Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Такое здарылася ўпершыню ў сучаснай гісторыі Швэцыі»


Дзьмітры Плакс

Дзьмітры Плакс

Які розгалас у швэдзкіх мэдыях і ў швэдзкай палітычнай сфэры мае цяперашні дыпляматычны канфлікт паміж Стакгольмам і Менскам? З такім пытаньнем мы зьвярнуліся да дзеяча беларускай эміграцыі ў Швэцыі, стваральніка беларускай рэдакцыі радыё Швэцыі Дзьмітрыя Плакса.

Плакс: Розгалас, безумоўна, ёсьць. Упершыню ў сучаснай гісторыі Швэцыі амбасадар Швэцыі быў высланы зь іншай краіны. Здаралася, што амбасадараў адклікаюць, але каб высылалі – гэта ўпершыню. Пра гэта пішуць усе нацыянальныя мэдыі.

Амбасадар Эрыксан быў абвінавачаны ў тым, што мае шчыльныя стасункі зь беларускай апазыцыяй. Але гэта частка працы амбасадара ў любой краіне. Усе амбасадары, якія хочуць мець шчыльныя стасункі са швэдзкай апазыцыяй, іх маюць.

Наколькі я разумею, адказ на такога кшталту крокі афіцыйнага Менску павінен быць на ўзроўні ўсяго Эўразьвязу.

Міністар замежных справаў Швэцыі зараз знаходзіцца ў адпачынку, магчыма, нейкія рашэньні будуць прынятыя, калі ён вернецца. Але ён і зараз сочыць за сытуацыяй і рэагуе праз свой мікраблог у Twitter.

РС: А якое стаўленьне ў швэдзкім грамадзтве да «плюшавага» дэсанту – падзеі, якая стала па меншай меры нагодай для канфлікту? У яе ініцыятарах і ўдзельніках бачаць герояў, змагароў з дыктатурай ці бяздахавых піяршчыкаў?

Плакс: Ну, афіцыйна гэты «плюшавы дэсант», як прычына канфлікту, адмаўляецца як беларускім, гэтак і швэдзкім бокам. Што да самой гэтай падзеі, то ў мэдыях, у тым ліку і сацыяльных, навідавоку розныя меркаваньні. Адны лічаць, што яны зрабілі добрую справу, прыцягнулі ўвагу да сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, іншыя мяркуюць, што яны падставілі людзей у Беларусі, распачалі справу, вынікаў якой яны не маглі сабе ўявіць, што іх веды пра Беларусь былі вельмі абмежаваныя.

Гэтая акцыя дагэтуль выклікае шмат пытаньняў – і хто быў яе замоўцам, і як яна адбылася. Бо адна справа – парушыць паветраную прастору Беларусі, і іншая – парушыць паветраную прастору Літвы, як краіны НАТА. І гэта ўсё абмяркоўваецца ў швэдзкіх мэдыях.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG