Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Якія праекты фінансуе Эўразьвяз у Беларусі


Нягледзячы на ​​фактычную адсутнасьць супрацы паміж Менскам і Брусэлем у палітычнай сфэры, ЭЗ выдаткаваў больш за 40 мільёнаў эўра фінансавай дапамогі Беларусі ў 2012–2013 гадах. Куды і на што ідуць гэтыя грошы? Гэта высьвятляў карэспандэнт Deutsche Welle.

Беларусь атрымлівае ад ЭЗ фінансавую дапамогу на рэалізацыю розных праэктаў у рамках праграмы «Усходняе партнэрства», якая фінансуецца ENPI (Эўрапейскі інструмэнт партнэрства і суседзтва), і з шэрагу іншых крыніцаў. У 2012–2013 гадах падтрымка Менска Брусэлем сфакусаваная на двух кірунках: эфэктыўнае кіраваньне і разьвіцьцё кантактаў паміж людзьмі, а таксама мадэрнізацыя ў сацыяльна-эканамічнай сфэры. Аднак для рэалізацыі праектаў тэхнічнай дапамогі ЭЗ у Беларусі існуе шэраг бар’ераў.

Нягледзячы на перашкоды

«Па-першае, з-за празьмернай цэнтралізацыі пры прыняцьці рашэньняў у Беларусі зацягваюцца тэрміны ўзгадненьня і запуску праектаў. Па-другое, супрацоўнікі беларускіх міністэрстваў не зацікаўленыя ва ўдзеле ў дадзеных праграмах», — тлумачыць Алена Арцёменка, аўтар дасьледаваньня «Як павысіць эфэктыўнасць выкарыстаньня тэхнічнай дапамогі ЭЗ у Беларусі».

Па словах Арцёменкі, аналітыка Беларускага інстытута стратэгічных дасьледаваньняў (BISS), іншыя сябры «Усходняга партнэрства», напрыклад Армэнія, Грузія і Азэрбайджан, праводзяць больш мяккую зьнешнюю палітыку, і таму ў іх атрымліваецца прыцягнуць больш эўрапейскіх сродкаў.

«Калі б ўмовы ў Беларусі былі больш спрыяльнымі, праектаў было б нашмат больш», — упэўненая экспэрт. Зрэшты, яна не адмаўляе, што дапамога паступае і зараз. Агулам Брусэль вылучыў на 2012–2013 гады на праграмы, што рэалізуюцца ў Беларусі, 41,5 мільёна эўра. Што ж менавіта фінансуецца на грошы эўрапейскіх падаткаплатнікаў?

Памежная інфраструктура і разьвіцьцё турызму

Эўразвяз надае вялікую ўвагу пытаньням эфэктыўнай аховы межаў. У рамках праграмы транспамежнага супрацоўніцтва «Літва-Латвія-Беларусь» з 1 красавіка 2012 вядзецца будаўніцтва і аснашчэньне сучасным абсталяваньнем пункта пропуску «Грыгараўшчына» на беларуска-латвійскай мяжы, а таксама памежнага пераезду «Прывалка» на беларуска-літоўскай мяжы.

На кожны з гэтых двух праектаў ЭЗ выдаткаваў па 2,5 мільёна эўра. Брусэль таксама ўдзельнічае ў фінансаваньні мадэрнізацыі памежных пераходаў на мяжы Беларусі з Украінай і Польшчай.

Акрамя таго, ЭЗ падтрымлівае разьвіцьцё беларускага турызму. Адна з найбольш буйных па аб’ёме фінансаваньня праграмаў у гэтай сфэры накіраваная на павелічэньне прывабнасьці памежных рэгіёнаў Беларусі, Літвы і Латвіі. ЭЗ выдаткаваў 1,6 мільёна эўра на правядзеньне там турыстычных кірмашоў, паляпшэньне інфраструктуры і павышэньне кваліфікацыі пэрсаналу.

Адукацыя і сацыяльная абарона

Зараз ЭЗ стаў больш актыўна дапамагаць беларускім студэнтам. У канцы 2011 году стартавала праграма «Адкрытая Эўропа». Яна дазваляе атрымаць на год стыпэндыю 1000 эўра ў месяц для навучаньня ў ВНУ адной з краін ЭЗ. Бюджэт праграмы на пяць гадоў — каля 4 мільёнаў эўра. У рамках праграмы студэнцкага абмену Erasmus Mundus студэнты 11 беларускіх унівэрсытэтаў могуць разьлічваць на атрыманьне стыпэндыі для навучаньня на працягу аднаго сэмэстра за мяжой.
Эўразьвяз фінансуе і шэраг праграмаў па падтрымцы мігрантаў і ўцекачоў у Беларусі, Малдове і ва Ўкраіне. З пачатку 2012 года ЭЗ выдзяляе сродкі на сэмінары і кансультацыі, адукацыйныя праекты і моўныя курсы для мігрантаў у розных беларускіх гарадах. Усяго на гэтыя мэты Брусэль вылучыў тром краінам 9,7 мільёна эўра.

Энэргетыка і абарона навакольнага асяродзьдзя

Энэргетычная сфэра — таксама адзін з прыярытэтаў. Так, для падтрымкі ў Беларусі палітыкі, накіраванай на павышэньне энэргаэфэктыўнасьці, ЭЗ выдаткаваў 5 мільёнаў эўра. Яны будуць выдаткаваны у тым ліку і на кансультацыі па пытаньнях энэргазьберажэньня і разьвіцьця альтэрнатыўных крыніц энэргіі. Атрымальнікамі дапамогі зьяўляюцца міністэрства энэргетыкі і міністэрства эканомікі Беларусі.

Актыўна супрацоўнічае з Брусэлем і міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя. У галіне экалёгіі ЭЗ аказвае дапамогу Менску па трох кірунках: абарона агульных рачных басэйнаў, перапрацоўка сьмецьця і захаваньне разнастайнасьці відаў жывёл. Напрыклад, 1,2 мільёна эўра выдзелена на стварэньне экспэрымэнтальнага ўчастка для вытворчасьці біямасы з забалочаных тарфянікаў.

Не засталіся без увагі і пытаньні раззбраеньня. Так, на ваеннай базе ў горадзе Рэчыца за грошы ЭЗ будуецца прадпрыемства па зьнішчэньні боепрыпасаў. На ім да траўня 2013 году трэба будзе ўтылізаваць 3,4 мільёна супрацьпяхотных мінаў. Выдаткі, якія складуць агулам 3,9 мільёна эўра, цалкам паступаюць з казны ЭЗ.


Падтрымка грамадзянскай супольнасьці

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў сьнежні 2010 года Эўразьвяз вырашыў узмацніць падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасьці. На гэтыя мэты і, у прыватнасьці, на дапамогу сем’ям грамадзянаў, якія пацярпелі ад рэпрэсіяў з боку ўладаў, Эўракамісія выдзеліла 20 мільёнаў эўра. А ў сакавіку 2012 года ЭЗ абвясьціў аб пачатку праграмы «Дыялёг па мадэрнізацыі Беларусі», задуманай як інструмэнт падтрымкі беларускай грамадзянскай супольнасьці.

У справаздачы аб дзейнасьці ЭЗ у Беларусі, апублікаваным у канцы ліпеня, у разьдзеле «Правы чалавека, дэмакратызацыя і грамадзянская супольнасьць» пералічаныя праграмы, накіраваныя, напрыклад, на падтрымку валянтэрскага руху, дзяцей-сірот, састарэлых і інвалідаў.

Аўтар дасьледаваньня аб тэхнічнай дапамозе ЭЗ у Беларусі Алена Арцёменка не бачыць нічога дзіўнага ў адсутнасьці ў гэтым сьпісе палітычных праэктаў.

«Любыя фінансавыя паступленьні з-за мяжы ў Беларусі кантралююцца міністэрствам эканомікі. Усё, што тычыцца правоў чалавека ці палітыкі, будзе адкінутае, такія прапановы проста не прапусьцяць», — падсумоўвае Арцёменка.

XS
SM
MD
LG