Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У той час як большая частка апазыцыйных партыяў бярэ ўдзел у выбарах у Палату прадстаўнікоў, Беларуская хрысьціянская дэмакратыя ладзіць кампанію іх байкоту.

Прыхільнікі байкоту, сярод іншага, вылучаюць сваіх прадстаўнікоў ва ўчастковыя камісіі і нават рэгіструюць кандыдатаў, якія будуць агітаваць за тое, каб грамадзяне не ішлі на выбары.

Менская актывістка незарэгістраванай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Марына Хоміч нядаўна далучылася да Аб’яднанай грамадзянскай партыі — толькі дзеля таго, каб на зьезьдзе яе вылучылі кандыдатам на выбарах у Палату прадстаўнікоў. У сярэдзіне верасьня яна зьбіраецца сысьці і з выбарчай кампаніі, і з АГП. А падчас агітацыі ня будзе заклікаць галасаваць за сябе ці за каго з кандыдатаў:

«Мы будзем казаць, што на выбары нельга ісьці, што выбараў у краіне няма».

Віталь Рымашэўскі

Віталь Рымашэўскі

Такіх кандыдатаў ад БХД у Менску вылучана чатыры. Іншыя актывісты кампаніі байкоту таксама вылучаюцца — сябрамі ўчастковых выбарчых камісій, назіральнікамі. Іх задача — быць «відавочцамі народнага байкоту», гаворыць адзін зь лідэраў БХД Віталь Рымашэўскі.

«Нашы сябры ўчастковых камісій у выпадку, калі іх улада ўключыць, будуць мець магчымасьць рабіць галоўнае для байкоту — лічыць галасы і лічыць яўку людзей і назіраць за тым, як гэтая яўка фальсыфікуецца».

Актывісты кампаніі байкоту ўжо праводзяць у Менску пікеты з агітацыяй супраць удзелу ў несумленных выбарах, зьбіраюць подпісы за вызваленьне палітвязьняў, распаўсюджваюць улёткі, актыўна агітуюць у інтэрнэце і сацыяльных сетках.

Тацяна Севярынец зь Віцебску кажа, што цяпер яе аднапартыйцы пераважна раскідаюць улёткі пра байкот па паштовых скрынях. Пікеты пакуль праводзіць небясьпечна — іх улады не дазваляюць і арыштоўваюць актывістаў. Такія выпадкі ў Віцебску ўжо былі:

Тацяна Севярынец

Тацяна Севярынец

«У нас ідзе інфармацыйная кампанія, папяровая і вусная, а як толькі будуць зарэгістраваныя кандыдаты і пачнецца агітацыя, тады мы станем у пікеты».

Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік зазначае, што Выбарчы кодэкс не рэглямэнтуе тэрмінаў агітацыі за байкот выбараў. Да самой кампаніі байкоту ён ставіцца наступным чынам:

«Калі гэта байкот — гэта ўсё ў рамках закону. А калі гэта ўдаваны байкот, калі спачатку вылучаюцца кандыдаты, а потым пачынаюць агітаваць „Ня ўдзельнічайце ў выбарах“, то гэта проста падман выбарцаў».

Віталь Рымашэўскі перакананы, што байкот можа адбыцца, бо людзі нават ня ведаюць пра выбары:

«Байкот бы безумоўна быў, і я думаю, што ён будзе. Адзінае, каб ня тыя вылучэнцы ад апазыцыі, якія агітуюць за ўдзел, бянтэжаць беларусаў, саўдзельнічаюць у падмане беларускага народу».

Віталь Рымашэўскі спадзяецца, што выбары праігнаруюць 30–50 працэнтаў беларусаў, і называе кампанію байкоту першым крокам у барацьбе за вольныя выбары ў Беларусі.

Дасьведчаны ў электаральных кампаніях палітык Сяргей Альфер лічыць маларэальным пасьпяховы байкот у цяперашніх умовах. Ён спасылаецца на досьвед байкоту 2000 году:

Сяргей Альфер

Сяргей Альфер

«Тады было дастаткова шмат рэсурсаў, і яны былі эфэктыўна выкарыстаныя ў горадзе Менску, дзе ўдалося зрабіць яўку меншай за 50 працэнтаў. Але ўлады выкарысталі адміністратыўны рэсурс».

Паводле спадара Альфера, маштабы адмінрэсурсу ў параўнаньні з 2000 годам цяпер істотна вырасьлі, а сілаў і еднасьці ў апазыцыі стала меней.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG