Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларусы ў Лёндане: найгоршы вынік за дваццаць гадоў


Гімнастка Любоў Чаркашына адна з апошніх беларускіх надзей на мэдаль

Гімнастка Любоў Чаркашына адна з апошніх беларускіх надзей на мэдаль

За два дні да заканчэньня Алімпійскіх гульняў у скарбонцы зборнай Беларусі 10 мэдалёў. Гэта ў 2,5 разы меней, чым загадала прывезьці зь Лёндану вышэйшае кіраўніцтва краіны.

На меркаваньне экспэртаў, беларусы яшчэ здольныя пазмагацца за 2-3 узнагароды, але нават пры такім раскладзе мэдальны плян будзе выкананы толькі напалову. Прэзыдэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэту Аляксандар Лукашэнка, якому брытанскія ўлады адмовілі ў прысутнасьці на спаборніцтвах, ужо прыгразіў разборкамі за алімпійскі правал.

Аляксандар Лукашэнка раскрытыкаваў выступ беларусаў на Алімпіядзе і паабяцаў сур’ёзныя аргвысновы — па аналёгіі зь нядаўнімі чысткамі ў сілавым структурах, кіраўнікі якіх пасадамі адказалі за швэдзкі самалёт-парушальнік. Між тым, Лукашэнка перакананы, што супраць беларусаў мае месца змова, якая выявілася ў неапраўданым адхіленьні ад спаборніцтваў малатабойца Івана Ціхана, засуджваньні штангісткі Настасьсі Новікавай, баксёра Сяргея Карнеева, змагароў вольнага стылю і г.д.:

«Вялікія малайцы тыя, хто насамрэч малайцы. Але ж ёсьць у нас і не малайцы.
Я гляджу на гэтых макаўскіх начальнікаў: чаму яны ня ўмешваюцца ў гэта? Ходзяць, пальцы растапырыўшы, грошы на гэтым зарабляюць, зьнішчаючы спартоўцаў і прыніжаючы дзяржавы ...

На жанчынах няма чаго выяжджаць. Вось два мужыкі і тое толькі срэбны мэдаль заваявалі. А ўсё прызвычаіліся на жанчынах выяжджаць. І з гэтым будуць вельмі сур’ёзныя разборкі, як ужо было з вайскоўцамі. Але яшчэ пра спорт. Умовы, правілы барацьбы ў спорце зьмяняюцца пад судзьдзю, пад чыноўніка, каб умяшацца, і на гэтым зарабіўшы грошы, кагосьці загубіць, кагосьці выкінуць. Спорт карумпаваны. Я гляджу на гэтых макаўскіх начальнікаў: чаму яны ня ўмешваюцца ў гэта? Ходзяць, пальцы растапырыўшы, грошы на гэтым зарабляюць, зьнішчаючы спартоўцаў і прыніжаючы дзяржавы, якія туды прыяжджаюць. Вось у чым праблема».

Беларускія спартоўцы нямала наракаюць, што стаўленьне да іх на вялікіх спаборніцтвах, сапраўды, не заўсёды адэкватнае. Але прычыну бачаць ня столькі ў беспакаранасьці спартовых чыноўнікаў, колькі ў слабой лабісцкай працы ўласных прадстаўнікоў у міжнародных фэдэрацыях. Так, алімпійскі чэмпіён у цяжкай атлетыцы Леанід Тараненка абураны, што падчас судзейскай «расправы» над Настасьсяй Новікавай прамаўчаў беларускі прадстаўнік ў цяжкаатлетычных структурах, двухразовы алімпійскі чэмпіён Аляксандар Курловіч:

«Курловіч — віцэ-прэзыдэнт Эўрапейскай фэдэрацыі цяжкай атлетыкі, і ён жа ўзначальвае нейкую камісію ў Міжнароднай фэдэрацыі. Але, як сказаў мне
Трэба змагацца, але ў нас няма каму змагацца ...

адзін змагар, у якога „залаты сьвісток“ і вельмі вялікі стаж, „у вас жа ніхто не працуе з судзьдзямі“. Тое, што ён значыцца ў тых двух фэдэрацыях — гэта нам „да трубы“. Ён езьдзіць за кошт Міністэрства спорту і турызму на ўсе спаборніцтвы, але ён там — ніхто. Гэта больш, чым крыўдна. Ну, як жа так? Нібыта ёсьць свой чалавек, але абсалютна не вядзецца праца. Няма кантакту зь людзьмі, таму што ўсюды жывыя людзі, усюды памыляюцца. Так, можна было першы падыход не залічыць — няхай сабе, памыліліся. Але калі яна выходзіць, дадае 6-8 кіляграмаў, і як салдат, як робат практычна ідэальна падымае — і гэта не залічваць? Вось гэта і ёсьць недапрацоўка з судзьдзямі на 100%. Таму што чалавечы фактар — велічыня ўсё ж зьменлівая. Трэба змагацца, але ў нас няма каму змагацца. Бо ўсе як той Курловіч: уткнуўся носам у адно месца, і абы яго толькі не выгналі адтуль, абы толькі быць пры справах. Атрымлівае нейкія капейкі за гэтае судзейства, і больш яго нічога не цікавіць. А за дзяржаву, за краіну — ніякіх дзеяньняў».

Бронзавы прызёр алімпіскіх гульняў, дыскабол Васіль Капцюх сумняваецца, што гэтым разам зборнай Беларусі ўдасца паўтарыць вынік Пэкіну, дзе было здабыта 19 мэдалёў, але верыць, што на адзнацы 10 мэдальны ўраджай не спыніцца:

«Складана па прагнозах нешта казаць, але ўсё роўна, як і любы спартовец, я з аптымізмам настроены да апошняга. Павінны яшчэ нас беларусы парадаваць,
Калі ўсіх падводзіць пад нейкі ідэал, то пры мэдалях былі б усе, а хтосьці ж мусіць урэшце прайграць ...

таму што ўсё адно людзі будуць змагацца, а калі змагаесься, то сваёй мэты ў выніку дасягаеш. Канечне, не сабралі той мэдальны „ўраджай“, на які спадзяваліся, але ж так проста ў спорце нічога не даецца. Я, прыкладам, вельмі спадзяваўся на штурхальніка ядра Пашу Лыжына. Бо, як па маіх адчуваньнях, ён цалкам мог пазмагацца. На жаль, не атрымалася. Але на многіх, канечне, спадзяесься, што будзе ідэальны зьбег абставінаў. Праўда, калі ўсіх падводзіць пад нейкі ідэал, то пры мэдалях былі б усе, а хтосьці ж мусіць урэшце прайграць. І ўсё ж я спадзяюся, што ў самы адказны старт людзі могуць зьдзівіць ня толькі сябе, але зьдзівіць і ўвесь сьвет. На гэта спадзяюся да апошняга. Таму што гэта Алімпіяда, для кожнага атлета — самы адказны этап у спартовай біяграфіі».

ХХХ летнія Алімпійскія гульні ў Лёндане могуць стаць для беларускай каманды самымі правальнымі ў незалежнай гісторыі. Дагэтуль найменш ураджайнымі былі Алімпіяды ў Атланце-1996 і Атэнах-2004, дзе беларусы здабылі па 15 узнагародаў. У Сыднэі-2000 на рахунку зборнай Беларусі было ўжо 17 мэдалёў, а ў Пэкіне-2008 быў пастаўлены рэкорд — 19 прызавых месцаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG