Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У свой час вельмі ўразіла карцінка, так бы мовіць, жыцьцёвы дэматыватар. Сэнс зразумелы — прадаўцам зоалягічнай крамы надакучыла тлумачыць чульлівым наведнікам, што нічога шыншыле насамрэч не пагражае і ніякіх пакутаў яна не адчувае. Ёй так зручна.

Гэтая забаўная карцінка прыгадалася ў сувязі зь цяперашнім беларуска-швэдзкім дыпляматычным скандалам, а дакладней, з камэнтарамі наконт яго: Беларусь паглыбляе ізаляцыю, гуляе з агнём і г. д. Але самы павярхоўны аналіз сытуацыі паказвае, што нішто ў ёй не прымушала афіцыйны Менск да эскаляцыі канфлікту. У адрозьненьне ад сытуацыі лютага, калі было чарговае пашырэньне санкцый як фактычны выклік — што ж тут? «Плюшавы» дэсант? Ну дык не міністар Більт тых мядзьведзікаў зь неба скідаў, і не пасол Эрыксан яго на зямлі страхаваў. Сувязі піяршчыкаў са Studio Total са швэдзкай уладай — матэрыя даволі цьмяная, гэта як мінімум невідавочна. Да таго ж, як высьветлілася, праблемы зь візай пачаліся ў пасла Швэцыі яшчэ ў траўні. І пры гэтым швэдзкі бок маўчаў, цярпеў, не абнародаваў гэтую зьняважлівую ў прынцыпе сытуацыю. Магчыма, цярпеў бы і далей, магчыма, сам зьмяніў бы кіраўніка сваёй дыпляматычнай місіі ў Менску. Менавіта беларускі МЗС пайшоў на абвастрэньне, спачатку фактычна выслаўшы пасла, а потым у адказ на чаканы адказ Стакгольму спыніўшы наагул узаемную дыпляматычную прысутнасьць.

Навошта, чаму? А чаму б і не? Тыя, хто шчыра зьдзіўляюцца курсу кіраўнікоў кшталту Лукашэнкі на самаізаляцыю, прыпісваюць ім свае культурныя і геапалітычныя прыярытэты. А яны не абавязкова такія ж. Парадокс, але магчыма таму ж Лукашэнку нават больш утульна канфліктаваць з Захадам, чым супрацоўнічаць. Псыхалягічна, дык пэўна. Памятаеце, гэтыя яго заявы кшталту — ну не магу я танчыць пад іх дудку. Не, калі грошы даюць ці ад драпежнай Масквы абараняюць, дык пра гэтыя душэўныя пакуты можна і забыцца, але толькі тады. А так... баліць душа, патрабуе адплаты.

Ну а што ў цяперашняй сытуацыі? Грошай не зьбіраюцца даваць і блізка, сьпіс умоваў, каб толькі пачаць сур’ёзную размову пра гэта, вядомы. Патрэба ў грошах ёсьць заўсёды, але зараз яна ня самая пільная — эканоміка пакрысе выкараскваецца з крызісу, так што неабходнасьці аддаваць «паўцарства за каня», у сэнсе за мех грошай, як бы і няма. Зь іншага боку, хаця з усходу і насоўваюцца некаторыя хмаркі, але пакуль адтуль няма нічога такога, ад чаго трэба было б абараняцца, адрошчваючы «заходняе крыло».

Ну і агульны кантэкст: Захад канфліктуе з Пуціным наконт Сырыі і Pussy Riot, з Януковічам — наконт Цімашэнкі. Лукашэнка тут зусім не самотны.
І да таго ж ёсьць яшчэ маленькая асаблівасьць сытуацыі. Калі на пачатку году паслы краін Эўразьвязу дружна пакідалі Беларусь на знак салідарнасьці з польскім і эўразьвязаўскім калегамі, гэта ўражвала. Зараз можна спрачацца, наколькі важкія падставы мела кіраўніцтва Зьвязу іх у хуткім часе вяртаць. Але з ўлікам гэтага ад’езду-вяртаньня чарговы ад’езд будзе выглядаць крыху (а можа і не крыху) сьмешна. Гэта што ж паслы — чаўнакі нейкія, якія на знак пратэсту раз на паўгода гойсаюць паміж Менскам і сваімі сталіцамі?

Тым ад’ездам і тым хуткім вяртаньнем Зьвяз абмежаваў свае і без таго нешматлікія інструмэнты ўзьдзеяньня на Беларусь.

Арганізатары і выканаўцы «плюшавага» дэсанту выставілі сьмешным Лукашэнку, ён дае магчымасьць Зьвязу выставіцца сьмешным самому. Ну а навошта ўсё ж? А навошта адмаўляць сабе ў невялічкай помсьце, у дэманстрацыі, што «няма ў вас мэтадаў супраць Косьці Сапрыкіна»? Вось на апошняй міністэрскай нарадзе краін «Усходняга партнэрства» сп-р Більт актыўней за ўсіх ушчуваў беларускага міністра Сяргея Мартынава. Хай зараз пажыве без пасольства ў Менску.

Да таго ж — выбары. Гэта для апазыцыі ды наведнікаў незалежных сайтаў —фарс, усё перадвызначана і г. д. А для самой улады суб’ектыўна — не. Не, фактычна яно ўсё гарантавана на 100%, «салдат Радзімы» Ярмошына — на сваім пасту. Але ж не на 150% гарантавана. Здавалася б, навошта было ў 2010 годзе перад выбарамі выганяць сярэдні заробак да 500 даляраў, моцна рызыкуючы эканамічнай раўнавагай, што нарэшце і прывяло да катастрофы 2011 году. Хіба тады не было Ярмошынай, хіба тады не было перадвызначана? Ну, было. І не было. Перастрахавацца не зашкодзіць.

Гэтак і зараз: канфлікт з Эўразьвязам — своеасаблівая страхоўка, спосаб трымаць у тонусе і выбаршчыкаў, і апанэнтаў, і дзяржаўны апарат.

Яму так зручна.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG