Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Надзея Астапчук сканчвае гістфак і размаўляе па-беларуску

абноўлена

Надзея Астапчук
Надзея Астапчук

Трэці па ліку залаты алімпійскі мэдаль, які здабыла для Беларусі штурхальніца ядра Надзея Астапчук, атрымаўся найбольш пераканаўчы — суперніцы нічога ня здолелі супрацьпаставіць беларускай лёгкаатлетцы. Сама спартоўка кажа, што да гэтай мэты ішла паўтара дзясятка гадоў і цяпер бязьмежна шчасьлівая.

Віншаваньні з упэўненай перамогай прымае ня толькі сама Надзея Астапчук, але і яе родныя. У дыспэтчарскай ПМК-62 гораду Століна расказалі, што сёньня з раніцы віншавалі бацьку Надзеі — Мікалая Васільевіча. Ён жыве ў гарадзкім пасёлку Рэчыца непадалёк ад райцэнтру. Але калі ў дачкі законны выходны, то экскаватаршчык Астапчук яшчэ а 7-й раніцы рушыў на мэліярацыйны аб’ект «Арлы»:

«Мікалай Васільевіч зараз на аб’екце ў „Арлах“ Столінскага раёну, ён жа ў нас працуе машыністам экскаватара. Ніякага выходнага ён не прасіў, бо праца ёсьць праца. Мы, вядома, яго шчыра павіншавалі, хоць гэта далёка ня першы мэдаль Надзеі. Але што тычыцца алімпійскай узнагароды, то гэта найвялікшае дасягненьне, мабыць, для ўсяго Століна».

Пераможны штуршок.
Пераможны штуршок.
​Надзея Астапчук нарадзілася ў 1980 годзе ў вёсцы Вялікія Арлы на Століншчыне. Тут пахаваная яе маці, якая памерла некалькі гадоў таму. Аднавяскоўцы расказваюць, што Надзея, калі гасьцюе ў бацькі ў Рэчыцы, абавязкова наведваецца ў родную вёску:

«Дык што, яна заваявала мэдаль? Вось дзякуй Богу! Ну дык гэта ж наша Надзя Астапчук! Так, яна прыяжджае сюды на могілкі. Дзед яе тут памёр, маці таксама памерла і пахаваная каля нашых родзічаў. Тут жа ўсе вакол нашы, свае, усе жывуць у Вялікіх Арлах. Бабуля яе тут жыве, Аляксандра Іванаўна Чупік. А муж яе быў Кузьма Кірылавіч — дзед Надзі. Адзінае, што яны ад нас далекавата жывуць, дык ня часта бачымся».

Не забываецца Надзея Астапчук і на тое месца, якое дало ёй пуцёўку ў жыцьцё. Ужо ў рангу алімпійскай чэмпіёнкі яна пералічыла 100 мільёнаў рублёў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе ў Століне, адкуль пачала свой чэмпіёнскі шлях.

Аглядальнік спартовай газэты «Прессбол» Барыс Тасман пачаў кантактаваць з Надзеяй задоўга да яе трыюмфаў на вялікай арэне. На яго перакананьне, цяперашняя перамога дзяўчыны — абсалютна заслужаная як у прафэсійным, так і ў чалавечым сэнсе:

«У яе шэраг адметных якасьцяў. Перадусім, яна чалавек з уласным сьветапоглядам — дакладным, ясным, неразмытым, вельмі канкрэтным. У яе свая пазыцыя па прынцыповых жыцьцёвых пытаньнях. І гэтым яна адрозьніваецца ад многіх спартоўцаў. Гэта адно. Зь іншага боку, яна быццам моцная, атлетычная дзяўчына, але ў той жа час вельмі ранімая. Гэта чалавек, паддатны зьнешняму ўплыву — ня ў сэнсе, што можна парушыць яе прынцыпы, якраз не, бо яна сваіх прынцыпаў цьвёрда трымаецца. А ў тым пляне, што яна эмацыйны, далікатны чалавек. І дзеля таго каб перамагчы, трэба было сапраўды быць на галаву мацнейшай за Валеры Адамс.
Яна быццам моцная, атлетычная дзяўчына, але ў той жа час вельмі ранімая.

І вось падрыхтоўку, увесь чатырохгадовы алімпійскі цыкль яны разам з трэнэрам давялі да ідэалу. Асабліва хачу падкрэсьліць ролю трэнэра Аляксандра Яфімава, які працуе зь ёй ужо 16 гадоў. Гэта вельмі значны тэрмін, і як чалавек вопытны цягам гэтага часу ён яе дасканала вывучыў. Уся падрыхтоўка была накіраваная такім чынам, каб выйсьці на ўзровень, недасяжны для новазэляндкі».

Надзея Астапчук — асоба сапраўды рознабаковая. Калісьці сур’ёзна займалася музыкай і маляваньнем, удзельнічала ў конкурсах і выставах. Але больш настойлівыя сэлекцыянэры ўрэшце перацягнулі ў спорт. Спачатку быў баскетбол, але зь цягам часу перайшла ў штурхальныя дысцыпліны. Адрозна ад іншых калегаў, якія «аўтаматам» набываюць адукацыю ў Акадэміі фізвыхаваньня, Надзея — будучы гісторык. Паступіла на бюджэтнае аддзяленьне гістфаку БДУ, але з-за пастаяннай загружанасьці на спаборніцтвах атрыманьне дыплёма ўвесь час адтэрміноўваецца. Між тым перад сабой акрэсьліла, што далей за 2013 год цягнуць ужо нельга.

У перадалімпійскім інтэрвію парталу goals.by Надзея расказала, што вучылася ў Століне ў беларускай школе, таму без праблемаў размаўляе на роднай мове. Пры гэтым выказвае жаль, што на людзей, якія гавораць па-беларуску, глядзяць коса. Апавяла, што ў кампаніі сяброў часьцяком дамаўляюцца цягам усёй сустрэчы гаварыць толькі па-беларуску, «ад чаго ўсе атрымліваюць калясальны зарад энэргіі і пазытыву».

У гісторыі Беларусі найбольш значным этапам лічыць пэрыяд Вялікага Княства Літоўскага, паколькі гэта было «сапраўднае беларускае дзяржаўнае фармаваньне».

Не баіцца Надзея Астапчук падаваць голас у абарону калегаў-спартоўцаў. У прыватнасьці, шмат наракае, што пры патрабаваньні максымальнай аддачы ў падрыхтоўку атлетаў укладаецца абсалютны мінімум. Таму ў бальшыні выпадкаў вынікі спартоўцаў цалкам прапарцыянальныя аб’ёму дзяржаўных «інвэстыцыяў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG