Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабуля Надзеі Астапчук: За ўнучаньку радуюся, але плачу, што гэтага ня бачыць яе мама


Надзея Астапчук

Надзея Астапчук

У вёсцы Вялікія Арлы на Століншчыне два дні не спыняецца сьвяткаваньне — хто добрым словам, хто пад «чарку і скварку» адзначаюць алімпійскую перамогу сваёй зямлячкі, штурхальніцы ядра Надзеі Астапчук.

І ўжо колькі дзён не высыхаюць сьлёзы ў бабулі Надзеі — Аляксандры Іванаўны Чупік. 82-гадовая жанчына плача ад шчасьця і з гора адначасова. Найперш, што яе дачка Валянціна — маці Надзеі — не дажыла да такога сьветлага моманту. Сама Аляксандра Іванаўна ўсё жыцьцё адпрацавала на фэрме, вырасьціла пяцёра дачок, а цяпер ганарыцца ўнучкай, якая праславілася на ўвесь сьвет:

«Дзякуй вам за віншаваньні, за добрыя словы... Я яе маленькую гадавала, яна паслухмяная была, заўсёды слухала бабу. Такая ў мяне ўнучанька добранька. Таму, зразумела, што я за яе вельмі радая. Мне ўжо потым суседзі паказалі па тэлевізары, як яна перамагла, я сама не глядзела, ня той ужо ўзрост. Парадавалася, канечне, але і расстроілася, паплакала. Бо мая дочачка ўжо ня бачыла, як ейная дачушка заваявала той мэдаль...».

Бабуля Аляксандра кажа, што Надзея, як выпадае час, заўсёды наведвае яе, дапамагае, падтрымлівае і духоўна, і матэрыяльна. І абавязкова разам яны ідуць на могілкі:

«Надзька прыяжджае, дапамогу дае мне, бо вельмі клапатлівая. Я ж яе як гадавала, то таксама заўсёды шкадавала, яна вельмі добрая была. Хай ёй гасподзь дапамагае. Я малюся богу, каб усім дапамагаў, і маёй унучачцы, Надзеньцы таксама... Вось як прыяжджае, мяне адведае, і ўдвох мы ідзем на могілкі. Неяк як заехалі, яна так расстроілася, нават я спужалася — так плакала па мацеры, аж абняла помнік. Валяй яе маці звалі. Ужо дзесяць гадоў як мой муж памёр, а хутка і Валюша за бацькам адышла, Надзіна мама, — ужо дзевяць гадоў мінула».

Аляксандра Іванаўна прызнаецца, што ўнучка прапаноўвала і пераяжджаць у Менск, і паехаць дзесьці адпачыць. Але яна ўвесь час адмаўляецца:

«Надзька неяк прыяжджала, як ехала ў санаторый ці яшчэ некуды, дык казала: бабуля, я цябе забяру. Я ёй тады кажу, што ўжо старая, дык навошта такі клопат са старой бабай? Ды не захацела. Надзька мяне шкадуе, мая ўнучанька. Ох, мая пташанька, яна ў мяне вельмі добрая, ды слухалася заўсёды. Таму я радуюся, але ўсё роўна перажываю, бо ўвесь час думаю: каб яе мамачка жыла ды дзівілася на сваю дачушку, гэта ж якое шчасьце было б. Малюся богу, каб ён рабіў усім добра...».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG