Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эканаміст Леанід Злотнікаў: «Інфляцыя да канца году можа дасягнуць 30–40%»


Інфляцыя ў Беларусі склала 12% за 7 месяцаў (да сьнежня 2011 году). Больш за ўсё растуць цэны на харчовыя тавары (на 11,7%), менш — на прамысловыя, паведаміў старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэту Ўладзімер Зіноўскі. На ягоную думку, «такія тэмпы даюць магчымасьць выканаць той прагноз, які плянуе дзяржава сёлета — 20–22%, цэны можна ў такіх межах утрымаць». Пры гэтым старшыня Белстату лічыць, што цэны ў Беларусі ніжэйшыя, чым, да прыкладу, у Расейскай Фэдэрацыі.

Што да вынікаў працы эканомікі ў першым паўгодзьдзі ў цэлым, спадар Зіноўскі адзначыў, што асноўныя лічбы — ВУП, прамысловая вытворчасьць, таваразварот, валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі.

Леанід Злотнікаў
Леанід Злотнікаў
На думку эканаміста Леаніда Злотнікава, 12% — гэта даволі высокая інфляцыя, гэта тое, што ў разьвітых краінах назвалі б экстрэмальнай сытуацыяй. Але для Беларусі гэта прывычная зьява:

«Інфляцыя павінна быць большая, таму што грашовая маса ўзрасла ў большай ступені, чым ВУП — дзесьці на 30–35%. Таму што Нацыянальны банк грашовую масу прытрымлівае і не пускае ў абарот, выдае свае паперы, кароткатэрміновыя аблігацыі, прадае іншым банкам альбо прадпрыемствам. Ён таксама павялічыў стаўку рэзэрваваньня. Гэта значыць, што калі камэрцыйныя банкі крэдыты даюць камусьці, то яны павінны больш адлічваць у гэты рэзэрвовы фонд. Нацыянальны банк за кошт гэтага прытрымлівае інфляцыю. Але так стрымліваць ён доўга ня зможа. Таму інфляцыя да канца году можа быць большая за прагназаваныя 20%, недзе 30–40%. Нават МВФ прагназуе ў Беларусі інфляцыю большую, чым наш урад».

Міхал Залескі
Міхал Залескі
Эканаміст Міхал Залескі, каб ацаніць памер інфляцыі, раіць прааналізаваць структуру сямейнага бюджэту — колькі і на што сям’я траціць:

«Давайце паглядзім на структуру сямейных бюджэтаў. Гэта будзе ісьціна і праўда. Чаму? Таму што не істотна, колькі чалавек зарабляе намінальна. Істотна, што ў выніку ён спажывае. І калі мы паглядзім на структуру сямейных бюджэтаў, то ў нас дзьве траціны сем’яў трацяць дзьве траціны ўсіх грошай на харчаваньне. А даражэюць хутчэй за ўсё харчовыя прадукты. То бок для бедных сем’яў гэтая інфляцыя ў 12% выглядае значна большай, чым для багатых. Дзяржава наша дзейнічае ўвесь час у інтарэсах багатых бюракратаў. Вось і атрымліваем у выніку не дзяржаву для народу, а дзяржаву для нашага сярэдняга клясу — то бок для багатых бюракратаў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG