Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня Цэнтаравыбаркаму Лідзія Ярмошына адхіліла прапанову гомельскага праваабаронцы, юрыста Леаніда Судаленкі, наладзіць лікбез для акруговых камісіяў.

У пісьмовым адказе на зварот Ярмошына напісала, што акруговыя камісіі ў сваёй дзейнасьці кіруюцца нормамі Выбарчага кодэксу. І далей: «У 2010 годзе ў Выбарчы кодэкс быў унесены шэраг паправак, у тым ліку і тыя, якія закранаюць парадак рэгістрацыі кандыдатаў у прэзыдэнты, дэпутаты. У адпаведнасці са зменамі, зьвесткі біяграфічнага характару, якія не адпавядаюць сапраўднасьці, не зьяўляюцца падставай для адмовы ў рэгістрацыі».

Лідзія Ярмошына вярнула Леаніду Судаленку копію рашэньня Камітэту ААН па правах чалавека наконт яго нерэгістрацыі ў 2004 годзе кандыдатам у дэпутаты парлямэнту па Хойніцкай выбарчай акрузе № 47.

Судаленка: «Беларуская ўлада ня хоча заўважаць і рэагаваць на рашэнні Камітэту ААН па правах чалавека, якіх з кожным годам становіцца ўсё больш. Адказ Ярмошынай — яшчэ адзін таму прыклад. Яна проста не жадае знаёміць акруговыя камісіі з такімі справамі, у якіх даецца ацэнка і акруговым камісіям, і ЦВК, і судам, якія беспадстаўна адхіляюць прэтэнзіі патэнцыйных кандыдатаў да практыкі арганізацыі і правядзеньня выбараў».

У свой час Хойніцкая акруговая камісія адмовілася зарэгістраваць Леаніда Судаленку кандыдатам з-за таго, што ён нібыта няправільна пазначыў у анкеце месца сваёй працы. Адмову падтрымаў і Цэнтаравыбаркам, а Вярхоўны суд наогул ня стаў разглядаць прэтэнзіі актывіста. Пасьля таго, як спадар Судаленка не знайшоў праўды ўнутры краіны, ён і зьвярнуўся ў Камітэт ААН.

Незалежныя міжнародныя экспэрты 19 кастрычніка 2010 году прыйшлі да высновы, што правы гомельскага актывіста на ўдзел у вядзеньні дзяржаўных спраў і балятаваньні кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў былі парушаныя. Па сутнасьці, улады «зачысьцілі» акругу пад свайго кандыдата і правялі безальтэрнатыўныя выбары.

Каб такое не паўтарылася і сёлета падчас рэгістрацыі кандыдатаў, Судаленка прапаноўваў ЦВК пазнаёміць акруговыя камісіі з рашэньнем уплывовай міжнароднай структуры.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG