Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Лунінеччыне што ні вёска — то свая адметная гісторыя, вартая ня толькі раённай кнігі «Памяць». Скажам, прылесная Бастынь праславілася сваім рабінзонам — Іванам Бушылам, які, заканфліктаваўшы зь мясцовай уладай пасьля вайны, сышоў у палескія лясы і пражыў там ажно 42 гады. Зімаваў у зямлянках, летаваў у буданах на дрэвах, паляваў, рабалоўнічаў. У родную вёску вярнуўся толькі ў 1989-м, калі камуністычная партыя на ладан дыхала.

У вёсцы Колбы падчас Першай сусьветнай вайны спыняўся Аляксандар Блок. Калі ён у 1916-м зьлез зь цягніка ў Лунінцы, нехта з сустраканцаў змрочна пажартаваў: «Пасылаць Блока на вайну — гэта тое самае, што смажыць салаўёў». Паэт любіў падарожнічаць па ваколіцах, заблукаў аднойчы на могілкі ў Колбах, дзе спрадвеку кожны другі жыхар — Колб. Табэльнік паводле вайсковай пасады Аляксандар Блок хадзіў ад помніка да помніка і чытаў: Колб Сьцяпан, Колб Міхал, Колб Іван... І раптам прачыталася ня звыкла — зьлева направа, а наадварот: Колб — Блок... «Містыка нейкая», — занатаваў паэт у дзёньніку.

У Лобчу, што пры пінскай дарозе, варта заехаць, каб паслухаць народную паэтку Настасьсю Якавец. Свае вершаваныя сказы на любую зададзеную тэму яна імправізуе зь лёгкасьцю — куды там знакамітаму Імправізатару з пушкінскіх «Эгіпецкіх ночаў»! Той і бляднеў, і потам пакрываўся, а цётка Настасься палескім фрывольным гумарком свой сказ прыправіць і — слухаць не пераслухаць.

Але галоўная мэта нашай вандроўкі — вёска Дзятлавічы, куды мы, зірнуўшы на аўтадарожную мапу, самастойна вырушваць не адважваемся. Правадніцай для нас, добра натомленых селавымі гравійкамі, пагаджаецца пабыць былая рэдактарка газэты «Лунінецкія навіны» Тацьцяна Канапацкая, якая сабрала і сваім коштам выдала ўжо чатыры тамы —дадаткі да той афіцыйнай, у кожным раёне на свой манэр сцэнзураванай, «Памяці», празванай у народзе бяспамятнай.

І вось мы ў вёсцы пад бусьлінымі гнёздамі і пад белымі крыламі — Дзятлавічах, дзе жыве кветкавод Іван Тадорскі. У ягонай калекцыі — дайце веры! — ажно 500 гатункаў глядыёлусаў. Кветнік — як сталічны Батанічны сад. Назвы кветак гучаць, як барочная паэма — Маладзік, Новая Зямля, Усьмешка Караткевіча... Па вузенькакй мяжы асьцярожна прабіраемся ўглыб кветніка, і гаспадар з гонарам расхінае расквітнелыя бутоны — глядыёлус названы ў гонар паэткі Ларысы Геніюш.

Сваімі палескімі гатункамі Іван Тадорскі шчодра дзеліцца з айчыннымі і замежнымі кветкаводамі. Глядыёлус Геніюш ужо расьце і пад Пецярбургам, і ва Ўкраіне, і ў Сыбіры. Сыбірскі калега паскардзіўся — у леташнюю суровую зіму ў яго вымерзьлі ўсе глядыёлусы. А кветка Геніюш узышла. Марозаўстойлівы атрымаўся гатунак.

Восем гадоў Гулагу дапамаглі акліматызавацца — робіць выснову Іван Тадорскі. Жыцьцялюб, ён і на мыліцах стараецца дагледзець свае кветкавыя плянтацыі (апошнім часам на падмогу прыходзіць жонка Марыя). А аднавяскоўцы часьцей пасьмейваюцца: што з тых кветак — ні прыбытку, ні наедку.

Глядыёлус Геніюш зьявіўся на сьвет у 1996-м, калі на загад Міністэрства адукацыі са школьнай праграмы былі выкрасьленыя творы паэткі. Такім чынам дырэктар Дзятлавіцкай сярэдняй школы Іван Тадорскі выказаў свой пратэст супраць антынацыянальных дзеяньняў чыноўнікаў ад адукацыі.

Васямнаццаць гадоў ён здолеў пратрымацца на дырэктарскай пасадзе. Бел-чырвона-белы сьцяг і герб Пагоня правіселі ў кабінэце Тадорскага ажно да 2000-га. Загадчык Лунінецкага райана цэлых пяць пасьлярэфэрэндумных гадоў стараўся не вазіць у Дзятлавіцкую школу вышэйшых раённых і абласных начальнікаў, усё стараўся «па-добраму» ўгаварыць свайго колішняга настаўніка памяняць дзяржаўную сымболіку. А той усё не згаджаўся...

Белыя і чырвоныя, ружовыя і жоўтыя, з самымі неверагоднымі колеравымі акаймоўкамі глядыёлусы запаланілі салён аўто. Я азірнуўся на адну са спадарожніцаў. Яна сядзела са шчасьлівым тварам героя Інакенція Смактуноўскага ў фільме «Сьцеражыся аўтамабіля» — памятаеце, пасьля гамлетаўскай прэм’еры. Зьлева яе твар падмалоджваў тонкапялёсткавы Маладзік, справа не давала сумаваць даверліва раскрытая Ўсьмешка Караткевіча, а пэрлямутравая як купальскае сьвітаньне кветка Геніюш, здавалася, сама запляталася ў валасы...

Калісьці ў Ларысы Геніюш быў найлепшы кветнік у Зэльве. Псэўданімам Лясная Кветка падпісвала яна свае паваенныя, але далягерныя вершы. Цяпер сталася наадварот — кветка атрымала імя Геніюш.

9 жніўня, на дзень народзінаў паэткі, яны сустрэліся ў Зэльве — кветка Геніюш легла да помніка Геніюш.

Кветкавод Іван Тадорскі

Кветкавод Іван Тадорскі



Марозаўстойлівы глядыёлус Геніюш

Марозаўстойлівы глядыёлус Геніюш



Іван Тадорскі з наведнікамі свайго кветніка

Іван Тадорскі з наведнікамі свайго кветніка



Нечаканы білборд на ўезьдзе ў Лунінец

Нечаканы білборд на ўезьдзе ў Лунінец

XS
SM
MD
LG