Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З «Пінскдрэву» звольнілі ініцыятара пратэсту рабочых


Дзьмітрый Кудранок

Дзьмітрый Кудранок

Дзьмітрый Кудранок, які ачоліў пратэст рабочых на прадпрыемстве «Пінскдрэў», звольнены з працы.

9 жніўня спадар Кудранок працаваў апошні дзень на заводзе габляванай шпоны і мэблі, які ўваходзіць у холдынг «Пінскдрэў». У другой палове дня рабочы атрымаў працоўную кніжку, у якой напісана, што ён «звольнены за сыстэматычнае невыкананьне без паважных прычын працоўных абавязкаў».

Дзьмітрый Кудранок перакананы, што яго звольнілі за кіраваньне пратэстам рабочых на «Пінскдрэве»:

«Я ведаў, куды ішоў. Але я перакананы, што не прападу з маёй адукацыяй. Праўда, на жаль, у іншай краіне. У сваёй краіне я не патрэбны. Рабочы рух на „Пінскдрэве“ я, канечне, не пакіну, дзе б я ні быў, я буду на сувязі з працоўнымі».

Дзьмітрый Кудранок кажа, што пратэст рабочых працягнецца:

«Гэты працэс ужо не спыніць. Прыбраўшы мяне з працы, яны не ўлагодзяць рабочых. Мы ствараем сваю структуру, якая ў пэўны момант зьявіцца. Для кіраўніцтва „Пінскдрэву“ гэта будзе нечаканасьцю».

Пратэст на «Пінскдрэве» ўзьнік пасьля таго, як 17 ліпеня рабочыя атрымалі раздрукоўкі з інфармацыяй пра заробкі, якія палічылі нізкімі. Працоўныя пачалі масава пісаць заявы пра выхад з прафсаюзу. Рабочыя-актывісты зьбіраюць гэтыя заявы і цяпер.

На «Пінскдрэве» вырашылі не ісьці па шляху працаўнікоў мікашэвіцкага «Граніту». Замест арганізацыі ў незалежны прафсаюз, працаўнікі стварылі сваю Рабочую раду, якую і ачоліў Дзьмітрый Кудранок.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG