Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брусэль пакуль не зьбіраецца адклікаць паслоў зь Менску


Кэтрын Эштан

Кэтрын Эштан

Мы атрымалі праект рэзалюцыі, якую сёньня мае прыняць Камітэт у пытаньнях палітыкі і бясьпекі ЭЗ у Брусэлі па выніках абмеркаваньня сытуацыі, зьвязанай зь беларуска-швэдзкім дыляматычным канфліктам.

Вось яе зьмест:

Камітэт у пытаньнях палітыкі і бясьпекі Эўразьвязу:

— сустрэўся, каб абмеркаваць сытуацыю ў Беларусі, у тым ліку адпаведныя захады Эўразьвязу, пасьля рашэньня беларускіх уладаў Беларусі выдварыць амбасадара Швэцыі і спыніць дыпляматычны статус астатніх дыпляматаў:

— выказаўся ў падтрымку заявы ад 3 жніўня, выдадзенай высокай прадстаўніцай Кэтрын Эштан, у якой яна выказала сур’ёзную заклапочанасьць;

— пагадзіўся, што амбасадары Беларусі павінны быць выкліканыя ў міністэрствы замежных справаў краінаў-сябраў Эўразьвязу і ў Эўрапейскую службу зьнешнепалітычнай дзейнасьці дзеля таго, каб атрымаць пазыцыю ЭЗ у гэтых адносінах;

— падкрэсьліў прыхільнасьць ЭЗ для мадэрнізацыі Беларусі і распаўсюджаньня эўрапейскіх каштоўнасьцяў, у прыватнасьці, дэмакратыі, правоў чалавека і прынцыпаў прававой дзяржавы;

— выказаў імкненьне ЭЗ працягваць і паглыбляць сваю супрацу і падтрымку грамадзянскай супольнасьці і ўдзельнікам дэмакратычнага руху ў Беларусі;

— адзначыў, што ЭЗ мае намер перагледзець свае абмежавальныя захады ў дачыненні да Беларусі да 31 кастрычніка 2012 года, і пагадзіўся, што пры ацэнцы больш шырокага кантэксту адносін паміж ЭЗ і Беларусьсю, апошнія падзеі вакол амбасадара Швэцыі будуць таксама ўзятыя пад увагу.



Праект рэзалюцыі Эўразьвязу камэнтуе палітоляг Аляксандр Класкоўскі:

Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі

«Па-першае, відавочна, што абвастрэньне дыпляматычных дачыненьняў паміж Беларусьсю і Стакгольмам прыпала на разгар адпачынкаў, а таму там проста няма кворуму палітыкаў высокага ўзроўню, якія маглі б прымаць рашэньне кардынальнага характару. Таму зараз і такое прамежкавае рашэньне. А калі глядзець шырэй, то Эўразьвяз зараз ня мае вялікага намеру ісьці зараз нейкай вайной на „апошнюю дыктатуру Эўропы“, бо пераканаліся, што абвастрэньне не прыводзіць да дэмакратызацыі краіны. І адначасна, відаць, ёсьць спадзяваньне, што ў Менску кіраўнікі ацьверазеюць, суцішаць канфлікт са Швэцыяй і гэта ня выйдзе на чарговы ўзровень дыпляматычнай вайны паміж Эўразьвязам і Беларусьсю».

Пачаткам міждзяржаўнага дыпляматычнага канфлікту сталася адмова афіцыйнага Менску працягнуць акрэдытацыю амбасадару Швэцыі ў Беларусі Стэфану Эрыксану. Пра гэта стала вядома 3 жніўня, а ўжо 8 жніўня Міністэрства замежных спраў Швэцыі заявіла аб высылцы са Стакгольму двух беларускіх дыпляматаў. Беларусь у сваю чаргу запатрабавала швэдзкаму прадстаўніцтву ў Менску зрабіць тое ж да 30 жніўня. Супрацьстаяньне разгарэлася пасьля так званага «плюшавага дэсанту»: 4 ліпеня лёгкаматорны самалёт швэдзкай піяр-кампаніі Studio Total несанкцыянавана праляцеў над тэрыторыяй Беларусі, скінуўшы над Івянцом і Менскам каля 800 плюшавых мядзьведзікаў на знак пратэсту супраць парушэньня правоў і свабодаў у Беларусі. Аляксандар Лукашэнка заяўляе, што высылка Стэфана Эрыксана зьвязана ня з цацачным дэсантам, а з тым, што ён, нібыта, «на чале пятай калёны хадзіў» і «разбураў кожны пазытыў у адносінах Швэцыі і Беларусі». Аднак усе, хто знаёмы зь дзейнасьцю швэдзкага амбасадара абураныя гэтымі заявамі.

Марыя Мартысевіч

Марыя Мартысевіч

Намесьніца старшыні беларускага ПЭН-цэнтру Марыя Мартысевіч:

«У адрозьненьне ад беларускай улады, спадар Эрыксан не дзяліў пісьменьнікаў на правільных і няправільных. Сярод ягоных сяброў-партнэраў, якія рэдагавалі і выдавалі разам зь ім кнігі, былі як прадстаўнікі дзяржаўных выдавецтваў, так і прадстаўнікі недзяржаўных. Гэты чалавек быў абсалютна дэмакратычным. Праз працу швэдзкай амбасады і спадара Эрыксана, праз праекты, якія яны прывозілі, як Беларусь Швэцыі, так і Швэцыя Беларусі сталі бліжэй».

Дыпляматычны канфлікт праходзіць на тле іншых падзеяў, зьвязаных з швэдзкім «плюшавым дэсантам». 31 ліпеня Аляксандр Лукашэнка вызваліў ад займаных пасадаў і пакараў вымовамі шэраг высокапастаўленых чыноўнікаў. Яшчэ раней, 13 ліпеня, быў затрыманы і зьмешчаны ў СІЗА КДБ журналіст Антон Сурапін, які зьмясьціў у інтэрнэце здымкі швэдзкіх мядзьведзікаў, а таксама рыэлтар Сяргей Башарымаў, які здаваў у арэнду кватэру швэдзкім удзельнікам акцыі падчас іх знаходжаньня ў Менску. Зараз ім выстаўлена абвінавачваньне паводле Крымінальнага кодэксу і абодвум пагражае да 7 гадоў турмы. Незалежныя журналісты распачалі акцыю салідарнасьці з затрыманымі, фатаграфуючыся з плюшавымі цацкамі — «мядзьведзікамі-парашутыстамі» — зьмяшчаючы здымкі ў інтэрнэце. За гэта фотакарэспандэнтка Юлія Дарашкевіч і журналістка Ірына Козьлік былі зьвінавачаныя ў недазволеным пікетаваньні і пакараныя трыма мільёнамі штрафу кожная.

Алесь Лагвінец

Алесь Лагвінец

Чым матываваныя такія дзеяньні ўладаў, камэнтуе палітоляг Алесь Лагвінец:

«Я думаю, што гэта злосьць, помста і спроба хоць неяк паправіць свой імідж, які яны доўга будавалі і які грунтуецца на ідэалягічных канструкцыях: улада ўсёмагутная ўнутры Беларусі, улада бароніць сябе і Расею ад магчымага заходняга агрэсара. А тое, што адбылося 4 ліпеня, моцна закранае самалюбства правіцеля гэтай улады».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG