Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Некаторыя прадстаўнікі апазыцыі, якія вылучаюцца кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, заяўляюць, што ўжо сабралі неабходную для рэгістрацыі колькасьць подпісаў выбарцаў. Тым часам мясцовыя ўлады й падпарадкаваныя ім міліцыя ды суды ў шгэрагу рэгіёнаў перашкаджаюць апазыцыйным вылучэнцам даносіць да людзей сваю пазыцыю.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


У мінулыя выходныя сябры ініцыятыўнай групы кіраўніка Слонімскай арганізацыі БНФ Івана Шэгі праводзілі пікет дзеля збору подпісаў у Зэльве. Пікетоўцы адзначаюць абыякавасьць мясцовых жыхароў да выбарчае кампаніі.

Сябра ініцыятыўнай групы Альберт Гліньнік зьвяртае ўвагу, што людзі зьнявераныя як ва ўладзе, так і ў апазыцыі.

Гліньнік: «Людзі ставяцца да пікетаў раўнадушна, калі сказаць адным словам. Адзін чалавек мне сказаў: што вы, маўляў, усё вылучаецеся-вылучаецеся, а нічога гэтае вашае вылучэньне не зьмяняе. І вось што яму адкажаш?...»

Паводле Гліньніка, такое стаўленьне сустракаецца найчасьцей. Сябры ініцыятыўных групаў ад партыі «Справядлівы сьвет» працягваюць зьбіраць подпісы, нягледзячы на тое, што на партыйным зьезьдзе іхніх прэтэндэнтаў вылучылі партыйным сьпісам.

«Пераважная большасьць выбарцаў ужо зараз ня верыць у справядлівыя вынікі выбараў»

Актывіст партыі Павал Станеўскі кажа, што гэта дае магчымасьць болей сустракацца і размаўляць зь людзьмі, тлумачыць ім сваю пазыцыю. Паводле Станеўскага, пераважная большасьць выбарцаў ужо зараз ня верыць у справядлівыя вынікі выбараў.

Станеўскі: «Шмат людзей спачуваюць нам, але яны перакананыя што мы нічога не даб’емся. У людзей прысутнічае вялізны скептыцызм. Яны разумеюць, што рэжым яшчэ даволі цьвёрда стаіць на нагах і вельмі цяжка яго будзе зрушыць зь месца. А перад намі стаіць канкрэтная задача — стаць дэпутатамі. Мы гэтую задачу выконваем. Прынамсі, імкнёмся выканаць».

ГОМЕЛЬШЧЫНА

На Гомельшчыне найбольш прэтэндэнтаў у кандыдаты на парлямэнцкія выбары вылучыла праз пратаколы Аб’яднаная грамадзянская партыя. Іх сямёра. Партыя левых «Справядлівы сьвет» пратакольным шляхам вылучыла 5 кандыдатаў, БНФ — аднаго.

Апрача таго, усе «левыя» зарэгістравалі свае ініцыятыўныя групы дзеля збору подпісаў. Найбольш актыўна зьбіраюць подпісы партыйныя актывісты ў Сьветлагорску — за Сяргея Дайнеку і ў Жлобіне — за Валера Рыбчанку. Яны ня толькі ходзяць «ад дзьвярэй да дзьвярэй», але й выстаўляюць амаль кожны дзень свае пікеты.

«Адзін зь міліцыянтаў нават падпісаўся»

Валер Рыбчанка

Валер Рыбчанка

Рыбчанка: «Галоўнае, што мы стаім, зь людзьмі размаўляем. Мы ведаем месцы для пікетаў — гэта далёка ад прыпынкаў і ад выканкаму. Міліцыянты падыходзяць, але не чапаюць. Адзін нават падпісаўся».

Вылучэнец у кандыдаты «Справядлівага сьвету» з Калінкавічаў Віктар Назаранка кажа, што ў іхняй акрузе сярод выбарцаў існуе вялікая апатыя. Мясцовы люд у парлямэнце дзьве кадэнцыі прадстаўляла былая намесьніца старшыні Гомельскага аблвыканкаму Раіса Ціханская. Нейкай заўважнай пазыцыі ў заканадаўчым органе за восем мінулых гадоў яна ня выявіла. Зараз у акрузе ўлады спрабуюць вылучыць кандыдатам у дэпутаты пэнсіянэра, дзейнага начальніка Гомельскага аддзяленьня беларускай чыгункі. І гэта не дадае выбарцам актыўнасьці.

Ва ўчастковых камісіях на Гомельшчыне пераважаюць прадстаўнікі ГА «Белая Русь», БРСМ, а таксама — жаночых арганізацый, вэтэранскіх, Чырвонага Крыжа.

Назаранка: «Людзі абыякавыя да выбараў. Маўляў, гэта нічога ня зьменіць — такія ў асноўным размовы. Многія кажуць адкрыта: вы што, ня ведаеце выніку? Вам не паведамілі яшчэ, што выбары ўжо адбыліся?Усе ўжо ведаюць вынікі — ніхто з вас у парлямэнт ня трапіць».

«Справядлівы сьвет» вылучыў у рэгіёне 65 сваіх чальцоў ва ўчастковыя камісіі, АГП — 68, БНФ — усяго толькі 5 сваіх сяброў.

У Сьветлагорску ніхто з дэмакратычных прадстаўнікоў у склад участковых камісіяў не ўвайшоў. На сумесным паседжаньні райвыканкаму й прэзыдыюму райсавету, дзе фармаваліся першасныя камісіі, 6 жніўня прысутнічала сябра АГП Тацяна Наскова:

«Стварылася такое ўражаньне, што палітычная кампанія „Парлямэнцкія выбары“ ў Сьветлагорску не давярае палітычным партыям. Ад „Справядлівага сьвету“ ў камісіі вылучылі 16 прадстаўнікоў, ад АГП — адну мяне, ад БНФ таксама быў адзін. І 28 чалавек — ад КПБ. А прайшлі ў камісіі — толькі 3 чалавекі ад Камуністычнай партыі. І была рэмарка прадстаўніка выканкаму, што ў камісіях павінны быць людзі з добрай рэпутацыяй, досьведам працы, неканфліктныя, спакойныя. Патрэбны камісіі для стварэньня, а не для разбурэньня. Ад грамадзкіх арганізацый у камісіях — „Белая Русь“, БРСМ, Саюз жанчын, вэтэранская арганізацыя й прадстаўнікі Чырвонага крыжа».

ВІЦЕБШЧЫНА

На Віцебшчыне старшыня Гарадоцкай раённай суполкі партыі БНФ Леанід Аўтухоў, які зьбірае подпісы за сваё вылучэньне кандыдатам па Віцебскай-Сельскай акрузе № 21, зьвярнуўся ў Вярхоўны суд. Яго не задаволіў адказ старшыні Цэнтравыбаркаму Лідзіі Ярмошынай на просьбу, каб акруговая выбарчая камісія паказала яму сьпісы ініцыятыўнай групы дырэктара кадэцкай вучэльні Ўладзіміра Шыцько.

Леанід Аўтухоў паведаміў «Свабодзе», што яму стала дакладна вядома пра парушэньні з боку праўладнага вылучэнца на кандыдата Ўладзімера Шыцько.

Мне начальнік загадаў: «Усе зьбіраць подпісы! Мы й пайшлі...»

Леанід Аўтухоў

Леанід Аўтухоў

«Подпісы за яго ў той самай акрузе зьбіраюць пабочныя асобы: зьбіраюць старасты вёсак, кіраўнікі дзяржустановаў. Прыходзіць дзяўчына, кажа: «Што я зраблю! Мне начальнік сказаў: „Пайшлі вон! Усе зьбіраць подпісы!“ Мы і пайшлі... Зь вёсак тэлефануюць, кажуць, што зьбіраюць старасты. А хто яны такія і чаму зьбіраюць, нікому не тлумачаць!»

Актывіст з Гарадку вырашыў, што ў такіх выпадках дапамагла б інфармацыя пра асабовы склад ініцыятыўнай групы Ўладзімера Шыцько:

«Я пайшоў у камісію, каб мне далі пазнаёміцца са складам яго ініцыятыўнай групы. А мне кажуць, што гэта таямніца, якая закранае асабістае жыцьцё чалавека. Якое асабістае жыцьцё? У нашай Канстытуцыі і ў выбарчым кодэксе сказана, што выбары праводзяцца адкрыта і галосна! Так што ўсё!»

Чаму спадар Аўтухоў піша цяпер скаргі?

Спадар Аўтухоў напісаў скаргу ў акруговую камісію і ў ЦВК, адкуль атрымаў адказ, што сьпісы ініцыятыўных груп пабочным асобам не дэманструюцца і што выбарцы могуць самі запатрабаваць пасьведчаньне чальца групы, калі маюць нейкія сумневы. Гэткі адказ Леаніда Аўтухова не задаволіў. А што да акруговай камісіі, то актывісту давялося скардзіцца туды яшчэ раз. Бо ён папрасіў паказаць яму пратаколы пасяджэньняў, каб даведацца, як праводзілася абмеркаваньне ягонай папярэдняй скаргі, але пратаколаў яму таксама не паказалі. Было заяўлена, што яны вісяць на стэндзе ў Віцебскім райвыканкаме ды на інтэрнэт-сайце гэтай установы. Аднак там можна ўбачыць толькі два рашэньні: пра склад акруговай камісіі і пра рэгістрацыю ініцыятыўных груп.

Канстанцін Анташкевіч: «Ужо сёньня здаём подпісы, 1 200 набралі й спраўдзілі»

У камісіі Аршанскай выбарчай акругі № 26 актывіст кампаніі «Гавары праўду» Канстанцін Анташкевіч ня змог зь першага разу атрымаць блянкі дакумэнтаў для рэгістрацыі ў якасьці кандыдата. Яму параілі «прыйсьці бліжэй да 13 жніўня». Аднак пасьля заўвагі, што гэта незаконна, бо вылучэньне кандыдатаў пачалося яшчэ 15-га ліпеня, дакумэнты хутка падрыхтавалі, кажа спадар Анташкевіч:

«У пятніцу самі патэлефанавалі і запрасілі: маўляў, прыходзьце, усё гатова. Ужо здаём подпісы. 1 200 набралі, спраўдзілі, і ўжо сёньня здаём».

Канстанцін Анташкевіч першым на Віцебшчыне падаў дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы і цяпер першым здае сабраныя подпісы.

Пікет у Барысаве і суд пасьля яго

Сёньня судзьдзя Барысаўскага раённага суду Ірына Пасюк не змагла прыняць рашэньне па адміністрацыйнай справе супраць прэтэндэнта на кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, намесьніка старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Льва Марголіна і сябра ягонай ініцыятыўнай групы Міхаіла Васільева. Падрабязнасьці высьвятляў рэгіянальны карэспандэнт «Свабоды».

У папярэднюю суботу ў Барысаве на ажыўленай пляцоўцы ля ўнівэрмагу «Вясна» ініцыятыўная група Льва Марголіна арганізавала вулічны пікет у яго падтрымку.

Па словах самога прэтэндэнта, тут на відным месцы быў вывешаны надпіс «За справядлівыя выбары без Лукашэнкі». Аднак не прайшло і гадзіны, як зьявіўся нарад міліцыі і пікетчыкам было загадана згарнуць агітацыйныя матэрыялы й крочыць да будынка Барысаўскага РАУС.

На пратэсты дазволаў няма

Леў Марголін тлумачыць:

Леў Марголін

Леў Марголін

«На думку праваахоўных органаў, каля я згодны з уладай, то я магу рабіць пікеты ў парадку, які прадугледжаны выбарчым заканадаўствам. А калі я — супраць улады, то ў такім разе трэба загадзя падаваць заяўку і праводзіць пікет у парадку, які прадугледжвае закон аб масавых мерапрыемствах. Гэта, на мой погляд, нонсэнс. Бо, паводле іхняй лёгікі, у Палату прадстаўнікоў можна абіраць толькі тых, хто падтрымлівае ўладу. А калі мая перадвыбарная праграма ўяўляе сабой нейкі пратэст, то я ўжо не магу трапіць у гэтую „палатку“ нават фармальна, бо мне не дадуць нават правесьці збор подпісаў...»

Таксама сёньня Леў Марголін яшчэ раз пацьвердзіў намеры вылучэнцаў Аб’яднанай грамадзянскай партыі дзейнічаць у кампаніі «Выбары 2012 году» паводле адзінай тактыкі:

«У нас няма мэты сабраць як мага больш подпісаў. Мы ня ходзім па кватэрах. Мы зьбіраліся ладзіць пікеты, каб як мага больш даведаліся пра нашу пазыцыю, пра тое, што ў Беларусі выбараў няма. Нашы дзеяньні цяпер цалкам падпарадкаваныя найлепшаму інфармаваньню выбарцаў.

«Наша галоўная задача была — выкрыць рэальныя намеры ўлады»

Леў Марголін перакананы, што перашкоды ў працы пікету, міліцэйскія затрыманьні ў Барысаве і далейшы суд — гэта не паразы, а перамогі на сёньня, хоць і невялікія:

«Наша галоўная задача была — выкрыць рэальныя намеры ўлады. Ці яны зьбіраюцца насамрэч праводзіць выбары, альбо гэта нейкі спэктакль? Я думаю, што нам удалося пераканаць людзей у апошнім. Па-першае, жыхары Барысава адрэагавалі адэкватна: задавалі пытаньне: „А вы не баіцеся?“ Іх, як той казаў, зачапіла фраза „За сумленныя выбары без Лукашэнкі“. Людзей не хвалюе, ёсьць выбары ці няма — яны яе зьвязваюць зь нейкай небясьпекай, якая можа напаткаць нас...»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG