Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскай чыгункай — па беларускай кантрабандзе


Праўдападобна, што расейскія ўлады ўсё ж узяліся за нафтавую кантрабанду зь Беларусі. У інтэрвію Інтэрфаксу прадстаўнік адной з кампаніяў-вытворцаў прадуктаў нафтахіміі заявіў, што расейская чыгунка не дае згоды на прыём і адпраўку сыравіны для так званых растваральнікаў і разбаўляльнікаў, пад выглядам якіх Беларусь бязмытна экспартавала ў Эўразьвяз розныя гатункі бэнзіну ды дызпаліва.

Сублімаваныя нафтапрадукты вырабляюцца ў Беларусі з расейскай сыравіны і не абкладаюцца мытам. Таму расейскі бюджэт нясе мільярдныя страты. Так, за 5 месяцаў гэтага году экспарт такой прадукцыі перавысіў 2 мільёны тон, яго сума склала 2 мільярды 200 мільёнаў даляраў. Але ў такой колькасьці растваральнікі ды разбаўляльнікі ніводнай краіне не патрэбныя, што падштурхоўвае да думкі пра бэнзінавую кантрабанду пад зручным прыкрыцьцём.

Кіраўніцтва Расеі ня раз выказвала заклапочанасьць дваістай гульнёй саюзьніка, заяўляючы, што пастаўкі такога тавару — гэта, па сутнасьці, рээкспарт расейскіх нафтапрадуктаў бяз сплаты экспартнага мыта ў бюджэт Расеі. У сярэдзіне чэрвеня прэм’ер-міністар Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў заявіў у Менску пра намер разабрацца з гэтым пытаньнем і пакараць вінаватых.

Аднак беларускі бок ніякіх бачных крокаў на шляху згортваньня спрэчнага экспарту так і не зрабіў, што прымусіла Маскву задзейнічаць магутнасьці сваёй чыгункі. Як удакладніў суразмоўца Інтэрфаксу, дэ-факта пастаўкі сыравіны для растваральнікаў і разбаўляльнікаў заблякаваныя і гэты бізнэс у Беларусі прыпынены.
XS
SM
MD
LG