Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мова для «языкоговорящих»


Ukraine -- Ukrainian language book, books, Kyiv, 23Jun2009

Ukraine -- Ukrainian language book, books, Kyiv, 23Jun2009

Чаму для ўкраінскага грамадзтва стаўленьне да ўкраінскай мовы павінна стаць пытаньнем цывілізацыйнага выбару? Што ўвасабляе сабой «расейскі сьвет»? Чаму не трэба рабіць тэму мовы вядучай тэмай выбарчай кампаніі апазыцыі? Пра гэта разважае ў газэце «Украiнська правда» Сяргей Таран.

[ Паспрабуйце замяніць у гэтым артыкуле «украінская мова» на «беларуская мова» ].

Калі асноўнай тэмай палітыкі становіцца мова, краіна губляе ў разьвіцьці

Што рабіць з моўнымі пытаньнем у грамадзтве, дзе выбарчая «грэчка» можа пераважыць і мову, і «язык»? Перш за ўсё, — гэта не рабіць тэму мовы вядучай тэмай выбарчай кампаніі апазыцыі.

Розныя экспэрты ўжо неаднаразова адзначалі, што такі сцэнар будзе адцягваць увагу выбарнікаў ад правалу эканамічных рэформаў, ад карупцыі, ад пачатку фактычнай міжнароднай ізаляцыі Ўкраіны, і падзел электарату «за» і «супраць» «мовы» матэматычна значна больш выгадна для ўлады…

Так, вядома, пытаньне мовы, як і ўсякае іншае пытаньне, якое зьяўляецца маркерам ідэнтычнасьці, сапраўднага патрыёта значна больш хвалюе, чым звычайная сацыялка.

Але ў інфармацыйных войнах выйграе ня той, хто мае рацыю, а хто здолее навязаць грамадзтву свой дыскурс, — той дыскурс, які пазыцыянуе твой бок у выгадным сьвятле і разьлічаны на большую колькасьць прыхільнікаў.

І ў гэтай выбарчай кампаніі для апазыцыі менавіта эканоміка і барацьба з карупцыяй выглядаюць адназначна больш выйгрышнымі і пэрспэктыўнымі.

Дадам толькі, што, акрамя тэхналягічнага боку, ёсьць яшчэ важнейшы стратэгічны аспэкт. Калі асноўнымі тэмамі палітыкі становяцца пытаньні ідэнтычнасьці — мова, стаўленьне да гісторыі, рэлігія — любая краіна губляе ў разьвіцьці.

Бо асноўнай матывацыяй галасаваньня ў такіх краінах зьяўляецца не прапанова або выкананьне найлепшай праграмы або харызматычны лідэр, а толькі факт, што палітык, які ўдзельнічае ў выбарах, «свой» — кажа тваёй мовай і ходзіць у тваю царкву.

Такія грамадзтвы цяжка разьвіваюцца, таму што ў палітыкаў няма ніякага стымулу нешта рабіць. Дастаткова кожны раз перад выбарамі істэрычна лямантаваць «нашых б’юць!».

Калі падчас выбараў акцэнт на моўным пытаньні і патрэбны, то гэта мае сэнс толькі ў тых рэгіёнах, дзе статус украінскай мовы як адзінай дзяржаўнай не выклікае ніякіх сумневаў. Там мабілізацыя можа мець сэнс не пад партыйнымі лёзунгамі, а з ідэяй мабілізацыі выбарнікаў і павышэньня яўкі.

Украінскую мову падтрымліваюць тыя, хто выступае за эўрапейскую мадэль дзяржавы

Пытаньне мовы трэба вывесьці па-за плоскасьць палітыкі і разглядаць на значна больш глыбокім узроўні. Для ўкраінскага грамадзтва стаўленьне да ўкраінскай мовы павінна стаць пытаньнем цывілізацыйнага выбару.

Гэта катэгарычна не павінна быць пытаньнем выбарчай кампаніі, а хутчэй пытаньнем доўгатэрміновай стратэгіі для грамадзянскай супольнасьці, экспэртных і акадэмічных асяродкаў, культурнага асяродзьдзя.

Улічваючы, што гістарычна барацьба за незалежнасьць была і барацьбой за правы чалавека, стаўленьне да ўкраінскай мовы стала маркерам стаўленьня да дэмакратыі.

…Агульная тэндэнцыя такая, што ўкраінскую мову падтрымліваюць тыя, хто выступае за эўрапейскую мадэль дзяржавы.

Характэрна, што падтрымліваць ўкраінскую мову і эўрапейскі выбар могуць і грамадзяне, якія ў побыце карыстаюцца расейскай мовай. Для іх падтрымка мовы — гэта таксама маркер цывілізацыйнага, а ня ўласна моўнага выбару.

Напрыклад, у Кіеве на вуліцах дамінуе расейская мова, але кіяўляне ў большасьці ўпарта галасуюць за нацыянальныя і дэмакратычныя партыі, якія маюць празаходні геапалітычны эўрапейскі выбар. Бо для кіяўлянаў — украінская мова — гэта больш чым мова, гэта, перш за ўсё, выбар на карысьць дэмакратыі, правоў чалавека і грамадзтва эўрапейскага ўзору.

Гэтую наўпроставую сувязь паміж украінскім мовай і цывілізацыйным выбарам трэба зрабіць асновай моўнага пазыцыянаваньня. Украінскую мову трэба падаваць «у пакеце» з базавымі прынцыпамі правоў чалавека, лібэральнай эканомікі, сацыяльнай абароны, палітычных свабодаў і годнага месца Ўкраіны ў міжнароднай сыстэме.

Але цывілізацыйны выбар значыць больш, чым проста мова, бо ён ахоплівае значна больш шырокія і больш жыцьцёвыя сфэры маўклівай большасьці насельніцтва. Гэта і ўмовы працы на вытворчасьці, і годная ня скрадзеная інфляцыяй пэнсія, і больш эфэктыўная мэдыцына, і сумленныя судзьдзі, і абарона правоў уласнасьці для інвэстараў, і эўрастандарты ў ахове навакольнага асяродзьдзя і многія іншыя пытаньні, якія зьяўляюцца практычным вынікам эўрапейскага выбару.

І менавіта з дапамогай гэтых пытаньняў можна прабіцца да тых, каму ўкраінская мова абыякавая. І тады гэта стане толькі пытаньнем зьмены пакаленьняў, калі стаўленьне да мовы пяройдзе ў валоданьне мовай.

І гэтую бітву можна выйграць.

Украіну з «расейскім сьветам» зьвязвае толькі мінулае

Калі браць шырэй, то «пакет» з расейскай мовай больш слушна называць «расейскім сьветам», які зараз прапагандуе Крэмль. Але галоўная праблема «расейскага сьвету» ў тым, што ў самой Расеі маецца крызіс ідэнтычнасьці.


Па-першае, у Расеі агульная доля тытульнага насельніцтва мае тэндэнцыю да памяншэньня. Брытанскі часопіс Economist адзначае, што мусульманскае насельніцтва Расеі за апошнія 20 гадоў павялічылася на 40% і сёньня складае 25 мільёнаў.

Такім чынам, паводле некаторых ацэнак, да 2015 года мусульмане могуць складаць большасьць навабранцаў расейскай арміі, а да 2020 года — складуць пятую частку насельніцтва Расеі, прычым у некаторых рэгіёнах — складуць большасьць.

Але сапраўдны крызіс расейскай цывілізацыйнай ідэнтычнасьці ў Расеі выяўляецца ў тым, што ў яе няма выразнага ладу будучыні. Чым будучыня ў складзе «расейскага сьвету» лепшая, чым у складзе ЭЗ?

Якія перавагі расейскай эканомікі над кітайскай, японскай ці амэрыканскай? У чым канкурэнтныя перавагі дзяржавы Расея ў сьвеце? У чым ідэалягічная навізна «расейскага сьвету», і ці ёсьць яна наогул?

Што чакае Расею гадоў праз 20–30? Нарэшце, а чым цікавая Расея для будучыні Ўкраіны — для нашай эканомікі, палітыкі, грамадзтва?

Ні на воднае пытаньне няма адказу.

Расейская ідэнтычнасьць ў крызісе, і Ўкраіну з «расейскім сьветам» зьвязвае толькі мінулае. Аднак, у нас няма ніякай агульнай выразна артыкуляванай будучыні.


Калі ЭЗ прыцягвае ўкраінцаў эфэктыўнымі дзяржаўнымі інстытутамі, павагай правоў чалавека і рыначнай эканомікай з выразным сацыяльным вэктарам, а таксама пасьпяховым прыкладам краінаў былога Варшаўскага дагавора, то Расея можа толькі спэкуляваць на настальгіі па вычварным савецкім мінулым.

Адсюль і сотні расейскіх фільмаў пра «Айчынную вайну» і раз на год у траўні георгіеўскія стужачкі.

Наогул, ва Ўкраіне сэнсавая карціна «расейскага сьвету» выглядае даволі страката — перамолваньне гісторыі ў крамлёўскай інтэрпрэтацыі, бясконцыя сэрыялы пра ісламскіх тэрарыстаў, вечныя перамовы аб цане на газ і пакутлівыя доўгія канцэрты з Кіркоравым, Баскавым і Маісеевым.

Усё гэта занадта мала для таго, каб скласьці для Ўкраіны цывілізацыйны кірунак разьвіцьця. Украінская мова, пры гэтым, дзякуючы нязграбным дзеяньням рэгіяналаў, становіцца закладнікам гэтага безнадзейнага цывілізацыйнага выбару, і менавіта так яна зараз павінна пазыцыянавацца ў грамадзтве.

Расея страціла ідэю будучыні і ня можа супрацьстаяць ні дынамічным эканомікам Азіі, ні рэспэктабельным заходнім дэмакратыям…

Нічога страшнага, калі ня ўсё, хто гэты выбар будуць рабіць, гавораць на ўкраінскай


Таму для Ўкраіны выбар вельмі адназначны — рэформы эўрапейскага ўзору, або спробы стварыць свае самабытныя дэмакратычныя інстытуты, якія могуць прадугледжваць нэўтральны і пазаблёкавы статус.

Не ўдаючыся ў дыскусіі адносна таго, які варыянт больш пэрспэктыўны, адзначу, што абодва варыянты пазыцыянуюць Украіну па-за «расейскім сьветам» і прадугледжваюць ўкраінскую мову як адзіны дзяржаўны і як абавязковы сымбаль ўкраінскай палітычнай нацыі…

… Нацыю, наогул, нельга зьвесьці толькі да паняцьця мовы. Мова — гэта адзін зь яе маркераў. Але нацыя — гэта, перш за ўсё, дзейсны сацыяльны міт, цэласнае ўяўленьне пра грамадзтва і цывілізацыі і месцы ў гэтых цывілізацыях ўласнай палітычнай супольнасьці.

Ірляндцы, фактычна, страцілі сваю мову і размаўляюць на мове свайго адвечнага канкурэнта — брытанцаў. Што не перашкодзіла ім доўгія гады аказваць ўзброены супраціў у Ольстэры і лічыцца адной з найбольш нацыяналістычных супольнасьцяў у сьвеце.

Расьсеяныя па ўсім сьвеце габрэі гавораць на розных мовах, але гэта не перашкаджае ім адчуваць ляяльнасьць да дзяржавы Ізраіль і мець такую салідарнасьць, што некаторыя нават палохаюць сьвет іх «змовай».

Ва Ўкраіне мова павінна стаць, перш за ўсё, цывілізацыйным выбарам. І нічога страшнага, калі ня ўсё, хто гэты выбар будуць рабіць, гавораць на ўкраінскай.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG