Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Воўчак скардзіўся на нялюдзкія ўмовы на Акрэсьціна. Суд праігнараваў


Суд Маскоўскага раёну Менску адмовіўся заводзіць справу на скаргу праваабаронцы Алега Воўчака пра нялюдзкія ўмовы ўтрыманьня вязьняў у турме на вуліцы Акрэсьціна.

Судзьдзя Гусакова пастанавіла, што такая справа не падпадае пад юрысдыкцыю суду. Пры гэтым судзьдзя спаслалася на Правілы ўнутранага распарадку спэцыяльных установаў органаў унутраных спраў.

Воўчак расцэньвае такую пазыцыю суду як фактычную адмову дзяржавы ў правасудзьдзі і прадстаўленьні дзейсных сродкаў прававой абароны.

Воўчак накіраваў скаргу на вызначэньне суду Маскоўскага раёну ў Менскі гарадзкі суд.

«Выпадак Алега Воўчака паказвае сур’ёзную праблему ў абароне правоў чалавека на нацыянальным узроўні. Скарга, пададзеная ў пракуратуру — орган, які наглядае за выкананьнем заканадаўства, — не разглядаецца па сутнасьці, а перасылаецца ў ГУУС Менгарвыканкаму, адкуль прыходзіць нематываваны адказ пра тое, што робяцца ўсе захады ў межах наяўных рэсурсаў. Скарга, пададзеная ў суд, таксама застаецца без разгляду. Вось і складаецца сытуацыя, што паводле Канстытуцыі кожнаму гарантуецца абарона яго правоў і свабодаў кампэтэнтным, незалежным і аб’ектыўным судом, а на справе чалавек цалкам пазбаўлены гэтага права», — пракамэнтаваў сытуацыю рэсурсу «Праваабаронцы супраць катаваньняў» праваабаронца Сяргей Усьцінаў.

10 ліпеня Алег Воўчак падаў скаргу ў суд Маскоўскага раёну гораду Менску на неправамерныя дзеяньні (бязьдзейнасьць) дзяржаўнага органу, які парушыў ягонае права не зазнаваць катаваньняў, жорсткага, бесчалавечнага або зьневажальнага абыходжаньня або пакараньня.

Сярод іншага Воўчак прасіў суд зачыніць Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсьціна, каб прывесьці ўмовы ўтрыманьня вязьняў у адпаведнасьць хоць бы зь мінімальнымі стандартамі ААН у сфэры правілаў абыходжаньня са зьняволенымі.
XS
SM
MD
LG