Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Краўчанка не кантактуе зь мільянэрам — уладальнікам кнігі Скарыны


Пятро Краўчанка

Пятро Краўчанка

У панядзелак на прэзэнтацыі кнігі Ўладзімера Арлова і Зьмітра Герасімовіча «Вялікае Княства Літоўскае. Ілюстраваная гісторыя» былы міністар замежных спраў Пятро Краўчанка заклікаў пачаць збор сродкаў на выкуп каштоўнага рарытэту — «Малой падарожнай кніжкі» Францыска Скарыны. Маўляў, кніга знаходзіцца ў аднаго беларускага мільянэра. Паводле ацэнак Пятра Краўчанкі, экзэмпляр «Малой падарожнай кніжкі» можа каштаваць ад 300 тысяч да 500 тысяч даляраў.

Набыцьцё кніг Скарыны ўвайшло асобным пунктам у дзяржаўную праграму «Культура» на 2011–2015 гады. Некалькі гадоў таму Міністэрству культуры адна прыватная асоба з Масквы прапаноўвала купіць «Малую падарожную кніжку». Пятро Краўчанка сьцьвярджае, што 5 гадоў таму Міністэрству культуры Беларусі праз асобаў з Масквы была прапанаваная менавіта гэтая кніга:

«Менавіта гэты экзэмпляр. Цяпер гэтая кніга ў Беларусі».

Карэспандэнтка: «А чаго, калі гэта мільянэр, такія ён кошты „заломвае“?»

«Я думаю, ён сам купіў не за тысячу даляраў, а за велізарныя грошы. Наколькі я чуў, як быццам бы спачатку ён зьбіраўся ўвогуле падарыць гэтую кнігу дзяржаве, прэзэнтаваць год назад. Потым ён перадумаў. Мне проста далі інфармацыю, што, па-першае, у дзяржавы грошы ёсьць. Па-другое, чалавек як быццам перадумаў і зараз ужо ня хоча прадаваць. А купляў ён для таго, каб падарыць Беларусі, так мне сказалі ў Маскве. А цяпер ён вагаецца. Можа, уся гэтая сытуацыя крыху яго падштурхне, каб ён прыняў нейкае рашэньне».

Карэспандэнтка: «Вы з гэтым чалавекам кантактуеце?»

«Не, я не кантактую з гэтым чалавекам».

Такім чынам, хто гэты загадкавы мільянэр — застаецца таямніцай. Пятро Краўчанка, які з гэтым мільянэрам — уладальнікам скарынаўскага рарытэту — асабіста не кантактуе, выказаў меркаваньне, што кошт кнігі — ад 300 да 500 тысяч даляраў. Задаю пытаньне загадчыку аддзелу публікацый і дакумэнтаў Нацыянальнага гістарычнага архіву Зьмітру Яскевічу, які езьдзіў выкупляць Статут Вялікага Княства Літоўскага для Магілёўскага музэю, што да цаны «Малой падарожнай кніжкі»:

Карэспандэнтка: «Рэальныя гэта кошты?»

«Ну вядома ж, не. Зразумела, што і „Статут“ столькі не павінен быў каштаваць, і ніхто яго за такія грошы ў нас бы, напэўна, і не набыў. Што тычыцца астатніх прапановаў. Казімір Семяновіч — магчыма, ён столькі і каштуе з-за таго, што ён у добрым стане. Што да „Малой падарожнай кніжкі“, я яе ня бачыў, і мне цяжка казаць пра стан, захаванасьць. Але ў любым выпадку кошт яе завышаны».
Складаецца такое ўражаньне, што хочуць сабраць болей грошай, каб некаму канкрэтна заплаціць

Загадчык аддзелу рэдкай кнігі бібліятэкі Нацыянальнай акадэміі навук імя Якуба Коласа Аляксандар Стэфановіч што да грошай, якія спадар Краўчанка прапануе сабраць на кнігу, кажа:

«Напэўна, яна не каштуе такіх грошай. З майго пункту гледжаньня, шуміха крыху разьдзьмутая. Складаецца такое ўражаньне, што хочуць сабраць болей грошай, каб некаму канкрэтна заплаціць. Мне здаецца, што гэта нейкія інтрыжкі. Крыўдна, што гэта ўсё выходзіць на шырокае поле дзейнасьці для хворых галоў. За гэтыя грошы можна зрабіць факсымільнае выданьне і раздаць па буйных і дробных бібліятэках і пусьціць у продаж. Было б мэтазгодней накіраваць грошы на факсымільнае выданьне, як выдалі Біблію».

А вось яшчэ адна адмыслоўца ў сфэры кніжных рарытэтаў, якая прасіла не называць яе, выказала такое меркаваньне:
„Малая падарожная кніжка“ Скарыны — гэта сапраўды ўнікальная рэч

«Я думаю, што гэта рэальны кошт. Так, ад 300 да 500 тысяч. „Малая падарожная кніжка“ Скарыны — гэта сапраўды ўнікальная рэч. Яна па складзе вельмі добрая. Але поўны ніхто ня ведае, які быў склад. Але, тым ня менш, там ёсьць дзьве гравюры, якія вельмі рэдкія. Самы поўны экзэмпляр зараз захоўваецца ў Каралеўскай бібліятэцы ў Капэнгагене».

Што да стану скарынаўскай «Малой падарожнай кніжкі», Пятро Краўчанка запэўнівае, што трымаў яе ў руках:

«У ідэальным стане. Гэта адзін з найлепшых экзэмпляраў у сьвеце. Па паўнаце гэта другое выданьне. Толькі Санкт-Пецярбурская бібліятэка імя Салтыкова-Шчадрына мае больш поўны, так бы мовіць, канвалют. Гэта экзэмпляр нумар два ў сьвеце. У Нацыянальнай бібліятэцы Расеі ёсьць 10 частак ці разьдзелаў „Малой падарожнай кніжкі“, а ў гэтым экзэмпляры — 18».

У аўторак у сярэдзіне дня Пятро Краўчанка заявіў, што яшчэ ў панядзелак на самой імпрэзе, дзе ён абвясьціў пра збор сродкаў на выкуп скарынаўскага рарытэту, грошы быццам бы знайшліся:

«Учора падышлі людзі, якія адказваюць у нейкім сэнсе за культуру, і сказалі, што грошы ў дзяржавы ёсьць. Як быццам дзяржава знайшла грошы».

Карэспандэнтка: «Людзі гэтыя зь Міністэрства культуры ці адкуль?»

«Гэта людзі з Нацыянальнай бібліятэкі».

Нават калі дзяржава і ня дасьць грошы на кнігу Скарыны, Пятро Краўчанка перакананы, што беларусы зьбяруць грошы і яе выкупяць.
Нешта незразумела, на чым мы будзем далей нажывацца: на сваёй культуры, на сваіх грамадзянах, на спадчыне?

Экспэрт па рарытэтных выданьнях, загадчык аддзелу публікацый і дакумэнтаў Нацыянальнага гістарычнага архіву Зьміцер Яскевіч, што да прапановы спадара Краўчанкі, задае рытарычнае пытаньне:

«Я проста не разумею спадара Краўчанку ў сэнсе таго, што гэты мільянэр сапраўды зь Беларусі. Дык няхай бы ўзяў і падарыў гэтую кнігу. Нешта незразумела, на чым мы будзем далей нажывацца: на сваёй культуры, на сваіх грамадзянах, на спадчыне?»

«Малая падарожная кніжка» Скарыны была надрукаваная ў Вільні ў 1522 годзе. Яна ўключае ў сябе Псалтыр, «Часасловец», 8 акафістаў і 10 канонаў, «Шасьцідневец», «Саборнік» са сьвятцамі і пасхаліяй. Усяго вядома пра 7 «кніжак» (без уліку экзэмпляру, пра які кажа Пятро Краўчанка). Цалкам не захаваўся ніводзін.
XS
SM
MD
LG