Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэдалёвы плян пад пагрозай зрыву


Алег Юрэня трапіў у фінал акадэмічнага веславаньня і пазмагаецца за мэдаль

Алег Юрэня трапіў у фінал акадэмічнага веславаньня і пазмагаецца за мэдаль

Менш як за тыдзень да канца Алімпійскіх гульняў у Лёндане ў зборнай Беларусі па-ранейшаму сьціплы мэдалёвы запас, які пакідае сумнеў, што плян, агучаны прэзыдэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэту Аляксандрам Лукашэнкам, будзе выкананы.

Пры спушчаных зьверху ўказаньнях наконт 25 алімпійскіх мэдалёў пакуль у скарбонцы беларусаў 7 узнагародаў. На думку экспэртаў, у лепшым выпадку паказьнік давядуць да паўтара дзясятка, але ня выключана, што давядзецца задавольвацца і куды меншай колькасьцю.

На папярэдняй Алімпіядзе ў Пэкіне ў актыве каманды Беларусі было 19 мэдалёў. Перад Лёнданам спартовыя чыноўнікі вырашылі істотна падвысіць плянку, загадаўшы спартоўцам змагацца ўжо за 25 узнагародаў — прычым 5 зь іх павінны быць залатымі. Пакуль мэдалі найвышэйшай вартасьці — на рахунку стралка Сяргея Мартынава і тэнісістаў Вікторыі Азаранкі і Максіма Мірнага, якія першынствавалі ў міксьце. Ня спраўдзілі чаканьняў вясьлярка Кацярына Карстэн і штангістка Настасься Новікава, якім функцыянэры разьмеркавалі вышэйшыя ўзнагароды загадзя. Крыху не пашчасьціла плыўчысе Аляксандры Герасімені, у якой два срэбры — сама яна сказала, што лепш бы адно золата.

Тым часам рэальныя шанцы папоўніць лік залатых мэдалістаў мае штурхальніца ядра Надзея Астапчук, якая з найлепшым вынікам першынствавала ў кваліфікацыі. Славуты кідальнік дыска, алімпійскі прызэр Васіль Капцюх спадзяецца, што традыцыйна моцныя штурхальныя дысцыпліны ўсё ж палепшаць мэдалёвую статыстыку зборнай. Праўда, калі ў Пэкіне кідальнікі здабылі 6 узнагародаў, то цяпер без дыскваліфікаванага Івана Ціхана і траўмаванага Вадзіма Дзевятоўскага пра амаль гарантаваныя ўзнагароды марыць ужо не выпадае:

«Ёсьць у нас новая хваля, таму — ня ведаю, хочацца верыць у лепшае. У тым
Вельмі крыўдна, як абышліся з Ванем Ціханам. Сытуацыя проста жалю вартая, бязь сьлёз пра гэта немагчыма гаварыць ...

жа кап’і спадзяюся на добры вынік. Надзя Астапчук мае выдатны шанец, тая ж Наташа Міхневіч зачапілася за фінал, думаю, усё атрымаецца. Як той казаў, сьвятое месца пустым не бывае. Ёсьць традыцыі, і ёсьць маладым куды імкнуцца. Увогуле, з аптымізмам настроены. Адзінае — вельмі крыўдна, як абышліся з Ванем Ціханам. Сытуацыя проста жалю вартая, бязь сьлёз пра гэта немагчыма гаварыць. Як такое маглі ўчыніць? Ці, можа, адпомсьцілі за ягонае змаганьне за адабраны пасьля Пэкіну мэдаль? Раскапалі нейкую гісторыю яшчэ з 2004 году...

Я перакананы: усе, хто займаецца вялікім спортам, працуюць у межах правілаў. Ёсьць пэўныя правілы, на якія атлеты арыентуюцца. А хто старое памяне — таму вока вон. І як хапіла розуму лезьці ў мінулае? Таму цёмная нейкая справа, пахне непрыгожа. Нельга так абыходзіцца са спартоўцамі такога ўзроўню».

Былы спартовы тэлекамэнтатар Уладзімер Даўжэнка перакананы, што ў беларусаў мала шанцаў паўтарыць папярэдні алімпійскі подзьвіг, заваяваўшы амаль два дзясяткі ўзнагародаў. У адсутнасьць шэрагу траўмаваных і дыскваліфікаваных атлетаў добра, калі ўдасца здабыць хоць палову ад пляну:

Уладзімер Даўжэнка

Уладзімер Даўжэнка

«Асабіста я схіляюся да думкі, што пры найлепшым раскладзе будзе 15 мэдалёў — плюс-мінус адзін ці два. Ужо цяпер відавочна, што заваяваць 25 абсалютна нерэальна. Практычна няма каму ўжо стрэліць, хоць, вядома, хацелася б, каб нешта было. Але нават у гэтым разрэзе як неразумна дзейнічаюць нашы кіраўнікі! Плян быў даведзены пры „жывых“, пры самых моцных алімпійцах. І нават калі дзясятак патэнцыйных прызэраў адваліўся, усё роўна пакінулі 25. Хоць бы перагледзелі з улікам абставінаў.

Заічкоў нешта спрабаваў гаварыць пра 20 мэдалёў, але наўрад ці гэта было санкцыянавана кімсьці з вышэйпастаўленых кіраўнікоў алімпійскай каманды. Хутчэй за ўсё, ляпнуў ад сябе. Тозік на гэты конт таксама асабліва не выказваўся, сказаў толькі, каб ня лаяліся на спартоўцаў. А ў сувязі з тым, што не дапусьцілі нашага прэзыдэнта на Алімпіяду, дык увогуле будзе сядзець ніжэй травы. Таму што зганьбіліся, вядома, па гэтай лініі са страшнай сілай».

Афіцыйныя кіраўнікі беларускай дэлегацыі ўсё яшчэ спадзяюцца вярнуць узнагароды, «скрадзеныя», на іх погляд, у беларусаў. У прыватнасьці, былі пададзеныя апэляцыі на перадузятае судзейства ў дачыненьні да цяжкаатлеткі Настасьсі Новікавай і баксэра Сяргея Карнеева, але абедзьве скаргі адхілілі.

Гэтаксама былі прэтэнзіі да судзьдзяў і падчас двубою дужаньніка ў грэка-рымскім стылі Аляксандра Кікінёва з азэрбайджанцам Эмінам Ахмедавым. Беларускі бок лічыць, што ў Кікінёва з дапамогай рэфэры фактычна забралі бронзавы мэдаль. Намагаюцца афіцыйныя асобы аспрэчыць і дыскваліфікацыю Івана Ціхана, але адмыслоўцы лічаць такія спробы амаль безнадзейнымі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG