Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Люблю чытаць дэтэктывы. Пастанавіўшы парэкамэндаваць пяць крутасюжэтных кніжак, якія трапілі ў мае рукі цягам апошніх гадоў, я задумаўся над прычынамі гэткай вычварэнскай чытацкай любові. За мінулыя выходныя мне ўдалося больш-менш уцямна ідэнтыфікаваць тры такія прычыны.

Па-першае, дэтэктывы дазваляюць даволі шчыльна запоўніць «пусты час», не пакідаючы пасьля чытаньня нейкіх доўгатрывалых пабочных наступстваў накшталт пахмельля, якое зьяўляецца пасьля шчыльнай выпіўкі. На другі або трэці дзень пасьля запойнага чытаньня дэтэктыўнай гісторыі я ўжо амаль дакладна забываю, каго забілі і хто насамрэч аказаўся забойцам, ня кажучы пра тых, каго ў забойстве падазравалі. Якая палёгка для журналісцкай памяці, празь якую штотыдзень пралятаюць як мінімум некалькі дэтэктыўных пэрсанажаў і сытуацый!

Па-другое, чытаньне дэтэктыва на замежнай мове — супэрская нагода ўдасканаліць веданьне гэтай мовы, прынамсі пасіўнае. Паспрабуйце, напрыклад, палепшыць сваё веданьне францускай мовы чытаньнем «У пошуках страчанага часу» або «Падарожжа на ўскрай ночы»... У Пруста вы можаце заснуць, не адолеўшы траціны нейкай фразы, нават калі вам і ўдасца ўхапіць яе пачатковы сэнс, прыкрыты густашчыльнай сеткай прыметнікаў і прыслоўяў. У Сэліна наадварот — фразы кароткія, але паміж імі няма звычайнай лягічнай сувязі, да якой мы прывыклі ў нашым рутынным жыцьці, і мы стамляемся ўжо на траціне першай старонкі. А ў Жана-Крыстофа Гранжэ значна прасьцей — ня трэба вылузваць сэнсу, бо ён на паверхні. Разумовы патэнцыял, які ад вас патрабуецца пры чытаньні гэтага аўтара, ніколі не перавышае натугі, якую трэба зрабіць дзеля таго, каб дазнацца, што clé à molette азначае «развадны ключ з зубчастай рэйкай» (разнавіднасьць «францускага ключа»), або высілку, зьвязанага з завучэньнем на памяць тузіна францускіх ідыёмаў са словам coup.

Па-трэцяе... Пра трэцюю прычыну, дзеля якой варта чытаць дэтэктывы, я хачу распавесьці ў пяці занатоўках.

ЗАНАТОЎКА ДРУГАЯ

Жан-Крыстоф Гранжэ, «Прысяга ў бездані» (Jean-Christophe Grangé, «Le Serment des Limbes», 2007), Францыя.

Ажно сорамна прызнацца — я прачытаў шэсьць першых раманаў гэтага аўтара, а цяпер якраз чытаю «Le Passager», апошні па ліку, дзявяты, які зьявіўся ў 2011 годзе. Пакуль не кранутымі стаяць на маёй паліцы ягоныя сёмы і восьмы раманы, «Misèrere» (2008) і «La Forêt des Mânes» (2009). Бываюць такія дні, калі нічога лепшага нельга зрабіць, як толькі абкласьціся францускімі слоўнікамі і пачытаць гэтую несусьветную хрэнавень, ад якой чамусьці так цяжка адарвацца.

Пра Жана-Крыстофа Гранжэ я ўпершыню пачуў некалькі гадоў таму, калі паглядзеў францускі фільм «Пурпурныя рэкі» (2000), які быў адаптацыяй ягонага другога рамана пад такім загалоўкам. Фільм быў супэрскім «срылерам», меў настолькі змрочную атмасфэру, што боязна было глядзець, ды настолькі складаны і заблытаны сюжэт, што, як казалі, нават выканаўца галоўнай ролі, славуты Жан Рэно, неяк прызнаўся, што ня ведае, чым насамрэч гэтая крымінальня гісторыя закончылася:)

Гранжэ ўмее прыдумляць неверагодныя сюжэтныя сытуацыі. Прыкладам, у ягоным першым рамане, «Лёт буслоў» (1998), уся крывавая гісторыя круціца вакол кантрабанды дыямэнтаў з Афрыкі ў Эўропу, наладжанай групай абсалютных мярзотнікаў пры дапамозе буслоў, якія штогод курсуюць паміж афрыканскім трапічным поясам і Эўропай. А ў «Імпэрыі ваўкоў» рухавіком для сюжэту зьяўляецца зьмена ідэнтычнасьці: адной тэрарыстцы з фундамэнтальна-радыкальнай турэцкай групоўкі шалёны францускі навуковец, пры дапамозе фінансаванай дзяржавай тайнай дасьледчай праграмы, стварыў новую ідэнтычнасьць. Ёй ня толькі далі новыя рысы твару пры дапамозе складанай плястычнай хірургіі, але і новую псыхічную тоеснасьць, «загрузіўшы» ў адмыслова «прапаласканыя» мазгі фікцыйную інфармацыю і фікцыйныя ўспаміны.

У «Прысязе ў бездані» неймавернасьць сюжэту б’е ўсе рэкорды. Тут галоўным супернікам крымінальнага сьледчага Мат’е з Парыжу зьяўляецца ня хто іншы, як сам Д’ябал. Асноўнай тэмай гэтай дэтэктыўнай гісторыі зьяўляюцца так званыя калясьмяротныя перажываньні (expériences de mort imminente), якія нібыта прыдараюцца асобам у глыбокай коме або падчас клінічнай сьмерці. То бок, у такім падвешаным стане чалавек нібыта можа убачыць мэтафізычны парог, які аддзяляе жыцьцё ад сьмерці, і сустрэць на гэтым парозе ці то Бога, ці то Сатану. Вось у рамане Гранжэ вядзецца перш за ўсё пра «адмоўнае калясьмяротнае перажываньне», калі чалавек у коме або ў стане клінічнай сьмерці сустракаецца з Сатаною і вяртаецца да зямнога жыцьця пасьля складаньня ў бездані жахлівай прысягі на вернасьць Уладару цемры.

У Мат’е ёсьць сябар у крымінальнай паліцыі, Люк, зь якім яны ў юнацтве разам вучыліся ў духоўнай сэмінарыі і марылі стаць слугамі Божымі, але ў канчатковым выніку трапілі ў паліцыю, каб змагацца са злом, якое творыцца на гарадзкіх вуліцах і ў гарадзкіх прытонах. Кніжка пачынаецца тым, як Люка знаходзяць у стане клінічнай сьмерці пасьля таго, як ён паспрабаваў утапіцца... Што было далей — можна збольшага здагадацца на падставе таго, што я сказаў вышэй. Люк насамрэч аказваецца паклоньнікам Д’ябла, і гэта ён сам падстроіў сваё самагубства, каб спаткацца з Уладаром цемры там у бездані і даць яму сваю прысягу... Сюжэту «Прысягі ў бездані» немагчыма пераказаць і прыблізна, таму што ён яшчэ больш заблытаны, чым той у згаданых «Пурпурных рэках». Але кніжку чытаецца запоем — зразумела, калі вы ведаеце францускую мову настолькі добра, каб не заглядваць у слоўнікі. Мне трэба было заглядваць, а таму ў мяне быў, калі можна так сказаць, запой зь гікаўкай...

А вось і крыху сэксу ў сатанісцкім антуражы. Мат’е аддаецца любоўным уцехам з Манон, якую сакрэтны ватыканскі дэпартамэнт у пытаньнях барацьбы з Сатаною падазравае ў тым, што яна таксама склала прысягу Ўладару цемры:

«Нас усё яшчэ скоўвае наша адзеньне — мы блытаемся ў рукавах, гузіках. Але неўзабаве на ёй застаюцца толькі трохкутнік трусікаў і два авалы станіка — белыя геамэтрычныя фігуры, яскравыя, няўмольныя. Фігуры, якія раняць мяне і вабяць, вярэдзяць і прыцягваюць. Маё цела гатовае ўзарвацца: пырснуць струменем крыві і шкумацьцём мышцаў.

Я падаю на сьпіну. Нада мной адкрываюцца яе грудзі, цяжкія, пяшчотныя, захапляльныя. Выпушчаныя на папас зямнога прыцягненьня, яны выпраменьваюць свой уласны жар. Іхнае трымценьне аддае рэхам у глыбіні маёй істоты. Я прыўзьнімаюся. Яна зноў мяне абнімае, прыхінаючыся да мяне. Я канчаткова трачу кантроль над сабой. Усё іншае ня мае значэньня, акрамя нас дваіх, якія чапляюцца адно аднаго, перапалоханыя, атупелыя ад прыліву пажады.

Яна трэцца аб мяне, кіруе мною, маніпулюе мною, як быццам зьдзіраючы зь мяне іншыя апраткі, напластаваныя за столькі гадоў: пастановы, якімі я выкоўваў свой характар; падманы, якімі я сябе суцяшаў. Гэтая хвіліна настолькі насычаная, што ў ёй зьмяшчаюцца ўсе часьцінкі часу зь мінулых і будучых гадоў майго жыцьця.

Я адчуваю слабасьць і стому, гледзячы на гэты адзіны аб’ект прыцягненьня — набрынялыя грудзі, такія белыя, такія свабодныя, зь цёмнымі арэоламі, дрыготкімі, якія кранаюцца майго твару. Адчуваючы адначасова жар і холад, я падымаю руку, стараюся дакрануцца да іх.

Але гэта ня час на пяшчоты. Манон, акірэчыўшы маё падбрушша, засоўвае рукі мне пад патыліцу. Я не імкнуся разумець, што адбываецца. Гэта самы інтэнсіўны момант майго жыцьця. Яна абхоплівае маю шыю, нахіляецца нада мною і пачынае дзівосны і настойлівы рух сваімі бёдрамі.

Яна шукае свайго задавальненьня, прыбліжае яго, траціць, зноў дасягае. Высілак каханьня, адначасова брутальны і далікатны, дакладны і прымітыўны, зь якога я выключаны. Я прыстасоўваюся да яе бортавай гайданкі і адчуваю, як ува мне ўзьнімаецца такое самае памкненьне, такая самая апантанасьць...»


І так далей... Гэтая сцэна адбываецца пад вокам ватыканскага кардынала і ягоных экспэртаў у змаганьні зь сіламі цемры. Яны назіраюць за Мат’е і Манон праз сакрэтныя візіры ў суседнім пакоі і здымаюць схаванай відэакамэрай гэты высілак каханьня. Дакумэнтуюць, так бы мовіць, д’ябальскія фокусы...

ЗАНАТОЎКА ПЕРШАЯ

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG