Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брусэль «падвесіў» пытаньне пра Беларусь


Камітэт Эўразьвязу ў пытаньнях палітыкі і бясьпекі на сваім паседжаньні, якое скончылася позна ўвечары 10 жніўня ў Брусэлі, заявіў, што беларуска-швэдзкі дыпляматычны канфлікт паўплывае на рашэньне Эўразьвязу адносна візавых і эканамічных санкцый супраць Беларусі. Гэта рашэньне мае быць прынятае да канца кастрычніка сёлета.

Палітоляг Алесь Лагвінец адзначае, што Брусэль у гэтай сытуацыі ўзяў своеасаблівы тайм-аўт. Экспэрт тлумачыць, чаму цяжка было чакаць, што эўрапейскае рашэньне аб’явяць адразу пасьля абмеркаваньня канфлікту:

Алесь Лагвінец
Алесь Лагвінец
«Эўрапейскі Зьвяз патрабуе супольнага салідарнага рашэньня ўсіх яго чальцоў. Яго даволі цяжка дасягнуць. Сытуацыя вельмі нязвыклая. І тут узьнікае такая дылема — альбо прымаць санкцыі супраць рэжыму, якія таксама могуць адбіцца на людзях. Альбо уцягнуць Беларусь і беларусаў у працэс, каб яны таксама зразумелі, на чым палягае пазыцыя Эўразьвязу. І вось гэтая дылема і абумоўлівае ў нечым нерашучасьць Брусэлю, калі паглядзець на ўсё гэта збоку.

Мне падаецца, што супраць такіх агрэсіўных дзеяньняў уладаў Беларусі складана штосьці зрабіць, паколькі яны ня хочуць ісьці ні на які кампраміс. Яны, па-першае, праводзяць вельмі непрыстойную прапагандысцкую кампанію. А па-другое, ужываюць рэпрэсіўныя мэханізмы супраць уласных грамадзянаў».

Пятро Садоўскі
Пятро Садоўскі
Першы амбасадар Рэспублікі Беларусь у Нямеччыне Пятро Садоўскі гаворыць, што цяпер трэба чакаць адказу зь Менску:

«Паколькі з Брусэлю мячык кінулі на беларускі бок, то цяпер трэба перачакаць, як на гэта адрэагуе беларускае кіраўніцтва. І як мне падаецца, езьдзячы па рэгіёнах Беларусі, Лукашэнка ў даволі шматслоўнай прэсавай канфэрэнцыі ўжо ўносіць новыя нюансы.

А калі шукаць вытокі, то тут усё зводзіцца да таго, што кіраўнік нашай дзяржавы хацеў бы бачыць амбасады як нейкія эканамічныя міністэрствы. Ні больш ні менш. Ён лічыць, што і нашыя амбасадары, і замежныя павінны павялічваць гандлёвы абарот, інвэстыцыі, і ўсё. А палітычны бок, ён лічыць, гэта наагул ня ёсьць прэрыгатыва амбасадараў і міжнародных зносін. Ён хоча эканамізацыі адносін. Ня больш за тое».

Вінцук Вячорка
Вінцук Вячорка
Вінцук Вячорка, сябра аргкамітэту ў стварэньні «Беларускага руху», адзначае: тое, што эўрапейцы ў самы разгар летніх адпачынкаў так апэратыўна абмеркавалі сытуацыю, ужо вялікі крок:

«Ведаючы Эўразьвяз, мэханізм прыняцьця рашэньняў, каляндарныя асаблівасьці, нельга было чакаць, што будуць прынятыя моцныя практычныя і супольныя пры гэтым захады. Лукашэнка разьлічыў усё правільна — гэта мёртвы сэзон. Абсалютная бальшыня эўрапейскіх і нацыянальных чыноўнікаў і дэпутатаў — у адпачынках. Сам факт, што яны сабраліся цягам двух дзён, гэта ўжо, я сказаў бы, паважны высілак. Гэта значыць, што і сапраўды адбылося нешта экстраардынарнае. Я бы ацаніў сам факт збору як пасыл афіцыйнаму Менску.

Зь іншага боку, усё тое, што яны абвясьцілі, — гэта ўсё словы, папярэджаньні. І мы бачым, што яны дадалі да ўмоваў прыняцьця рашэньня ўвосень, да ацэнкі выбарчай сытуацыі яшчэ і ацэнку наступных паводзінаў Менску ў гэтым канфлікце з Стакгольмам. Гэта значыць, адклалі і падвесілі сытуацыю».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG