Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пратэст у Нью-Ёрку ў 1989: амэрыканская паралель з Pussy Riot


Пратэстоўцы ў саборы Сьвятога Патрыка. 10 сьнежня 1989 году

Пратэстоўцы ў саборы Сьвятога Патрыка. 10 сьнежня 1989 году

Амаль чвэрць стагодзьдзя перад тым, як удзельніцы расейскага панк-гурту Pussy Riot зладзілі свой скандальны пратэст у храме Хрыста Збаўцы ў Маскве, падобная ў некаторых адносінах дэманстрацыя мела месца ў Нью-Ёрку.

10 сьнежня 1989 году тысячы пратэстоўцаў — актывістаў руху сэксуальных меншасьцяў — сабраліся перад саборам Сьвятога Патрыка ў Нью-Ёрку, найбольш вядомай сьвятыняй Рыма-каталіцкай царквы ў ЗША.

Пратэст Pussy Riot у Маскве меў рысы мастацкай правакацыі — яго ўдзельніцы зьвярталіся да Багародзіцы з заклікам «прагнаць» Пуціна з Расеі. Удзельнікі дэманстрацыі перад саборам Сьвятога Патрыка ў Нью-Ёрку пратэставалі супраць пазыцыі Рыма-каталіцкай царквы адносна СНІДу і абортаў.

Перад саборам панавала атмасфэра карнавалу, некаторыя з пратэстоўцаў былі пераадзетыя клоўнамі і каталіцкімі біскупамі. Але мэсыдж пратэсту быў абсалютна сур’ёзны: у час, калі ад СНІДу ў ЗША памерлі ўжо больш чым 40 тысяч чалавек, супраціў Рыма-каталіцкай царквы адносна ўжываньня прэзэрватываў і адносна адукацыі ў пытаньнях СНІДу ў школах пагражаў далейшым пашырэньнем інфэкцыі сярод тысячаў несьвядомых небясьпекі людзей.



Кінэматаграфіст Джым Габард, актывіст руху сэксуальных меншасьцяў Act Up, які арганізаваў гэты пратэст, сказаў нашаму радыё:

«Тады быў надзвычай халодны дзень. Але нягледзячы на холад перад будынкам сабора сабраліся 7 тысяч чалавек, якія пратэставалі супраць палітыкі царквы. Так што гэта быў адначасова вельмі цікавы дзень, калі было адчуваньне сапраўднай важнасьці моманту, калі мы імкнуліся зьмяніць палітычны падыход да эпідэміі СНІДу ў Нью-Ёрку».

Я маю надзею, што наш колішні гнеўны пратэст можа паслужыць урокам і для расейцаў

Арцыбіскуп Рыма-каталіцкай царквы, кардынал Джон О’Конар, наймагутнейшая афіцыйная асоба Рыма-каталіцкай царквы ў ЗША ў тым часе, разьятрыў актывістаў з фэміністычнага руху і руху ў абарону правоў сэксуальных меншасьцяў, асуджаючы ўжываньне прэзэрватываў і атакуючы легалізаваную практыку абортаў.

Пратэст пачаўся, калі арцыбіскуп О’Конар служыў у саборы Сьвятога Патрыка нядзельную імшу. Сярод прысутных на імшы быў тагачасны мэр Нью-Ёрку Эдвард Кач. У саборы было таксама шмат праваахоўнікаў, якія былі папярэджаныя аб дэманстрацыі.

У нейкі момант сярод вернікаў узьняўся Майкл Пэтрэліс з руху Act Up, які ўзьлез на касьцельную лаўку і пачаў крычаць у бок арцыбіскупа О’Конара, паўтараючы фразу «перастаньце нас забіваць».

Майкл Пэтрэліс сказаў нашаму радыё:

«Прычына, чаму я крычаў „перастаньце нас забіваць“ была ў тым, што Рыма-каталіцкая царква мела вялізны ўплыў на грамадзкую думку адносна прафіляктыкі СНІДу і таму што яна забараняла распаўсюджваньне прэзэрватываў. Усё болей людзей падхоплівалі ВІЧ-інфэкцыю, захворвалі СНІДам і паміралі».

Паліцыя, якая была на месцы, зрэагавала вельмі хутка, затрымліваючы самых актыўных дэманстрантаў і выносячы на насілках тых, якія паклаліся на падлогу ў сьвятыні.

Агулам паліцыя затрымала 111 дэманстрантаў унутры сабору Сьвятога Патрыка і перад ім. Усім затрыманым былі выстаўленыя нязначныя абвінавачаньні, іх пакаралі грамадзкай працай і звольнілі. Некаторых потым судзілі за спробы ўхіліцца ад грамадзкай працы, але ніхто так і не апынуўся ў турме.

Пэтрэліс праз наша радыё даў наступную параду удзельніцам пратэсту Pussy Riot:

«Я маю надзею, што наш колішні гнеўны пратэст можа паслужыць урокам і для расейцаў. Усім тым расейцам, якія могуць апынуцца ў падобнай сытуацыі, я хачу сказаць: Знаходзьце сяброў. Знаходзьце прыхільнікаў. Яны ёсьць. Ёсьць людзі, якія вас падтрымаюць. Варта змагацца за дэмакратычныя прынцыпы і выступаць супраць рэлігійных лідэраў. Вы можаце дасягнуць зьменаў сваёй салідарнасьцю».

Пратэст у Нью-Ёрку ў саборы Сьвятога Патрыка годзе даў свае станоўчыя вынікі. У пачатку 1990-х амэрыканскі ўрад запэўніў ВІЧ-інфікаваным юрыдычную ахову ад дыскрымінацыі, стварыў бюро ў пытаньнях палітыкі адносна СНІДу і накіраваў мільёны даляраў на досьледы хваробы і пошукі лякарства ад яе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG