Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэп супраць сьмяротнага пакараньня


У сеціве зьявіўся музычны кліп супраць сьмяротнага пакараньня.

У здымках кліпа ўдзельнічалі:
  • грамадзкі дзеяч і літаратар Уладзімер Някляеў;
  • літаратар і мастак Адам Глобус;
  • праваабаронцы Тацяна Равяка і Андрэй Палута;
  • Любоў Кавалёва, маці расстралянага Ўладзіслава Кавалёва.


У фінале кліпа можна пабачыць спасылку на пэтыцыю, якую можа падпсіаць, каб выказаць сваё стаўленьне да пакараньня сьмерцю.

«Гісторыя зьяўленьня гэтага відэакліпа і вельмі простая, і незвычайная. У мінулым годзе на адной зь летніх школаў па правах чалавека сустрэліся маладыя сьпявачкі і выпускнік Акадэміі мастацтваў з рэжысэрскага факультэту. Трэба сказаць, што на тэму сьмяротнага пакараньня падчас школы адбылася не адна гарачая дыскусія, і моладзь вырашыла зрабіць свой унёсак у справу найхутчэйшага вырашэньня гэтай балючай для Беларусі праблемы. І зрабілі — сваімі сродкамі: напісалі словы і музыку, сцэнар, і ў пачатку жніўня адбыліся здымкі самога відэакліпа», — паведамляе сайт праваабарончага цэнтру «Вясна».


Беларусь і сьмяротнае пакараньне


Паводле міжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnesty International, з 1991 году ў Беларусі пакаралі сьмерцю каля 400 чалавек. У Беларусі афіцыйна не публікуюцца статыстычныя дадзеныя пра колькасьць вынесеных і прыведзеных у выкананьне сьмяротных прысудаў, хоць Беларусь як сябра АБСЭ абавязаная «прадстаўляць грамадзкасьці інфармацыю адносна ўжываньня сьмяротнага пакараньня».

Паводле апублікаваных дадзеных Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС Беларусі, з 1998 па 2010 год было вынесена 102 сьмяротныя прысуды, у 2006 годзе было пакарана сьмерцю 9 чалавек, у 2007-м вядома прынамсі пра аднаго пакаранага сьмерцю, у 2008-м — пра трох расстраляных.

Паводле дадзеных, прыведзеных у артыкуле былога старшыні Канстытуцыйнага суду Беларусі Рыгора Васілевіча, у пэрыяд з 1994 па 1998 год колькасьць асуджаных на сьмяротнае пакараньне павялічвалася (25, 37, 29, 46, 47 чалавек адпаведна). Пры гэтым, паводле дадзеных Мін’юсту, з 1990 па 1993 год было вынесена 85 сьмяротных прысудаў.

Паводле інфармацыі былога начальніка (снежань 1996-га — май 2001-га) Сьледчага ізалятара № 1 Камітэту выкананьня пакараньняў МУС Алега Алкаева, з канца 1996-га і да ліпеня 2001-га было пакарана сьмерцю 140 чалавек, а пасьля гэтага былі прыведзеныя ў выкананьне шэсьць прысудаў. У адпаведнасьці з арт. 24 Канстытуцыі Беларусі «сьмяротнае пакараньне да яго адмены можа прымяняцца ў адпаведнасьці з законам як выключная мера пакараньня за асабліва цяжкія злачынствы і толькі згодна з прыгаворам суду».

Прызначацца яно можа за 12 катэгорый злачынстваў у мірны час і яшчэ за 2 — у ваенны час.

У 1993 годзе Беларусь падала заяўку на ўступленьне ў Раду Эўропы і атрымала статус адмыслова запрошанай краіны, аднак у 1997 годзе Бюро ПАРЭ пастанавіла прыпыніць гэты статус «з-за адсутнасьці прагрэсу ў сфэры дэмакратыі, правоў чалавека і вяршэнства права».

Прыпынены быў і разгляд заяўкі аб уступленьні ў Раду Эўропы. Беларусь застаецца адзінай эўрапейскай краінай, у якой выносяцца і выконваюцца сьмяротныя прысуды.

Мараторый на сьмяротную кару — адна з асноўных умоваў вяртаньня беларускаму парлямэнту статусу спэцыяльнага запрошанага Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG