Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карл Більт: Эрыксан працягне працаваць для дэмакратыі ў Беларусі


Стэфан Эрыксан

Стэфан Эрыксан

У адказ на высылку зь Менску амбасадара Стэфана Эрыксана Швэцыя высылае двух беларускіх дыпляматаў і адмаўляецца прымаць новага беларускага амбасадара.

Прадстаўнік МЗС Швэцыі Андэрс Ёрле (Anders Jörle) зазначыў Радыё Свабода, што пасьля высылкі афіцыйным Менскам амбасадара Стэфана Эрыксана беларускай амбасадзе ў Стакгольме паведамілі наступнае:

«Мы ня прымем новага амбасадара Беларусі ў Швэцыі, і мы таксама вышлем двух беларускіх дыпляматаў. Яны былі паінфармаваныя пра гэтае рашэньне яшчэ ў пятніцу».

Паводле спадара Ёрле, тэрміновай высылкі беларускіх дыпляматаў ня будзе, яны маюць дастаткова часу для выкананьня ўсіх патрэбных працэдур. У самой беларускай амбасадзе ад камэнтароў з гэтай нагоды адмаўляюцца.

Паводле спадара Ёрле, пытаньне аб прызначэньні новага амбасадара Швэцыі ў Беларусі на парадку дня не стаіць:

«Мы павінны разгледзець, як далей разьвіваць адносіны. Апрача таго, як вядома, пасьля прызначэньня амбасадара трэба дачакацца згоды краіны, у якую ён пасылаецца. Такім чынам, гэта доўгі працэс».

Беларускі МЗС з нагоды фармальнага пазбаўленьня амбасадара Стэфана Эрыксана дыпляматычнай акрэдытацыі ў Беларусі заявіў, што дыплямат, працуючы ў Менску 7 гадоў, не ўмацоўваў, а «разбураў беларуска-швэдзкія адносіны».

Міністар замежных спраў Швэцыі Карл Більт, які назваў высылку спадара Эрыксана сур’ёзным парушэньнем нормаў міждзяржаўных дачыненьняў, заявіў з гэтай нагоды:

Карл Більт

Карл Більт

«Амбасадар Эрыксан працягне працу зь яшчэ больш выразнай арыентацыяй у кірунку дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі. Мы таксама, кансультуючыся зь іншымі краінамі Эўразьвязу, разгледзім шляхі далейшага ўмацаваньня гэтых намаганьняў».

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька быў у сяброўскіх дачыненьнях з амбасадарам Эрыксанам. Ён вельмі зьдзіўлены заявамі МЗС Беларусі пра ягоную нібыта разбуральную дзейнасьць і абвінавачваньнямі БТ, што Эрыксан нібыта рыхтаваў беларускіх экстрэмістаў:

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

«Можна проста зьнешне паглядзець на Стэфана, на ягоную адкрытую ўсьмешку, і зразумець, што чалавек з такой усьмешкай, з такім тварам у прынцыпе ня можа займацца падрыхтоўкай нейкіх баевікоў. А калі зь ім яшчэ паразмаўляць паўгадзінкі, то адкрываецца вельмі інтэлігентны чалавек, які за гэтыя 7 гадоў вельмі палюбіў гэтую краіну — так, як ня здольная пераважная большасьць беларускіх чыноўнікаў».

Анатоль Лябедзька прыгадаў: амбасадар Эрыксан, які вольна гаворыць па-беларуску і шчыра падтрымліваў беларускую культуру, перакананы, што народ Беларусі варты лепшага.

«Таму я думаю, што колькі б бруду беларуская прапаганда ні кідала ў Стэфана, ён да яго абсалютна не прыліпне. Проста гэта фізычна немагчыма».

Анатоль Лябедзька мяркуе, што разам з высылкай Эрыксана беларускія ўлады пачалі «зачыстку» Менску ад эўрапейскіх дыпляматаў, якія ім недаспадобы.

Палітоляг Андрэй Фёдараў таксама зазначае, што Эрыксан на пасадзе амбасадара імкнуўся спрыяць дэмакратызацыі Беларусі, паводзіў сябе актыўна, меў добрыя адносіны з дэмакратычнай грамадзкасьцю. Гэта, відаць, і стала прычынай ягонай высылкі:

Андрэй Фёдараў

Андрэй Фёдараў

«Таму гэта для Беларусі вялікая страта. Спадзяюся толькі, што не назаўсёды».

Беларускія ўлады ня першы раз высылаюць заходніх амбасадараў. У 2008 годзе яны прымусілі выехаць з краіны амбасадарку ЗША Кэрын Ст’юарт і большую частку амэрыканскага дыпляматычнага корпусу. З таго часу ўзровень дыпляматычных адносін паміж Менскам і Вашынгтонам не аднавіўся.
XS
SM
MD
LG