Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск патрабуе закрыць амбасаду Швэцыі

абноўлена

Уваход у амбасаду Швэцыі ў Менску, 8 жніўня 2012
Уваход у амбасаду Швэцыі ў Менску, 8 жніўня 2012

Беларусь пайшла на эскаляцыю дыпляматычнай вайны са Швэцыяй. МЗС Беларусі закрывае сваю амбасаду ў Швэцыі і патрабуе ад Швэцыі, каб яна зрабіла тое ж да 30 жніўня. Размовы аб разрыве дыпляматычных адносін пакуль няма.

У Брусэлі заплянаванае пазачарговае пасяджэньне

Брусэль зьбірае інфармацыю пра беларуска-швэдзкі канфлікт

Більт: Лукашэнка паводзіць сябе як бандыт

Лялькоў: «Гэта вельмі сур’ёзны выклік усёй аб’яднанай Эўропе»

Карл Більт: Страх Лукашэнкі перад правамі чалавека дасягнуў новых вышыняў

Вячаслаў Пазьняк: «Швэцыя прыме рашэньне пасьля кансультацыяў з Брусэлем»

Андрэй Ягораў: «Мы бачым палітыку фільтрацыі»

Швэдзкі журналіст: Гэта чаканы дыпляматычны ход



16:30 Радаслаў Сікорскі: ЭЗ мае праявіць салідарнасьць

Міністар замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі напісаў у сваім Твітэры з нагоды дыпляматычнага канфлікту паміж Беларусьсю і Швэйцыяй:

«Швэцыя можа ганарыцца сваёй роляй у абароне правоў чалавека ў Беларусі. Эўразьвяз павінен праявіць салідарнасьць».


15:00 Беларусь анулявала візы швэдзкіх дыпляматаў

У МЗС Швэцыі прызналі, што будуць вымушаныя выканаць патрабаваньне афіцыйнага Менска да канца жніўня адклікаць сваіх дыпляматаў зь Беларусі.
Прадстаўнік гэтага ведамства Андэрс Ёрле зазначыў «Свабодзе»:

«Гэта рашэньне, прынятае МЗС Беларусі. Яны забралі ў іх дыпляматычныя візы. У нас няма іншага выбару».


14:00 Швэдзкія дыпляматы пакінуць Беларусь да канца жніўня

Пра гэта заявіў кіраўнік прэсавай службы МЗС Швэцыі Андэрс Ёрле.
Цяпер ягонае ведамства рыхтуе камэнтар ў адказ на заяву МЗС Беларусі, паведаміў ён.

13:10 Міністар замежных справаў Швэцыі Карл Більт у інтэрвію TT (Tidningarnas Telegrambyrå) швэдзкаму агенцтву навінаў:

«Ён паводзіць сябе як бандыт. Я ня ведаю, чаму яны пайшлі на эскаляцыю. Ні для кога не сакрэт, што іх вельмі раздражняе нашая праграма па дэмакратыі на працягу доўгага часу, і іх гнеў проста цяпер выбухнуў. Няма сумневаў, што сам прэзыдэнт стаіць за гэтым».

Супрацоўніца швэдзкай амбасады ў Менску папраўляе сьцяг, 8 жніўня 2012
Супрацоўніца швэдзкай амбасады ў Менску папраўляе сьцяг, 8 жніўня 2012
12:57 Дэпутат швэдзкага рыксдагу Хрысьціян Хольм заявіў Радыё Свабода:

«Мы з жалем назіраем безвыходнасьць беларускіх уладаў, якія працягваюць ізаляваць сваю краіну. Ненадзейны і ўсё больш дыктатарскі прэзыдэнт і кіраўніцтва робяць усё магчымае, каб захаваць свае пасады ў сытуацыі, калі дыктатуры ва ўсім сьвеце падаюць. Замест таго, каб рэфармаваць і мадэрнізаваць, Лукашэнка выбірае ізаляцыю і рэпрэсіі, што моцна абмяжоўвае правы чалавека і прыгнятае беларусаў.

Я лічу, што гэта сумна, маё шчырае жаданьне мець добрыя і адкрытыя адносіны паміж краінамі і іх народамі. Вельмі шкада, што адзін дыктатар і яго каманда могуць нанесьці такую шкоду краіне і яе народу. Я спадзяюся, што неўзабаве людзі, якія належаць да рэжыму, зразумеюць свае памылкі і пакінуць карабель, які тоне, на чале зь недэмакратычным кіраўніцтвам».

12:56 Паводле нашай інфармацыі, напрыканцы месяца эўрапейскія амбасадары ў Брусэлі будуць мець адмысловую нараду з нагоды швэдзка-беларускага дыпляматычнага канфлікту.

12:20 Эўракамісія хоча тлумачэньняў у справе высылкі швэдзкіх дыпляматаў зь Беларусі. Найбліжэйшым часам можа быць скліканая нарада амбасадараў дзяржаў Эўразьвязу.

Пра гэта паведамляе Польскае радыё са спасылкай на аднаго з прадстаўнікоў Эўракамісіі ў Брусэлі.

12:20 Карл Більт напісаў у сваім твітэры: Мы па-ранейшаму застаемся цьвёрда адданыя свабодзе Беларусі і яе грамадзянаў. Яны заслугоўваюць свабоды і правоў, як у іншых краінах Эўропы.

11:40 Радыё Свабода зьвярнулася да Андрэя Савіных з пытаньнем, якая амбасада Беларусі будзе прадстаўляць інтарэсы краіны ў Швэцыі (і адпаведна ў Нарвэгіі і Даніі) пасьля адкліканьня беларускай амбасады ў Стакгольме. Кіраўнік упраўленьня інфармацыі МЭС Беларусі адказаў, што рашэньня наконт гэтага яшчэ няма, але яно абавязкова будзе прынятае.

10:50 У Стакгольме заўважылі менскую заяву

Прадстаўнік прэсавай службы Міністэрства замежных справаў Швэцыі Андэрс Ёрле на просьбу «Свабоды» пракамэнтаваць сытуацыю з патрабаваньнем Менску закрыць швэдзкую амбасаду ў Беларусі адказаў так:

«У нас пакуль няма рэакцыі на гэтае рашэньне. Але мы заўважылі тое, што сказала Міністэрства замежных справаў Беларусі».

9:45 «Гэта сьвежая навіна для нас, мы даведаліся пра гэтае рашэньне МЗС Беларусі толькі сёньня раніцай. Пакуль мы яго ніяк не камэнтуем. Ідуць кансультацыі з МЗС Швэцыі», — паведамілі Свабодзе ў швэдзкай амбасадзе ў Менску. МЗС Швэцыі пакуль недаступны для камэнтароў.

Рэагуючы на рашэньне МЗС Швэцыі аб высылцы са Стакгольма двух беларускіх дыпляматаў у адказ на адмову працягнуць акрэдытацыю швэдзкаму паслу ў Менску Стэфану Эрыксану афіцыйныя ўлады Беларусі прынялі рашэньне адклікаць усіх сваіх дыпляматаў са Стакгольма:

«Беларускі бок вымушаны прыняць рашэньне аб адклiканьнi сваёй амбасады ў Швэцыі і вяртаньні ўсіх супрацоўнікаў у Рэспубліку Беларусь. Адпаведныя дзеяньні ўжо робяцца.

Адначасова, грунтуючыся на прынцыпе ўзаемнасьці, зафіксаваным у тым ліку ў арт. 2 Венскай канвэнцыі, швэдзкаму боку прапанавана адклікаць сваю амбасаду з Рэспублікі Беларусь да 30 жніўня 2012 года. Беларускі бок зыходзіць з таго, што ўсе супрацоўнікі швэдзкай амбасады га ў Беларусі з гэтай даты страцяць свой статус», — гаворыцца ў заяве МЗС.

Беларускі бок пры гэтым падкрэсьлівае, што гаворка не ідзе аб разрыве дыпляматычных адносін.

МЗС Беларусі тлумачыць свой крок тым, што швэдзкія ўлады вырашылі выслаць са Стакгольма двух старэйшых дыпляматаў амбасады Беларусі, уключаючы часовага паверанага ў справах, і адмовілі ва ўезьдзе ў Швэцыю новага амбасадара Беларусі, які мае агрэман урада Швэцыі:

«Такім чынам, дыпляматычны склад беларускай амбасады ў Стакгольме скарочаны да двух малодшых дыпляматаў, якія ня маюць дастатковых паўнамоцтваў і кваліфікацыі для кіраўніцтва місіяй. Названыя дзеяньні швэдзкага боку накіраваныя на сур’ёзнае абмежаваньне прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь у Швэцыі і магчымасьці паўнавартаснай абароны інтарэсаў беларускіх грамадзян і аказаньня паслуг грамадзянам Швэцыі, а таксама Нарвэгіі і Даніі, дзе амбасада акрэдытаваная па сумяшчальніцтве».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG