лупач, Вячаслаў Пяшко і Ганна Аземша. Зьміцер Лупач — рэдактар недзяржаўнай газэты «Прэфект-інфо». Гэта рэклямнае выданьне, якое выдаецца ў Глыбокім і распаўсюджваецца ў вакольных райцэнтрах. Журналісты Вячаслаў Пяшко і Ганна Аземша здымалі, як спадар Лупач распаўсюджвае газэту.

Паводле Лупача, усіх трох затрымалі пасьля тэлефанаваньня нейкіх «пільных грамадзян»:

«У райаддзеле міліцыі сказалі, што нехта патэлефанаваў і паскардзіўся, што распаўсюд газэты на кірмашы здымаюць на відэакамеру. Ніякага крыміналу я тут ня бачу, і сказаў супрацоўнікам міліцыі, што мяне здымалі мае сябры. Але міліцыянты на гэтым не супакоіліся: пачалі дапытваць мяне, ці зарэгістраваная гэта газэта, хто яе выдае, зь якімі мэтамі і гэтак далей».

Затрыманых адпусьцілі, узяўшы зь Зьмітра Лупача абяцаньне, што ў панядзелак ён перадасьць па факсе доказы таго, што рэклямная газэта выходзіць легальна. Дарэчы, у Шаркаўшчыне яе распаўсюджваюць ня першы год, і дагэтуль пытаньняў не было.

Газэту выдае фірма «Прэфект-інфо», заснавальнік якой — глыбоцкі актывіст кампаніі «Гавары праўду» Яраслаў Берніковіч. Ён бярэ ўдзел у парлямэнцкай выбарчай кампаніі — зьбіраецца балятавацца кандыдатам у Наваполацкай выбарчай акрузе № 25.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG