Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Рада Эўропы заклікае Менск перагледзець рашэньне аб закрыцьці пасольства


Турб’ерн Ягланд

Турб’ерн Ягланд

Генэральны сакратар Рады Эўропы Турб’ерн Ягланд заклікаў улады Беларусі перагледзець рашэньне аб закрыцьці пасольства Швэцыі і вярнуцца да дыялёгу.

«Рашэньне прэзыдэнта Лукашэнкі аб высылцы швэдзкага амбасадара зь Беларусі за яго падтрымку дэмакратыі і правоў чалавека ў краіне ніяк не спрыяе спыненьню ізаляцыі Беларусі ад астатняй часткі Эўропы», — цытуе Ягланда прэс-служба Рады Эўропы.

Рашэньне Менску пасьля высылкі пасла «спыніць дзейнасьць швэдзкіх дыпляматаў у Беларусі толькі нанясе ўрон беларускім людзям, асабліва студэнтам і бізнэсоўцам, чые кантакты з эўрапейскімі калегамі ўскладняцца», — заявіў генсакратар Рады Эўропы.

«Гэтая сытуацыя, на жаль, дэманструе, што беларускія ўлады працягваюць зь непавагай ставіцца да базавых дэмакратычных прынцыпаў і правоў чалавека,— сказаў Ягланд. — Нішто не павінна перашкаджаць супрацоўніцтву на ўсім нашым кантынэнце і паміж усімі эўрапейцамі. Я заклікаю беларускія ўлады перагледзець сваё рашэньне і вярнуцца на шлях дыялёгу».

Пры гэтым генэральны сакратар падкрэсьліў, што Рада Эўропы, як «захавальнік дэмакратыі і правоў чалавека, працягне рабіць усё магчымае для прасоўваньня правоў чалавека і дэмакратыі ў Беларусі і павышэньня дасьведчанасьці беларускіх людзей аб эўрапейскіх каштоўнасьцях».

На мінулым тыдні Менск пакінуў пасол Швэцыі Стэфан Эрыксан, якому ўлады Беларусі адмовілі ў працягу акрэдытацыі. Дыплямата абвінавацілі ў дэструктыўнай дзейнасьці.

8 жніўня МЗС Беларусі аб’явіла аб адкліканьні ўсіх супрацоўнікаў беларускага пасольства ў Стакгольме. Швэдзкаму боку рэкамэндавана прыняць аналягічныя меры і адклікаць усіх сваіх дыпляматаў зь Менску да 30 жніўня.
XS
SM
MD
LG