Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канец перапродажу расейскіх нафтапрадуктаў?


Зь сярэдзіны трэцяй дэкады ліпеня Расея заблякавала пастаўкі ў Беларусь сыравіны для растваральнікаў і разбаўляльнікаў. Прадстаўнікі Беларускай чыгункі заявілі, што так званы «прамагонны бэнзін» больш у краіну не паступае. Такім чынам, схема продажу расейскіх нафтапрадуктаў у краіны Эўразьвязу пад выглядам растваральнікаў і разбаўляльнікаў, што дазваляла беларускім уладам атрымліваць сотні мільёнаў даляраў, прыпынена.

На гэтым тыдні ў Беларусі працавала міжведамасная камісія з удзелам афіцыйных прадстаўнікоў шэрагу расейскіх дзяржструктур, якая дасьледуе гэту праблему.

Расейскі бок лічыць, што Беларусь, якая апошнім часам значна павялічыла закупы расейскай нафты, экспартуе на эўрапейскія рынкі бэнзін пад выглядам іншых прадуктаў. Экспартнага мыта на растваральнікі ў межах Мытнага зьвязу няма. А на бэнзін яно складае 90% ад экспартнага мыта на нафту. У выніку выкарыстаньня падобнай схемы расейскі бюджэт нясе істотныя страты.

Эканамічны аглядальнік тыднёвіка «Белорусы и рынок» Тацяна Манёнак кажа: экспарт такой прадукцыі, як растваральнікі, змазачныя матэрыялы даваў магчымасьць Беларусі істотна палепшыць эканамічныя паказчыкі, а Расея, натуральна, пры гэтым істотна страчвала:

«Па выніках, напрыклад, 5 месяцаў толькі растваральнікі, разбаўляльнікі — гэта экспарт — ён перавысіў 2 мільярды даляраў. Гэта даволі істотна, вядома ж. Дзякуючы менавіта аднаму з гэтых фактараў Беларусь мае станоўчае сальда зьнешняга гандлю. Гэта, вядома, такі сумнеўны бізнэс, у выніку якога страчвае расейскі бюджэт».

Удзельнічаюць у гэтым бізнэсе прыватныя расейскія кампаніі (не нафтаперапрацоўчыя заводы), якія пастаўляюць у Беларусь прамагонны бэнзін. Ці будуць рабіцца нейкія захады, каб спыніць гэту схему? Тацяна Манёнак выказала такое меркаваньне:

«Расейскае кіраўніцтва, урад, я мяркую, будуць патрабаваць, каб гэтыя страты былі кампэнсаваныя. Магчыма, гэтага будуць патрабаваць ад расейскіх кампаній, якія ўдзельнічалі ў гэтых камбінацыях. Што да Беларусі, пакуль невядома, якім чынам будуць прад’яўленыя санкцыі. Трэба разумець, гэта таксама верагодна».

Ну, а якая гэта эканоміка? Гэта легальны абыход мыта. Трэба пытацца ва ўладаў, чаму яны рабілі гэта столькі часу

Дырэктар па разьвіцьці маскоўскага прадстаўніцтва міжнароднага цэнавага агенцтва Argus Міхаіл Пярфілаў лічыць, што гэта не эканамічнае пытаньне, а палітычнае:

«Ну, а якая гэта эканоміка? Гэта легальны абыход мыта. Трэба пытацца ва ўладаў, чаму яны рабілі гэта столькі часу».

Карэспандэнтка: «Але для Расеі гэта таксама істотная страта ў бюджэце?»

«Я ня думаю, што гэта тая страта, якая была „страчаная“ бязь ведама кіраўніцтва Расеі. Так не бывае: страчвалі, страчвалі грошы, потым схамянуліся: „Ой, глядзіце, што робіцца!“ Быццам бы ніхто ня ведаў».

Карэспандэнтка: «Дык прыкрыюць ці не прыкрыюць гэта?»

«Я думаю, што не. Прыкрыюць адно — будзе нешта іншае. Проста нафта — гэта толькі частка. Там жа ёсьць шмат іншых варыянтаў, пра якія ніхто не гаворыць».

«Дасканала разабрацца» з гэтым пытаньнем загадаў прэм’ер-міністар Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў 18 чэрвеня падчас візыту ў Беларусь. Цяпер вось у Менску працавала прадстаўнічая камісія.

Калі ўсё ж разьбяруцца і забароняць, наколькі гэта ўдарыць па эканоміцы Беларусі? Тацяна Манёнак выказала такое меркаваньне:

«Насамрэч відавочна, што будуць горшыя паказчыкі зьнешняга гандлю, будзе больш складаная сытуацыя з прафіцытам бюджэту сальда гандлёвага. Але ж казаць, што гэта катастрофа для беларускай эканомікі, нельга. Таму што самае галоўнае для Беларусі — захаваць сёньняшні рэжым імпарту расейскай нафты, які больш ільготны, чым леташні, магчымасьць бязмытнай пастаўкі нафтапрадуктаў з Расейскай Фэдэрацыі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG