Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці рэальны ў Татарстане «каўкаскі сцэнар»?


Алік Гілмулін

Алік Гілмулін

Сьледзтва ў справе замаху на галоўнага муфція Татарстану Ілдуса Файзова і забойства ягонага намесьніка, якія адбыліся 19 ліпеня, пакуль не назвала канкрэтнага вінаватага ў злачынстве, але некаторыя аглядальнікі пачалі казаць пра магчымы «каўкаскі сцэнар» і радыкалізацыю мясцовых ісьлямісцкіх плыняў.

Наколькі такі сцэнар верагодны ў Татарстане? Пра гэта расказвае супрацоўнік Татара-Башкірскай службы Радыё Свабода Алік Гілмулін.

Гілмулін: Пра абвастрэньне сытуацыі пачалі казаць пасьля замаху на муфція і забойства ягонага намесьніка. Хаця да гэтага Татарстан з гэтага пункту гледжаньня быў спакойны рэгіён. Цяпер пачалі казаць пра так званы «каўкаскі сцэнар» — прычым больш пра гэта кажуць маскоўскія СМІ, мясцовыя пішуць пра гэта больш стрымана. Называюць некалькі прычынаў замаху. Першая — гэта супярэчнасьці паміж рэлігійнымі плынямі. У Татарстане ёсьць так званы традыцыйны ісьлям, яго вызнае і мясцовая эліта. Але ў апошнія гады шмат моладзі вучылася ў замежжы, і вось нібыта яны, вяртаючыся ў рэспубліку, прыносяць іншыя плыні — нехта кажа пра вахабізм, нехта пра салафізм і гэтак далей. Другая вэрсія — і яна пацьвярджаецца тым, каго арыштавалі — вэрсія пра эканамічны сьлед, зьвязаны з тым, што новы муфцій у апошні час будаваў, скажам гэтак, «вэртыкаль улады» і ўзяў у свае рукі кантроль над грашовымі плынямі пры арганізацыі хаджу. Да гэтага арганізацыяй займаўся адзін фонд, кіраўнік якога — сярод арыштаваных сямі асобаў. Ну а трэцяя вэрсія — міжасабістыя прычыны.

Што датычна верагоднасьці «каўкакага сцэнару» — дык большасьць экспэртаў пакуль устрымліваюцца ад прымяненьня падобных вызначэньняў, кшталту «каўкаскі сьлед». Таму што гэта, сапраўды, нешта абсалютна новае для Татарстану. Хаця ёсьць экспэрты, якія жадаюць менавіта так і прадставіць сытуацыю. Пацьвярджэньня гэтаму пакуль няма, калі не лічыць відэазвароту, дзе сказана, што «маджахеды Татарстану бяруць адказнасьць за гэтыя акты на сябе». Што за гэтым — невядома. Ці гэта проста інсцэніроўка ў стылі «каўкаскіх ролікаў»? Пацьверджаньняў няма — хаця сярод зьвюх асобаў, якіх абвясьцілі ў вышук, адзін зь іх нібыта той самы, які на гэтым відэароліку бярэ адказнасьць на сябе".
XS
SM
MD
LG