Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вылучэнцаў Мілінкевіча ва ўчастковыя выбаркамы адфільтравалі


Адміністрацыя Першамайскага раёна Менска прыняла рашэньне наконт складу выбарчых участковых камісій — у тым ліку па Ўручскай 109-й акрузе, па якой кандыдатам у дэпутаты вылучаны лідэр Руху «За Свабоду».

Як паведамляе прэсавая служба Руху «За Свабоду», склад участковых выбаркамаў будзе абвешчаны праз некалькі дзён, а сёньня адміністрацыя Першамайскага раёна агучыла інфармацыю пра тое, прадстаўнікі якіх партый і арганізацый будуць лічыць галасы ва Ўруччы.

У склад участковых выбарчых камісій Уручскай выбарчай акругі былі вылучаны 52 прадстаўнікі Аляксандра Мілінкевіча, зь іх 42 чалавекі прадстаўляюць Беларускую партыю «Зялёныя», Партыю БНФ і грамадзкае аб’яднаньне «БНФ Адраджэньне».

Ніхто з іх у склад участковых выбаркамаў ня быў уключаны. Па тых, хто вылучаўся ў склад камісій праз подпісы грамадзян раёна, інфармацыі пакуль няма.

Сваё рашэньне кіраўніцтва Першамайскага раёна сталіцы патлумачыла так: у камісіі былі ўключаныя асобы, якія мелі адпаведны досьвед падчас мінулых выбарчых кампаній, «сумленныя і прыстойныя», а таксама «маючыя аўтарытэт і павагу ў сваіх працоўных калектывах».

Кіраўнік выбарчага штабу Аляксандра Мілінкевіча на парлямэнцкіх выбарах Юрась Меляшкевіч заявіў, што такім рашэньнем уладаў ня зьдзіўлены:

«Але калі чыноўнікі лічаць, што такім чынам будзе падрыхтавана глеба для фальсыфікацыяў, то мы прыкладзем усе намаганьні, каб з дапамогай назіральнікаў працэс падліку галасоў быў максымальна празрысты для грамадзтва».

Што да афіцыйна агучаных крытэра адбору сябраў выбарчых камісій, то, па словах Меляшкевіча, яны сфармаваныя паводле вядомага анэкдоту аб тым, што прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь можа быць толькі асоба, якая мае досьвед працы прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG