Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Люблю чытаць дэтэктывы. Пастанавіўшы парэкамэндаваць пяць крутасюжэтных кніжак, якія трапілі ў мае рукі цягам апошніх гадоў, я задумаўся над прычынамі гэткай вычварэнскай чытацкай любові. За мінулыя выходныя мне ўдалося больш-менш уцямна ідэнтыфікаваць тры такія прычыны.

Па-першае, дэтэктывы дазваляюць даволі шчыльна запоўніць «пусты час», не пакідаючы пасьля чытаньня нейкіх доўгатрывалых пабочных наступстваў накшталт пахмельля, якое зьяўляецца пасьля шчыльнай выпіўкі. На другі або трэці дзень пасьля запойнага чытаньня дэтэктыўнай гісторыі я ўжо амаль дакладна забываю, каго забілі і хто насамрэч аказаўся забойцам, ня кажучы пра тых, каго ў забойстве падазравалі. Якая палёгка для журналісцкай памяці, празь якую штотыдзень пралятаюць як мінімум некалькі дэтэктыўных пэрсанажаў і сытуацый!

Па-другое, чытаньне дэтэктыва на замежнай мове — супэрская нагода ўдасканаліць веданьне гэтай мовы, прынамсі пасіўнае. Паспрабуйце, напрыклад, палепшыць сваё веданьне францускай мовы чытаньнем «У пошуках страчанага часу» або «Падарожжа на ўскрай ночы»... У Пруста вы можаце заснуць, не адолеўшы траціны нейкай фразы, нават калі вам і ўдасца ўхапіць яе пачатковы сэнс, прыкрыты густашчыльнай сеткай прыметнікаў і прыслоўяў. У Сэліна наадварот — фразы кароткія, але паміж імі няма звычайнай лягічнай сувязі, да якой мы прывыклі ў нашым рутынным жыцьці, і мы стамляемся ўжо на траціне першай старонкі. А ў Жана-Крыстофа Гранжэ значна прасьцей — ня трэба вылузваць сэнсу, бо ён на паверхні. Разумовы патэнцыял, які ад вас патрабуецца пры чытаньні гэтага аўтара, ніколі не перавышае натугі, якую трэба зрабіць дзеля таго, каб дазнацца, што clé à molette азначае «развадны ключ з зубчастай рэйкай» (разнавіднасьць «францускага ключа»), або высілку, зьвязанага з завучэньнем на памяць тузіна францускіх ідыёмаў са словам coup.

Па-трэцяе... Пра трэцюю прычыну, дзеля якой варта чытаць дэтэктывы, я хачу распавесьці ў пяці занатоўках.

ЗАНАТОЎКА ПЯТАЯ


​Нэле Нойгаўс, «Беласьнежка мусіць памерці» (Nele Neuhaus, «Schneewittchen muss sterben», 2010), Нямеччына.

Калі аўтар дэтэктываў натрапіць на ўдалага героя-сьледчага, які нечым асаблівым зачэпіць чытачоў, дык наогул эксплюатуе яго ў сэрыйных выданьнях, ажно пакуль самому пісьменьніку ня стане нецікава. Узгадайце місіз Марплз і Эркюля Пуаро ў Агаты Хрысьці або камісара Мэгрэ ў Жоржа Сімэнона. Вось і Нэле Нойгаўз, аўтарка крутых дэтэктываў, якія пакуль вядомыя толькі ў Нямеччыне, ідзе гэтым самым сьледам.

У Нэле Нойгаўс выступае пара дэтэктываў з крымінальнага вышуку ў маляўнічым гарыстым закутку Нямеччыны, што завецца Таўнусам — Пія Кірхгаф і Олівэр фон Бодэнштайн. «Беласьнежка мусіць памерці» — чацьверты па ліку раман, у якім гэтая пара разьвязвае крымінальную загадку. Летась выйшаў ужо наступны, пяты.

Завязка «Беласьнежкі» такая: У невялікую мясьціну ў Таўнусе ў бацькоўскі дом вяртаецца Тобіяс, якому няма яшчэ і трыццаці, але які ўжо пасьпеў адседзець 10 гадоў за падвойнае забойства. Якраз пасьля заканчэньня школы ён забіў дзьве свае школьныя сяброўкі, зь якімі крыху маркітаваўся. То бок, усе так думаюць, што забіў Тобіяс, але целаў дзяўчат не знайшлі, а сам Тобіяс падчас суду спаслаўся на прагал у памяці якраз у той час, калі тыя забойствы мелі месца.

Тобіяса прызналі забойцам на падставе гэтак званых ускосных улікаў. Якраз калі Тобіяс выходзіць з турмы, на тэрыторыі былой амэрыканскай вайсковай базы знаходзяць парэшткі дзявочага цела. А неўзабаве ў недалёкім мястэчку нехта спрабуе забіць маці Тобіяса, якая пасьля прысуду сыну пакінула мужа і пераехала жыць у іншае месца. Зразумела, тут у дзеяньне ўступаюць Кірхгаф і фон Бодэнштайн. А сюжэт закручваецца яшчэ мацней, калі ў вёсцы Тобіяса знаходзяць мёртвую дзяўчыну, і зноў усе ўлікі паказваюць на няшчаснага экс-турэмніка як на злачынцу. Пачынаецца цкаваньне і паляваньне на меркаванага рэцыдывіста. Але Пія і Олівэр маюць сумненьні…

Раман «Беласьнежка мусіць памерці» налічвае больш за 500 старонак, і тут, акрамя разьвіцьця галоўнай сюжэтнай лініі і сьледзтва, аўтарка адводзіць кучу месца на паказ «звычайнага жыцьця» ў Таўнусе. Чытаючы раман Нойгаўс, можна дазнацца, як выглядае тыповы вечар у нямецкай вясковай карчме ў Таўнусе і паслухаць мясцовага смакавітага дыялекту, або можна пабываць на адзначэньні дня народзінаў нямецкай арыстакраткі… Сёньняшні добры дэтэктыў — якраз у мінулыя выходныя прыйшла мне ў галаву такая крамольная думка — гэта сучасны адпаведнік папулярных сацыяльных раманаў ХІХ стагодзьдзя, Чарлса Дыкенса, Джордж Эліёт, Бальзака, Эміля Заля… Сучасныя «сур’ёзныя» пісьменьнікі лічаць устарэлым і нямодным апісваць нейкія вясковыя гасподы або стайні недабітых арыстакратаў, а вось ўвесь гэты нібыта неістотны жыцьцёвы фон можна знайсьці ў тоўстых дэтэктывах. І можна гэта чытаць. А паспрабуйце сёньня прачытаць, напрыклад, 800 старонак «Будэнброкаў» Томаса Мана або больш-менш столькі ж старонак «Абрыву» Івана Ганчарова… А ну іх! — ні забойстваў, ні сэксу, ні іншага вычварэнства… А крутыя дэтэктывы людзі прачытаюць. І трэба толькі радавацца, што іхныя аўтары пераймаюць апавядальніцкі досьвед пісьменьнікаў ХІХ стагодзьдзя, хоць, можа, і не зусім творча. Але — лепш прачытаць адзін дэтэктыў Ю Нэсбё, чым не прачытаць нічога ні з Заля, ні з Бальзака.

Ну, а з гэтым сэксам… Ён, чамусьці, абавязковы ў дэтэктывах. У рэальным жыцьці, дарэчы, яго таксама наогул не пазьбегчы. Як і рахункаў за электрычнасьць ці газ. Вось і цьвярозая ды заземленая Пія Кірхгаф ў рамане Нэле Нойгаўс таксама не забываецца ім пазаймацца. У перапынках паміж лаўленьнем злачынцаў:

«— Табе трэба ісьці?

— Так, на жаль. У калегаў у Нідэргохштаце аб’явіўся хлопец, які ўчора вечарам бачыў на вакзале, як нейкі мужчына скінуў тую жанчыну зь пешаходнай кладкі на вуліцу.

Крыстаф схапіў яе за плячо і пацягнуў на сябе. Пія выдала глыбокі стогн. Спачатку ён пацалаваў яе ў шчаку, потым у вусны. Ці той хлопец ня мог пачакаць са сваёй патрэбай выказацца да надвячорка? Пія цяпер ня мела ніякай ахвоты працаваць. Насамрэч у гэтыя выходныя паводле чаргі меў дзяжурыць Бэнке. Але ён захварэў. І Гасэ таксама захварэў. Да д’ябла з гэтымі губашлёпамі! Пія апусьцілася на разагрэтае ад сну цела Крыстафа. Ягоныя рукі сьлізганулі пад ручнік, якім яна захінулася пасьля душу, пачалі гладзіць яе жывот.

— Цяпер не дуры сабе галавы гэтай пісулькай, — шапнуў ён і зноў яе пацалаваў.

— Знойдзем нейкае вырашэньне. Так хутка найму нам не скасуюць.

— Увесь час толькі адны праблемы, — мармытнула Пія і вырашыла, што хлопец у пастарунку ў Нідэргохштаце можа пачакаць яшчэ з гадзіну».

Зразумела, што нейкія такія вырашэньні прымалі і гераіні раманаў ХІХ стагодзьдзя. Адно што пра такія вырашэньні тагачасныя пісьменьнікі ня згадвалі. І яны наогул ня ставілі сваіх гераіняў у сытуацыі, калі ім трэба было выдаваць зьвярыныя стогны над разагрэтымі целамі сваіх мужчынаў. У гэтым сэнсе сучасныя дэтэктывы значна здрабнелі, паглыбляючыся ў празьмернае апісальніцтва і анатамічныя дэталі. Так мала сёньня пакідаецца ўяўленьню чытача. Але ці гэта насамрэч загана ў літаратуры?

XS
SM
MD
LG