Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ахмадзінэжад падаў у суд на расейскую «абаронку»


Махмуд Ахмадзінэжад і Уладзімір Пуцін
Махмуд Ахмадзінэжад і Уладзімір Пуцін

Іран падаў пазоў у Трацейскі суд Жэнэвы на «Рособоронэкспорт» ў сувязі са зрывам паставак зэнітна-ракетных комплексаў С-300.

Расея гатовая пазбавіць Іран міжнароднай падтрымкі па ядзернай праблеме, калі Тэгеран не адклікае пазоў, памер якога складае 4 млрд даляраў, піша «Коммерсант».

Крыніца газэты ў расейскім урадзе назвала іранцаў «няўдзячнымі», паколькі яны ня цэняць пасьлядоўнае адстойваньне іх ядзерных амбіцый Масквой на міжнароднай арэне. З-за «непрыгожай» гісторыі з падачай пазову і адмовы іранскіх уладаў адклікаць дакумэнт Масква зробіць больш жорсткай пазыцыю, пераводзячы яе з судовай ў палітычную плоскасьць, адзначыў суразмоўца выданьня.

Да наступнага пасяджэньня «шасьцёркі» міжнародных пасярэднікаў, прызначанага на канец жніўня, Масква паспрабуе ўрэгуляваць праблему, адправіўшы ў Тэгеран ўрадавую дэлегацыю. Калі пазоў ўсё ж ня будзе адкліканы, «Іран на сусьветнай арэне будзе дамаўляцца па ядзерных пытаньнях самастойна», падкрэсьліў суразмоўца газэты.

У сваю чаргу ананімны прадстаўнік МЗС РФ пацьвердзіў, што дыпляматам дадзена ўказаньне ў дыялёгу з іранцамі прытрымлівацца вышэйзгаданага курсу. У той жа час пакуль Масква спадзяецца дамовіцца з Тэгеранам «палюбоўна і пазасудова», заявіў яшчэ адзін суразмоўца выданьня ў Крамлі.

Як вядома, Масква да гэтага часу выступала супраць прыняцьця дадатковых жорсткіх санкцый у дачыненьні да Ірана і за вырашэньне ядзернай праблемы праз перамовы. Аднак Злучаныя Штаты і іх прыхільнікі па выніках апошняга раўнда перамоваў «шасьцёркі» у Маскве, які не прынёс ніякіх вынікаў, адкрыта загаварылі аб немагчымасьці знайсьці дыпляматычнае рашэньне вострага пытаньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG