Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Участковыя выбарчыя камісіі сфармуюць за тры дні


Скончыўся яшчэ адзін этап кампаніі па абраньні дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў пятага скліканьня — вылучэньне кандыдатаў у склад участковых выбарчых камісіяў. Мінулая нядзеля, 5 жніўня, была апошнім днём для такога вылучэньня. А ўжо 8 жніўня стане вядома, хто трапіў у камісіі, а каму адмоўлена.

Сёлета ўчастковых камісіяў — 6301. А вылучана прадстаўнікоў у іх 84 781, то бок у сярэднім па 13 чалавек. Чатыры гады таму конкурс быў меншы — па 11 чалавек на камісію.

Сакратар Цэнтарвыбаркаму Мікалай Лазавік, які назваў «Свабодзе» гэтыя лічбы, лічыць, што прырост адбыўся найперш за кошт палітычных партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў:

Мікалай Лазавік
Мікалай Лазавік
«Калі на выбарах-2008 яны вылучылі дзесьці каля 15% ад агульнай колькасьці вылучаных, то цяпер гэтая лічба складае 43%. Сярод партыяў трэба адзначыць найбольшую актыўнасьць аграрнай, „Справядлівага сьвету“, сацыяльна-спартыўнай, КПБ, АГП, БНФ... Сярод грамадзкіх аб’яднаньняў традыцыйна вялікую актыўнасьць выявілі „Белая Русь“, БРСМ, Саюз жанчын...

Магу канстатаваць, што крытыка на адрас палітычных партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў, якая чулася апошнім часам, падзейнічала».

Дэмакратычныя сілы каардынуюць свае намаганьні ў рамках агульнай грамадзянскай кампаніі «За справядлівыя выбары». Яе нацыянальны каардынатар Віктар Карняенка кажа, што дакладныя лічбы наконт вылучэньня кандыдатаў ва ўчастковыя камісіі стануць вядомыя заўтра. А задача такая — вылучыць ня менш як адну тысячу чалавек у гэтыя камісіі і ня менш як дзьве тысячы — у назіральнікі.

Спадар Карняенка тлумачыць, чаму патэнцыйных сябраў участковых камісіяў рыхтуюць меней, чым магчымых назіральнікаў:

Віктар Карняенка
Віктар Карняенка
«Мы ж тут зьвяртаем увагу, калі можна так сказаць, на чалавечы фактар. Шукаем такіх людзей, якім камісіям цяжэй адмовіць у рэгістрацыі. Таму ва ўчастковыя камісіі,, як правіла, вылучаем людзей з досьведам, з уласным імем у палітыцы і грамадзкай дзейнасьці. Да назіральнікаў жа патрабаваньні крыху меншыя».

Паводле папярэдніх дадзеных, найбольшую колькасьць прэтэндэнтаў ва ўчастковыя выбарчыя камісіі ў рамках кампаніі «За справядлівыя выбары» вылучыла партыя «Справядлівы сьвет» — 238. Намесьнік старшыні партыі Валеры Ўхналёў адзначае, што гэтых людзей рыхтавалі загадзя:

«Калі іх усё-ткі ўключаць у склад участковых выбарчых камісіяў, то яны, без сумневу, здолеюць там працаваць, адстойваць нашу пазыцыю, адстойваць нормы і правілы выбарчага заканадаўства».

На выбарах 2008 году ва ўчастковыя камісіі дэмакратычныя сілы агулам вылучалі 1073 чалавекі, зь якіх уключылі ў камісіі 180. Як будзе сёлета, стане вядома пасьля 8 жніўня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG