Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Парфянкоў папрасіўся ў Глыбокае да Дашкевіча


Васіль Парфянкоў

Васіль Парфянкоў

Палітвязень Васіль Парфянкоў напісаў заяву, каб адбываць пакараньне ў Глыбокім (Віцебская вобласьць).

9 жніўня міліцыя забрала Парфянкова, каб ён пачаў адбываць прызначанае судом пакараньне.

«Некалькі дзён ён будзе знаходзіцца ў Менску — гэта можа быць турма на Акрэсьціна, альбо ізалятар на вуліцы Валадарскага. Пасьля яго павінныя этапаваць. Ёсьць некалькі варыянтаў, дзе ён можа адбываць пакараньне: Ваўкавыск, Глыбокае, Жодзіна. Я ведаю, што ён пісаў заяву, каб адбываць пакараньне ў Глыбокім. Куды яго накіруюць, стане вядома днямі», — паведаміла «Свабодзе» Наста Лойка, прадстаўніца праваабарончага цэнтру «Вясна».

Папраўчая ўстанова № 13 у Глыбокім мае сярод зьняволеных рэпутацыю самай закрытай калёніі ў Беларусі. Адрозна ад іншых беларускіх калёніяў, дзе вязьні могуць больш-менш свабодна перамяшчацца па зоне, шпацыры глыбоцкіх асуджаных абмежаваныя дзьвюма гадзінамі ў дзень.


У верасьні 2011 году ў Глыбоцкую калёнію з Горацкай перавялі палітвязьня, лідэра «Маладога фронту» Зьмітра Дашкевіча. За непадпарадкаваньне адміністрацыі яго пэрыядычна кідаюць пад так званую «крышу» — у ШЫЗА ці ПКТ.



24 ліпеня Менскі гарадзкі суд не задаволіў касацыйную скаргу Парфянкова на прысуд аб арышце на 6 месяцаў за невыкананьне oмоваў прэвэнтыўнага нагляду, устаноўленага судом.

29 траўня Васіль Парфянкоў быў асуджаны паводле артыкула 421 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь судзьдзём Першамайскага раёну Менску Сяргеем Бандарэнкам. Прэвэнтыўны нагляд тэрмінам на адзін год, у парушэньні якога прызнаны вінаватым былы палітвязень, быў устаноўлены за ім з 5 студзеня 2012 году. Падставай для гэтага стаў ўдзел Парфянкова ў грамадзка-палітычным жыцьці пасьля таго, як ён у ліку іншых вязьняў Плошчы-2010 быў вызвалены ў жніўні 2011 году ў адпаведнасьці з указам прэзыдэнта аб памілаваньні.




Даведка «Свабоды»: Васіль Парфянкоў

Нарадзіўся 30 жніўня 1983 г. у Менску. Скончыў 9 клясаў менскай школы № 163. Атрымаў будаўнічую прафэсію «майстар аздобных работ», працаваў рабочым у прыватных будаўнічых кампаніях, аўтасьлесарам у 7-м аўтапарку Менску. Нежанаты.

Удзельнічаў у абароне Курапатаў у 2001-2002 г. Быў сябрам Беларускай партыі свабоды, удзельнічаў у акцыях разам з «Маладым фронтам» і «Зубром». Неаднаразова бываў затрыманы і адбываў адміністрацыйныя тэрміны за грамадзкую актыўнасьць.

Падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2010 г. супрацоўнічаў з кампаніяй «Гавары праўду», быў актывістам штабу Ўладзімера Някляева. Браў удзел у акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў 19 сьнежня 2010 г. Быў затрыманы 4 студзеня 2011 г. Абвінавачаны ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Да суду знаходзіўся ў сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага ў Менску.

17 лютага судзьдзя Фрунзенскага суду Менску Вольга Комар асудзіла Парфянкова на 4 гады зьняволеньня ў калёніі строгага рэжыму. Таксама ён мусіў кампэнсаваць страты — 14 мільёнаў 700 тысяч рублёў за нібыта пашкоджаны будынак. Грошы на штраф сабралі салідарныя з палітвязьнем людзі.

Адбываў пакараньне ў Аршанскай калёніі № 8. Яго вызвалілі з калёніі 13 жніўня 2011 году.
XS
SM
MD
LG