Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зялёныя»: Капсулу пад АЭС Лукашэнка заклаў у дзень трагедыі Нагасакі


Беларуская партыя «Зялёныя» распаўсюдзіла заяву адносна закладкі Аляксандрам Лукашэнкам капсулы на месцы ўзьвядзеньня АЭС на Астравеччыне.

Экалягічныя актывісты зьвяртаюць увагу на тое, у які дзень Лукашэнка даў адмашку пачатку будаўніцтва АЭС.

9 жніўня — чарговая гадавіна атамнага бамбаваньня японскага гораду Нагасакі. Як зазначаецца ў заяве, сам па сабе гэты дзень вельмі паказальны для разуменьня сутнасьці ядзерных праграмаў і «мірнага атаму» ў гісторыі чалавецтва. Яны нагадваюць: 9 жніўня 1945 году і ў наступныя дні ахвярамі атамнай бомбы Fat Man («Таўстун») сталі, па розных ацэнках, больш за 80 тысяч чалавек.

Партыя «Зялёныя» абураецца падобным цынізам беларускіх уладаў у адносінах да ахвяраў ядзернай зброі і папярэджвае: будаўніцтва тэхнічна недасканалай АЭС у краіне, якая больш за астатніх пацярпела ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, патэнцыйна нясе небясьпеку ў яшчэ большых маштабах. А ўрачыстая закладка капсулы ў такі дзень пад бомбу запаволенага дзеяньня — чарговая праява непавагі да ўласнага народу і адмаўленьне відавочных урокаў гісторыі, лічаць «Зялёныя».
XS
SM
MD
LG