Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мастак Алесь Пушкін, які кіруе валянтэрамі пры рэстаўрацыі Сынкавіцкай царквы, паведаміў, што падчас расчысткі сьценаў ад алейнай фарбы знайшлі графіці.

Мастак Алесь Пушкін з групай валянтэраў ужо некалькі тыдняў працуюць у Сынкавіцкай царкве. Яны расчышчаюць сьцены ад алейнай фарбы, якой іх пакрылі ў 90-я гады мінулага стагодзьдзя. Сынкавіцкая царква-крэпасьць, што ў Зэльвенскім раёне Гарадзенскай вобласьці, пабудаваная пры канцы XV — на пачатку XVI стагодзьдзяў. Гэта рэдкі помнік беларускай архітэктуры.

Пушкін: «Адзінаццаць душ з намі, зараз працуем на рыштаваньнях. Пачынаем памаленьку столь абшкрабаць. А так унізе сьцены абшкраблі, нішы. Знайшлі дзьве графіці. Адну знайшоў студэнт трэцяга курсу гістарычнага факультэту Аляксей Друпаў. А другую — прадстаўнік БХД Віктар Кулак, працуе ў нас такі. Вельмі цяжка працуем».

Аляксей Друпаў, які зрабіў у царкве «маленькае адкрыцьцё», прачытаў пра заклік Алеся Пушкіна ў інтэрнэце. Раней ён працаваў на валянтэрскіх летніках у Крэве і ў Гальшанах. Распавядае

Друпаў: «Царква была зафарбаваная алейнай фарбай у 90-я гады, і ў 1892 годзе таксама паўзьверх тынкоўкі была фарба. І калі я яе счышчаў, то знайшоў невялікае графіці ў выглядзе манаграмы EHS, а над літарай H зьверху крыжык. Гэта ўласьцівая для большасьці каталікоў манаграма. У абрамленьні «сонейка» яна зьяўлялася эмблемай ордэна езуітаў. А бяз «сонейка» яе можна сустрэць шмат дзе, і на францішканскіх кляштарах, напрыклад.

Ёсьць шмат варыянтаў транскрыпцый: кажуць, што EHS — гэта першыя літары ад Іісус Хрыстос. А ёсьць варыянт, што гэта Esus hominis salvator. Ёсьць яшчэ некалькі варыянтаў. Але галоўнае ў тым, што гэты сымбаль уласьцівы толькі каталікам і, магчыма, грэка-каталікам. Праваслаўныя такім не карысталіся.

І гэта маленькае адкрыцьцё: гэта каталіцкае ці ўніяцкае графіці ў праваслаўным храме. Гэта можа сьведчыць пра тое, што гэты храм калісьці быў каталіцкім. А можа, хтосьці з каталікоў туды прабраўся і так «адпомсьціў».

Алесь Пушкін на працы ў Сынкавіцкай царкве

Алесь Пушкін на працы ў Сынкавіцкай царкве

Валянтэраў шукалі «ўсім мірам». Алесь Пушкін кажа, што ад некаторых людзей ужо давялося пазбавіцца:

«Разьлік у нас кожны дзень. Бывала, што праваслаўныя зьмія зялёнага саграшаць, да дзявятай на заўтра на малітву ня прыйдуць. Бацюшка спачатку ўвешчвае, але калі ўжо ўпарцяцца ў грасе, то тады праганяем. Пяць чалавек у нас так прагналі. Народ жа па абвестках прыходзіць».

Аляксей Друпаў кажа, што валянтэры працуюць у нармальных умовах:

«Алтарная частка такая, што можна паставіць людзей адзін каля аднаго так, каб яны не перашкаджалі, не штурхаліся і не закраналі сам алтар. Тэхналёгія такая: бярэцца адмысловы распушчальнік, мажацца фарба і прыкрываецца цэляфанам на паўгадзінкі. Пасьля саскрабаем фарбу, і сьцяна з тынкоўкай прамываецца содай. Пальчаткі, рэсьпіратары, інструмэнты — усё ёсьць у нас».

Рэстаўрацыя такога каштоўнага помніка выклікала заклапочанасьць у спэцыялістаў, пра што ўжо паведамляла Радыё Свабода.

Начальнік Упраўленьня аховы гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Ігар Чарняўскі паведаміў Радыё Свабода, што для правядзеньня расчысткі яшчэ няма дазволу: «Выдаваўся дазвол на правядзеньне работ у царкве з умовай, што Пушкін прадставіць канцэпцыю правядзеньня працаў. Я яму тое самае гаварыў вусна. Пакуль ён не прадставіць канцэпцыю, якім чынам ён будзе чысьціць, як і што, ніякай расчысткі ня можа быць. Канцэпцыю прадстаўляе любы рэстаўратар. Нават рэстаўратар вышэйшай кваліфікацыі Сараб’янаў з Масквы, які цяпер працуе зь беларускімі рэстаўратарамі ў Спаса-Праабражэнскай царкве.

Што тычыцца валянтэраў, то жывапіс, сьцены — гэта ня проста муроўку класьці або цэглу насіць. Праца з жывапісам — гэта праца прафэсіяналаў, якія маюць адпаведную катэгорыю. А проста нагнаць людзей і змыць ацэтонам ці яшчэ чым і скрабкамі сьцены пацерці, то можна ўвесь жывапіс, які пад фарбай, сьцерці. Гэта маё папярэдняе меркаваньне».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG