Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі карэспандэнт расейскага выданьня The New Times распавядае аб плянах беларускіх уладаў перакрыць канал выезду ў Эўропу праз Расею беларускіх апазыцыянэраў, якім забаронены выезд зь Беларусі.

Менск прапануе неадкладна прыступіць да падрыхтоўкі пагадненьняў, якія прадугледжваюць «ўзаемнае прызнаньне рашэньняў аб адмове ва ўезьдзе на тэрыторыю Саюзнай дзяржавы і выезьдзе з яе»

«Дарога жыцьця»

Падобная ініцыятыва можа мець далёкасяжныя наступствы для беларускай апазыцыі. Незалежныя назіральнікі ў Менску ўпэўненыя, што гаворка ідзе аб чарговай спробе беларускіх уладаў стварыць апазыцыянэрам праблемы з выездам за мяжу праз Расею. Да гэтага часу перасьледаваныя апазыцыянэры, адпраўляючыся за мяжу, дзейнічалі па агульнай схеме: даехаўшы да адкрытай і празрыстай мяжы з Расеяй, адключалі мабільныя тэлефоны, каб спэцслужбы не маглі вылічыць іх месцазнаходжаньне, затым дабіраліся да Масквы і ўжо адтуль выляталі ў трэція краіны. Шмат у чым менавіта па гэтай прычыне уведзеныя ўладамі вясной абмежаваньні на выезд для дзеячаў апазыцыі мелі мінімальны вынік. Ясна, што Менск цяпер перапоўнены рашучасьцю перакрыць гэты эміграцыйны маршрут, які апазыцыянэры ўжо назвалі «дарогай жыцьця».


Першыя спробы залатаць выязную дзірку апазыцыянэрам беларускія ўлады распачалі яшчэ ў канцы 2007 года. Тады дзяржаўны памежны камітэт Беларусі зьвярнуўся да расейскай Фэдэральнай міграцыйнай служба (ФМС) з прапановай скласьці агульны сьпіс грамадзянаў, якім забаронены выезд за межы саюзнай дзяржавы. Пры гэтым Менск запэўніваў, што гаворка пойдзе аб асобах, «якія знаходзяцца ў вышуку па крымінальных злачынствах і тых, хто адмаўляецца ад выплаты алімэнтаў». Але Масква тады выступіла з сустрэчнай прапановай да Менску — увесьці візавы рэжым з Грузіяй. Маўляў, адсутнасьць такога рэжыму паміж Грузіяй і Беларусьсю прыводзіць да таго, што грузінскія грамадзяне праз беларускую мяжу свабодна праточваюцца ў Расею.

Лукашэнка не сьпяшаўся з адказам. Менск не хацеў хваляваць Тбілісі, улічваючы добрыя адносіны двух прэзыдэнтаў — Лукашэнкі і Саакашвілі. Карацей, ідэю агульнага «стоп-ліста» тады спусьцілі на тармазах. Тым ня менш ўлады ўжо тады пачалі чыніць перашкоды дзеячам апазыцыі, якія спрабавалі выехаць за мяжу праз расейскую тэрыторыю. Першым з гэтым сутыкнуўся кіраўнік апазыцыйнай Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

«У 2008 годзе я вылятаў у Эўропу праз Шарамецева-2, — распавёў ён The Nеw Times. — Пры праходжаньні пашпартнага кантролю расейскі памежнік паведаміў мне, што ў дачыненьні да мяне адкрытая крымінальная справа, што, маўляў, не дазваляе яму выпусьціць мяне за мяжу. Пры гэтым мне паказалі адпаведны факс з запытам зь Менску».

За некаторы час да гэтага Лябедзька, выступаючы ў тэлепраграме «Зеркало» ў Мікалая Сванідзэ, дазволіў сабе шэраг адкрытых выказваньняў па адрасе беларускай улады. Пасьля чаго супраць яго распачалі крымінальную справу — за «абразу гонару і годнасьці прэзыдэнта».

«Я пачаў пярэчыць: сказаў, што ў расейскага правасудзьдзя прэтэнзіяў да мяне няма і быць ня можа, ды і з дакумэнтамі ў мяне ўсё ў парадку, і таму забарону на выезд лічу неабгрунтаванай, — працягвае аповед апазыцыянэр. — Пасьля гэтага памежнікі пачалі раіцца паміж сабой, потым кудысьці тэлефанавалі, і ў выніку мяне ўсё ж такі прапусьцілі».

Пуцін не гатовы?

Яшчэ больш асьцярогаў ў прадстаўнікоў беларускай грамадзянскай супольнасьці выклікала ініцыятыва Менску аб складаньні агульнага з Расеяй сьпісу асобаў, знаходжаньне якіх на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі «непажадана». Як вядома, на працягу апошніх 15 гадоў беларускія ўлады дэпартавалі з краіны сотні заходніх журналістаў, палітыкаў і праваабаронцаў. Калі новая ініцыятыва пройдзе, гэтыя людзі стануць неўязнымі і на расейскую тэрыторыю.

Цяпер, праўда, незалежныя крыніцы ў Менску ўпэўненыя, што з гэтай задумай ў Лукашэнкі нічога не атрымаецца. Экс-кіраўнік Вярхоўнага Савета Беларусі, старшыня Сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Станіслаў Шушкевіч у гутарцы з The Nеw Times выказаў меркаваньне, што «ў Крамлі, у адрозьненьні ад Менску, пачуцьцё меры пакуль ня страцілі». І дадаў: «Падтрымаць беларускую ініцыятыву — гэта ўсё роўна што падзяліць адказнасьць з Аляксандрам Лукашэнкам за рэпрэсіі ў Беларусі. А ў Уладзіміра Пуціна і без Лукашэнкі хапае зараз галаўнога болю».

Зь меркаваньнем Шушкевіча згодная і былая дэпутатка беларускага парлямэнту, палітоляг Вольга Абрамава:

«Расейскі прэзыдэнт наўрад ці пагодзіцца стаць саўдзельнікам дзеяньняў Аляксандра Лукашэнкі».

Пуцін, мяркуе Абрамава, «пакуль не гатовы да таго, каб яго імя пісалася ў адным радку з Лукашэнкам, праз коску».

Прычына простая: Лукашэнка зручны Маскве — бо з пункту гледжаньня падаўленьня іншадумства быў і застаецца горшым прыкладам:

«Заўсёды зручна мець хлопчыка для біцьця, які горш, чым ты, і пасьля якога ўжо — сьцяна…»

XS
SM
MD
LG