Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Белыя плямы» ў справе скалечаных бакланаў


Belarus – Barbaric destruction of gannets' beaks. Vitebsk region, 19Jun2012

Belarus – Barbaric destruction of gannets' beaks. Vitebsk region, 19Jun2012

Суд Чашніцкага раёну прызнаў 30-гадовага мясцовага жыхара Вадзіма Калодкіна вінаватым у масавым калецтве маладых бакланаў на Лукомскім возеры.

Яму прысуджаны штраф за зьдзек над птушкамі і за нанясеньне шкоды прыроднаму навакольлю. Аднак адмыслоўцы лічаць, што судзьдзя Марына Дробыш недастаткова дасьледавала акалічнасьці гэтае справы.

Работнік мясцовага рыбгасу Вадзім Калодкін і падчас сьледзтва, і на судзе прызнаў сваю віну. Ён распавёў, што 16 чэрвеня лавіў рыбу на Лукомскім возеры, і што яму заміналі бакланы. Таму ён пачаў лавіць птушанят-падлёткаў, біць іх галовамі аб дрэвы або адкручваць галовы. Потым, палічыўшы птушак мёртвымі, ён адразаў ім наддзюбкі.

Скалечаных птушак 17 чэрвеня знайшоў мясцовы арнітоляг Віталь Кашчэеў, які выступаў у судзе сьведкам. Ён перакананы, што адзін чалавек наўрад ці справіўся б з бакланамі, нават маладымі, бо гэта моцная птушка. Але падсудны не прызнаўся, ці быў зь ім нехта яшчэ, кажа спадар Кашчэеў:

Аднаму чалавеку зрабіць гэта немагчыма! ...

«Думаю, ён шкадуе, што ўзяў усё на сябе. Я казаў у судзе, што аднаму чалавеку зрабіць гэта немагчыма! Але да маіх словаў не прыслухаліся — відаць, там усё было вырашана загадзя. А сума штрафу вялікая. Адзін рабочы рыбгасу нават сказаў: «Ён цяпер возьме ды засіліцца праз гэты штраф»...

Суд аштрафаваў Вадзіма Калодкіна на 2,5 мільёны рублёў паводле адміністрацыйнага артыкулу за жорсткае абыходжаньне з птушкамі, і на 20 мільёнаў 760 тысяч рублёў за зьнішчэньне бакланаў і іхных гнёздаў.

Прычым падсудны прызнаў, што скалечыў усяго 6 бакланаў. Але абвінавацілі яго за 28. І гэта яшчэ ня ўся блытаніна зь лічбамі. Афіцыйныя СМІ пісалі, што скалечаных птушак лавілі і ўсыплялі, каб пазбавіць ад пакутніцкай сьмерці з голаду. А на судзе высьветлілася іншае, працягвае арнітоляг Вадзім Кашчэеў:

«Аказваецца, не 10 птушак утылізавалі, а толькі 4. І пра ўсыпленьне гаворкі не было — ім проста скручвалі галовы. А на наступны дзень увогуле ніводнай не злавілі, а пісалі, што 15. Потым казалі, што знайшлі мёртвымі 28 птушак, і на гэтым сышліся. Гэта ліпавая інфармацыя. Птушкі „сталі на крыло“, разьляцеліся і загінулі. Іх магло быць ад 50 да 70 штук».

З адрэзанымі наддзюбкамі птушкі ня могуць здабываць ежу, тлумачыць арнітоляг. І ў той самы час дзюба баклана зьяўляецца «трафеем», за які ў рыбгасах даюць грошы, бо баклан абвешчаны шкоднікам, які зьнішчае рыбу.

У рыбгасе, дзе працуе Вадзім Калодкін, разводзяць карпа. У міліцэйскім пратаколе напісана, што Калодкін меркаваў атрымаць грошы за забітых бакланаў. Аднак на судзе ягоныя матывы належным чынам дасьледаваны не былі, лічыць кіраўнік грамадзкай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Віктар Фянчук:

«Суд, я мяркую, не высьветліў у належнай ступені прычыны таго, навошта чалавек гэта зрабіў. На судзе ён казаў, што проста так, а ў міліцэйскіх пратаколах напісана, што з карысьлівых меркаваньняў. Ня высьветліў суд да канца, якім чынам выплачваецца ў рыбгасе ўзнагароджаньне. І ўвогуле наўрад ці ён зрабіў гэта адзін. Але суд і гэта не высьвятляў, бо той узяў на сябе ўсю віну».

Віктар Фянчук кажа, што вялікі штраф за скалечаных птушак — гэта хоць нейкая гарантыя таго, што падобнае больш не паўторыцца. Але арнітоляг Віталь Кашчэеў адзначае, што ў судовай залі амаль не было мясцовых жыхароў, калі не лічыць удзельнікаў працэсу — сьведкі з боку падсуднага і прадстаўнікоў Лукомскага сельсавету ды Чашніцкай інспэкцыі навакольнага асяродзьдзя. Верагодна, таму, што ў мясцовым друку пра гэтую справу амаль не пісалі, і нават у колькі пачнецца суд, да апошняга не было вядома.

У падсуднага не было адваката, а увесь працэс па справе, якая выклікала шырокі розгалас у грамадзтве, у Чашніцкім райсудзе скончылі амаль за гадзіну.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG