Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Па 3 мільёны штрафу за мядзьведзіка


У судзе Савецкага раёну Менску адбыўся разгляд адміністрацыйных спраў фотакарэспандэнткі Юліі Дарашкевіч і карэспандэнткі «Комсомольской правды в Белоруссии» Ірыны Козьлік. Ім прысудзілі па 3 мільёны рублёў штрафу, зьвінаваціўшы ў незаконным пікетаваньні. Журналісткі сябе вінаватымі не прызналі.

Журналістак затрымалі напярэдадні ў цэнтры Менску ў той момант, калі фотарэпартэр Юлія Дарашкевіч паспрабавала сфатаграфаваць карэспандэнта Ірыну Козьлік з плюшавым мядзьведзікам. Ноч яны правялі ўдваіх у камэры ў турме на вуліцы Акрэсьціна. У суд іх даставілі пад узмоцненым канвоем, які забараняў любыя зь імі кантакты. Як адбывалася затрыманьне і што яна пра ўсе гэтыя падзеі думае, Ірына Козьлік распавяла, калі выйшла з будынка суду пасьля абвяшчэньня прысуду:

«Вельмі імкліва, хутка — мы толькі пасьпелі дастаць фотаапарат. Мы ня бачылі гэтых людзей, але, мяркуючы па тым, колькі іх там было — каля двух дзясяткаў чалавек — яны нас чакалі. Папраўдзе сказаць — не магу ўсьвядоміць, што трапіла ў такую сытуацыю. Падаецца, што гэта трызьненьне — нешта такое».

Фатаграфаваньне з плюшавым мядзьведзікам — акцыя салідарнасьці з арыштаваным журналістам Антонам Сурапіным, супраць якога распачатая крымінальная справа ў зьвязку са швэдзкім «дэсантам» плюшавых мядзьведзікаў. Фотакарэспандэнтка Юлія Дарашкевіч кажа, што ня лічыць сябе ні ў чым вінаватай, бо ўсяго толькі выконвала свой прафэсійны абавязак, а іх затрыманьне толькі пашырыла вядомасьць акцыі, якую праводзяць незалежныя журналісты:

«Магло быць горш, магло быць лепш — гэта значыць, што я не адчуваю сябе ні ў чым вінаватай. Увогуле, гэта была такая паказальная акцыя — так думаю паводле той колькасьці міліцыі, якая нас затрымлівала. Але ва ўсім гэтым ёсьць вялікі станоўчы момант — гэта тое, што пра Антона зараз даведаецца ўвесь сьвет. Бо затрымліваць журналістаў — самае вялікае глупства, якое можа сабе дазволіць улада».

Падтрымаць Ірыну Козьлік і Юлію Дарашкевіч да будынка суду прыйшлі больш за два дзясяткі журналістаў з розных незалежных выданьняў, а таксама некаторыя палітыкі і праваабаронцы. Але дзяжурныя міліцыянты перашкодзілі ім трапіць ня толькі ў залю паседжаньняў, але нават у будынак суду. У выніку ўсе праседзелі некалькі гадзін на прыступках суду і сустракалі журналістак на вуліцы. Каму ўсё ж удалося трапіць на працэс, паведамлялі, што двое сьведак-міліцыянтаў блыталіся ў паказаньнях. Пра вынікі працэсу — адзін з кіраўнікоў грамадзкай арганізацыі журналістаў БАЖ Андрэй Бастунец:

«Зразумела, што ні пра які пікет ці масавае мерапрыемства гаворкі і быць не магло. Журналісткі праводзілі фатасэсію, і тое, што адбылося, — яшчэ адзін паказчык стану свабоды слова ў краіне. А па-другое — гэта паказчык хваравітага стаўленьня ўладаў да сытуацыі з «плюшавым дэсантам мядзьведзікаў».

Журналістка Ірына Козьлік паведаміла, што ня будзе абскарджваць вынесенае рашэньне суду. Юлія Дарашкевіч паведаміла, што ў гэтым пытаньні будзе раіцца са сваім адвакатам.

Свабода вяла жывы рэпартаж ад суду


15.04 Юліі Дарашкевіч прысудзілі штраф 3 мільёны. Дарашкевіч кажа, што ня згодная з прысудам і будзе раіцца з адвакатам, ці абскарджваць рашэньне.

14.40 У судзе над Дарашкевіч абвешчаны перапынак. Судзьдзя пайшоў выносіць рашэньне.

14.13 Каб сэканоміць час, судзьдзя вырашыў апытваць не цывільных людзей, якія бачылі затрыманьне, а толькі супрацоўнікаў міліцыі. Супрацоўнікі міліцыі кажуць, што Дарашкевіч і Козьлік не мацюкаліся, рукамі не размахвалі, да людзей не чапляліся.

14.05 Юлія Дарашкевіч не прызнае сваёй віны. Юлія кажа, што яна – прафэсійны фатограф, рыхтавалася да здымак – усяго толькі выконвала сваю працу.

Ірына Козьлік, якая на нейкі час пакінула суд, цяпер вярнулася. Яна чакае прысуду Дарашкевіч.

Пратакол затыманьня Ірыны Козьлік: (захаваны стыль арыгіналу)

“08.08.12 на праспэкце Незалежнасьці ў Менску ўдзельнічала ў пікетаваньні, якое выражалася ў выражэньні грамадзка-палітычных ды іншых інтарэсаў з выкарыстаньнем плюшавага мядзьведзіка з прымацаваным да яго парашутам і шыльдай: “No picture – no problem. Патрабаваць права на выказваньне сваёй думкі ў Беларусі пагражае арыштам. Няўжо прэзыдэнт арыштуе плюшавых мядзьведзікаў?” Не ўзгадніўшы правядзеньне дадзенага мерапрыемтва з Менгарвыканкамам”.

13.25 Пачалі судзіць Юлію Дарашкевіч.

13.20 Ірына Козьлік пакінула будынак суду. Яна заявіла, што задаволеная такім рашэньнем суду. Ірына кажа, што ня будзе абскарджваць гэтага рашэньня.

Яна сказала, што вельмі ўдзячная журналістам за падтрымку, і што сама надалей будзе ўдзельнічаць у акцыях салідранасьці з журналістамі.

Ірына таксама распавяла, што яе і Юлю Дарашкевіч застрымлівала 2 дзясяткі супрацоўнікаў спэцслужбаў. Некаторыя зь іх былі у міцэйскай форме, а некаторыя – апранутыя ў цывільнае.

Ірына Козьлік кажа, што на месцы затрыманьня іх ужо чакалі. Яна нават не пасьпела сфатаграфавацца зь мядзьведзікам.

Ноччу яна сядзела з Дарашкевіч у адной камэры. Ірына кажа, што зь імі абыходзіліся карэктна.



13.12 Ірыне Козьлік прысудзілі 3 мільёны штрафу

12.06 Судзьдзя Дзьмітры Паўлючэнка абвясьціў перапынак, каб вынесьці рашэньне.

12.05 У судзе над Ірынай Козьлік выступіла адвакат Яна Дуброўская-Шахновіч. Яна заявіла: паколькі міліцыянты самі прызналі, што пікету не было, а знаходжаньне на вуліцы з цацкай – гэта не парушэньне закону, Козьлік трэба вызваліць і зьняць зь яе абвінавачваньні.

12.00 Міліцыянты кажуць, што затрымалі Козьлік і Дарашкевіч, бо падумалі, што тыя праводзяць пікет. “Яны стаялі зь мядзьведзікамі і размаўлялі”, – заявілі міліцыянты.

11.35 Людзі, якія выходзяць з будынку суду, кажуць, што раней бачылі, які міліцыянты, ужываючы сілу, вялі Козьлік па калідорах будынку.

11.29 Суд над Козьлік аднавіўся. Аднак адразу судзьдзя абвясьціла чарговы перапынак. Адвакат хадайнічае, каб у суд выклікалі сьведкаў.

11.23 Пачаўся суд над Ірынай Козьлік. Адразу абвясьцілі перапынак. Козьлік і адвакат знаёмяцца з матэрыяламі справы.




11.17 Журналістаў па-ранейшаму не пускаюць у будынак суду. Ахоўнік патлумачыў, што загад “часова абмежаваць доступ у будынак” дало кіраўніцтва міліцыі Савецкага раёну Менску.

10.58 Журналістаў у будынак суду не пускаюць. Усе стаяць на ўваходзе.

10.57 Журналістак вывелі з машыны. Міліцыянты не далі магчымасьці Дарашкевіч і Козьлік адказаць на пытаньні калегаў. Дарашкевіч паказала пальцамі знак “Вікторыя”. Яе адразу ж заштурхалі ў будынак суду.

Ірына Козьлік

Ірына Козьлік



Юлія Дарашкевіч

Юлія Дарашкевіч

10.35 У пратаколе затрыманьня Дарашкевіч і Козік напісана: «пікетаваньне шляхам фатаграфаваньня».

10.20 Дарашкевіч і Козьлік прывезьлі пад будынак суду.

10.00 Стала вядома, што журналістак вывезьлі з пастарунку міліцыі Савецкага раёну Менску. Куды іх вязуць, невядома.

9.45 Ля будынку суду – 2 дзесяткі рэпартэраў, прадстаўнікі Беларускай асацыяцыі журналістаў, праваабаронцы.

У судзе пакуль не вывесілі сьпісы, дзе будуць судзіць затрыманых журналістак.


Дарашкевіч і Козьлік затрымалі 8 жніўня, калі яны здымаліся для віртуальнага «постэру» зь мядзьведзікамі-парашутыстамі ў межах акцыі салідарнасьці з фатографам Антонам Сурапіным.

Журналістак зьвінавацілі ў незаконным пікетаваньні паводле артыкулу «Парушэньне парадку арганізацыі ці правядзеньня масавага мерапрыемства».

У акцыі салідарнасьці з арыштаваным студэнтам Інстытуту журналістыкі БДУ Антонам Сурапіным узялі ўдзел ужо больш за тры дзясяткі журналістаў, якія зьняліся зь мядзьведзікамі на тле цаглянай сьцяны. Лёзунг акцыі адрасаваны прадстаўнікам сілавога блёку, якія, на думку ініцыятараў пэрфомансу, не заўважылі швэдзкі самалёт з цацкамі на борце, але хочуць перакласьці адказнасьць на іншых: «Самі пра..лі — самі і адказвайце».


Падрабязнасьці — пазьней на сайце «Свабоды».


Гісторыя «мядзьвежага дэсанту»

КДБ затрымала 20-гадовага студэнта Інстытуту журналістыкі БДУ Антон Сурапіна, які першым выклаў на сваім сайце фатаграфіі скінутых швэдамі цацачных мядзьведзяў, і Сяргея Башарымава, які займаецца здачай кватэраў на кароткі тэрмін, і ў якога швэды — ўдзельнікі акцыі маглі або плянавалі здымаць жыльлё.

КДБ, які расьсьледуе справу пра незаконнае перасячэньне мяжы, вінаваціць Сурапіна і Башарымава паводле крымінальных артыкудаў «пасобніцтва ў зьдзяйсьненьні злачынства» і «незаконнае перасячэньне дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь) Крымінальнага кодэксу».

Аднаматорны самалёт са швэдзкім экіпажам з плюшавымі мішкамі на борце перасёк паветраную мяжу Беларусі раніцай 4 ліпеня. Ён правёў у паветранай прасторы краіны каля паўтарох гадзінаў, скінуўшы над Івянцом і ўскраінай Менску больш за 800 цацак з надпісамі ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі.

З самага пачатку вайскоўцы і памежнікі катэгарычна абвяргалі факт незаконнага перасячэньня мяжы.

Гісторыя з «плюшавым дэсантам» атрымала шырокі грамадзкі рэзананс і дала падставу сумнявацца ў боегатоўнасьці ня толькі беларускіх, але і саюзных сродкаў СПА. Была створаная камісія прэзыдэнта, якая занялася праверкай ўсіх злучэньняў і воінскіх часьцей Ваенна-паветраных сілаў і Войскаў супрацьпаветранай абароны Беларусі.

31 ліпеня Аляксандр Лукашэнка вызваліў ад пасадаў старшыню Дзяржаўнага памежнага камітэту Ігара Рачкоўскага і камандуючага Ваенна-паветранымі сіламі і Войскамі супрацьпаветранай абароны Узброеных сіл генэрал-маёра Дзьмітрыя Пахмелкіна. Падставай для звальненьня стала «неналежнае выкананьне службовых абавязкаў па забесьпячэньню нацыянальнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь», паведаміла прэс-служба прэзыдэнта.

Аб няпоўнай службовай адпаведнасьці папярэджаны міністар абароны Юры Жадобін і начальнік Генштаба Узброеных сілаў — першы намесьнік міністра абароны генэрал-маёр Пётр Ціханоўскі. Абвешчана вымова дзяржсакратару Савета бясьпекі Леаніда Мальцава і старшыні КДБ Вадзіму Зайцаву.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG