Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Просьбу праваабаронцаў сустрэцца з генпракурорам ня сталі нават разглядаць


Генэральная пракуратура адказала на зварот кіраўнікоў праваабарончых арганізацый да генэральнага пракурора РБ і старшыні Вярхоўнага суду РБ, у якім яны зьвярталі ўвагу на праблему «прэвэнтыўных затрыманьняў» грамадзкіх і палітычных актывістаў.

«Практыка затрыманьняў, якія груба парушаюць правы грамадзянаў Беларусі, гарантаваныя Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і міжнароднымі абавязаньнямі нашай краіны ў галіне правоў чалавека, набыла сыстэмны характар і павінна кваліфікавацца як адвольныя затрыманьні», — паведамлялася ў звароце.

Зварот зьмяшчае зьвесткі пра актывістаў, якіх затрымлівалі і асуджалі да адміністрацыйных арыштаў.

Генэральная пракуратура ў асобе начальніка аддзелу нагляду за захаваньнем правоў і свабодаў грамадзян М.В.Паповай палічыла, што паколькі падпісанты звароту не зьяўляюцца «асобай, якой ва ўстаноўленым законам парадку дэлегаваныя правы на прадстаўніцтва інтарэсаў пералічаных у звароце грамадзян, дастатковых падстаў для разгляду вашага звароту па сутнасьці ня маецца».

У той жа час адзін з падпісантаў звароту, намесьнік старшыні ПЦ «Вясна» Валянцін Стэфановіч кажа, што праваабаронцы і ня мелі на мэце прадстаўляць чыесьці інтарэсы, а прасілі «сустрэчы з генэральным пракурорам Рэспублікі Беларусь, старшынёй Вярхоўнага суду Рэспублікі Беларусь з мэтай абмеркаваньня сытуацыі, спыненьня незаконнай практыкі і прыцягненьня вінаватых да адказнасьці».

Валянцін Стэфановіч

Валянцін Стэфановіч

Стэфановіч: «Мы зыходзілі з таго, што гэта вышэйшыя службовыя асобы, у абавязкі якіх уваходзіць забесьпячэньне законнасьці ў краіне і абарона правоў грамадзянаў. Трэба сказаць, што мы не наіўныя людзі. Адна з асноўных задачаў — гэта прыцягненьне ўвагі да гэтай праблемы, у тым ліку і вышэйшых службовых асобаў. Мы прадбачылі, што з намі могуць адмовіцца сустракацца. Нашая справа — прапанаваць. Мы як праваабаронцы гатовыя размаўляць з усімі пра праблемы правоў чалавека, калі нас гатовыя слухаць. Калі нас ніхто ня хоча слухаць, то гэта яшчэ адзін мінус да сёньняшняй улады».

Валянцін Стэфановіч кажа, што былі спробы абскарджваць падобныя прысуды. Некаторыя зь іх мелі посьпех. Напрыклад, гісторыя з масавымі затрыманьнямі ў ДК трактарнага заводу, калі былі затрыманыя ўсе гледачы канцэрту «Ежа замест бомбаў», сацыяльныя актывісты і блізкія да анархістаў асобы. Там у дачыненьні да двух чалавек, якія былі абвінавачаныя ў нецэнзурнай лаянцы, пастановы адмянілі. І аднаму зь іх выплацілі кампэнсацыю маральнай шкоды. Бываюць такія выпадкі, але рэдка. А калі тычыцца больш сыстэмных апазыцыянэраў, як, напрыклад, Павал Вінаградаў ці Іван Амельчанка, то шанцаў на адмену такіх пастановаў няма.

Па словах Віталя Стэфановіча, у гэтай сыстэме вельмі цяжка адстаяць свае правы. Але праваабаронцы будуць працягваць рабіць усё магчымае: «Калі б мы маглі абараніць нашых людзей у судах, мы б гэта рабілі, вядома, і робім. Але шанцаў мала. Будзем працягваць зьбіраць інфармацыю, зьвяртацца ў міжнародныя арганізацыі і прыцягваць увагу грамадзкасьці да гэтай праблемы».
XS
SM
MD
LG